Навучэнцы з Беларусі перамаглі на XIV Усерасійскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў

- 11:14Образование

Каманда «Юныя геолагі Рэспублікі Беларусь» заняла 2 месца ў міжнародным заліку на XIV Усерасійскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў, якая праходзіла з 27 ліпеня па 7 жніўня 2023 года ў Татарстане, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

311 удзельнікаў, навучэнцаў 8—11-х класаў, і 80 кіраўнікоў каманд (больш за 40 каманд) з Расіі і іншых краін СНД, у тым ліку Кыргызстана, Казахстана і Узбекістана сабраліся на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Сонечны» Альмецьеўска.

У складзе беларускай каманды былі навучэнцы сталічнай гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Паліна Вільчак, Ганна Вайцяховіч, Данііл Гінько, Багдан Канстанцінаў, Міхаіл Гаспадарык, Арсеній Лазарэвіч, Софія Тазіева і Марыя Загарэўская.

У навучэнцаў у апошнія гады ўжо былі перамогі на беларускай алімпіядзе юных геолагаў, VI Казахстанскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў, на VIII Рэспубліканскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў у Татарстане.

Кіраўнікамі каманды выступілі дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ, старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі ўніверсітэта Уладзімір Махнач і дырэктар гімназіі № 5 Жанна Гвозд.

Алімпіяда ўключала ў сябе 11 шматпрофільных геалагічных спаборніцтваў, якія праходзілі ў палявых умовах. Вучням неабходна было прадэманстраваць свае веды ў пабудове геалагічнага разрэзу, палеанталогіі, мінералогіі і петраграфіі, гідралогіі, геалагічным маршруце, радыёметрыі, шліхавым апрабаванні, у кірунку нафты і газу, асновах тэхнікі бяспекі, арганізацыі палявой стаянкі, апісанні геалагічнага помніка.

Школьнікі таксама прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі і творчых конкурсах: выстава «Геалогія і мы», «Фатаграфія», «Малюнак» і «Выраб з каменя».

Гімназісты Ганна Вайцяховіч, Багдан Канстанцінаў і Софія Тазіева па выніках спаборніцтваў увайшлі ў топ-20 лепшых алімпіяднікаў. Так, Багдан і Ганна занялі першае месца ў спаборніцтвах «Гідралогія». Падчас выпрабавання яны давалі характарыстыку мясцовай ракі Кічуй, вымяралі хуткасць патоку, расход вады. Софія і Ганна атрымалі другое прызавое месца ў конкурсе «Апісанне геалагічнага помніка», у якім прадстаўлялі апісанне помніка свайго рэгіёна — агалення «Заслаўе». На чацвёртым прызавым месцы ў спаборніцтвах «Геалагічны маршрут» зноў апынуліся Софія і Багдан, а таксама Данііл Гінько. Вучні арыентаваліся на мясцовасці, з дапамогай компаса знаходзілі пяць пунктаў назіранняў, выносілі іх на тапаграфічную карту, збіралі ўзоры горных парод, мінералаў і акамянеласцей. І, нарэшце, пятае прызавое месца ў конкурсе па асновах тэхнікі бяспекі было ў Софіі Тазіевай, Паліны Вільчак і Марыі Загарэўскай. Дзяўчынкі адказвалі на пытанні тэста, дэманстравалі навыкі аказання аператыўнай даўрачэбнай дапамогі «пацярпеламу».

На навуковай канферэнцыі гімназісты атрымалі 3 месца з праектам «Беларускія Мальдзівы»: міфы і рэальнасць». Паспяховым было выступленне каманды ў творчых спаборніцтвах. 

Усерасійская адкрытая палявая алімпіяда праводзіцца адзін раз на два гады. Беларусь прымае ў ёй удзел чацвёрты раз. І вынік заўсёды паспяховы. Нашы школьнікі атрымліваюць сярэбраныя і бронзавыя медалі.

У міжнародным заліку сёлета першае месца на алімпіядзе заваявалі прадстаўнікі Расіі, на трэцім месцы апынулася зборная Узбекістана.

***

Дарэчы, сёлета ўпершыню ў спаборніцтвах паспяхова прыняла ўдзел другая беларуская каманда «Агат» са Светлагорска, у якую ўвайшлі навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Ювента». Такое права камандзе з Беларусі было прадастаўлена згодна з правіламі алімпіяды, паколькі ў мінулым годзе каманда гімназіі № 5 Мінска была ў ліку прызёраў спаборніцтваў. Удзельнікаў суправаджала педагог дадатковай адукацыі Зінаіда Давідоўская, якая больш за 30 гадоў займаецца падрыхтоўкай юных аматараў геалогіі, кіруе геалагічным музеем у цэнтры творчасці. Яе выпускнікі працуюць на вядучых прадпрыемствах краіны і замежжа, звязаных з геалогіяй. Дапамагае педагогу загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці «Ювенты»  Вольга Яўсеева.  

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі