Алена Несцяровіч: «У 5 сельскіх школах Клічаўскага раёна з верасня будуць уведзены новыя прынцыпы харчавання»

- 17:33Планерка

Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да 1 верасня, пераход школ на новыя прынцыпы харчавання, увядзенне другога элемента школьнай формы і іншыя актуальныя пытанні карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» абмеркавала з начальнікам аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Аленай Несцяровіч.

Рамонт, падвоз і бяспека  

Каля 165 першаклашак, маленькіх жыхароў Клічаўскага раёна, 1 верасня сядуць за парты, — паведаміла Алена Васільеўна. — Усяго ў нас будуць займацца 1411 школьнікаў і 400 дашкольнікаў. Да сустрэчы са сваімі вучнямі і выхаванцамі падрыхтаваліся ўсе 16 устаноў адукацыі Клічаўшчыны. Зроблены рамонт, закуплена неабходнае абсталяванне. На гэтыя мэты з раённага бюджэту затрачана 118,1 тыс. руб., у тым ліку 60 тыс. руб. выдзеліла галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Дапамагаюць мясцовы лясгас, жылкамгас, апякунскія саветы ўстаноў.

У рамонтных работах прынялі ўдзел 66 вучняў з пяці школ. За кошт сродкаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на ўмовах занятасці навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час было адрамантавана 34 камплекты сталоў, 69 камплектаў крэсел, пафарбаваны памяшканні на суму 20,4 тыс. руб.

Сёлета мы праводзілі толькі касметычныя рамонты, капітальныя былі некалькі гадоў назад у дзвюх школах раёна. Для заняткаў фізкультурай ва ўстановы адукацыі набыты баскетбольныя, футбольныя і валейбольныя мячы. На стадыёнах гарадской сярэдняй школы № 2 і Бацэвіцкай сярэдняй школы Клічаўскага раёна адрамантаваны бегавыя дарожкі.

Важнае пытанне падвоз дзяцей, які будуць ажыццяўляць 12 аўтобусаў, з улікам той адзінкі, якую сёлета для нас закупіла галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Увесь транспарт абсталяваны двухкамернымі відэарэгістратарамі, што дае гарантыю дарожнай бяспекі для школьнікаў.

Установы адукацыі забяспечаны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй з вывадам сігналу на пульт дыспетчарызацыі «Маланка» і відэаназіраннем. У планах устанавіць у кожнай гарадской установе адукацыі каля 6 дадатковых відэакамер.

Прайшла ў раёне і невялікая аптымізацыя. Дзве сельскія школы ліквідаваны, адна пачатковая атрымала статус дзіцячага сада. Такім чынам, на 1 верасня ў раёне будуць функцыянаваць 7 сярэдніх школ і 6 дзіцячых садоў. Чакаем прыбыцця 11 маладых спецыялістаў. Звычайна ў іх добрая замацавальнасць у раёне, складае 67 %.

Новыя прынцыпы харчавання і школьная форма

З верасня ў пяці сельскіх школах Клічаўскага раёна будуць уведзены новыя прынцыпы харчавання, — расказала мая суразмоўніца. — Гарадскія ўстановы адукацыі падключацца да гэтага працэсу ў 2024 годзе. Але часткова новыя стравы ўжо апрабаваны навучэнцамі. Зразумела, для іх гатавання выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі. Таму мы закупілі сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, у першую чаргу халадзільнае, кухонныя камбайны, міксеры. На гэта было выдаткавана больш за 4 тыс. руб.

Наступнае новаўвядзенне тычыцца другога элемента школьнай формы. Яшчэ летась мы прынялі рашэнне, што будзем пераходзіць на школьную форму ў аднолькавым стылі. У якасці асноўнага колеру выбралі сіні. У некалькіх установах увялі дадатковы элементкамізэльку чырвоную для дзяўчынак і сінюю для хлопчыкаў, якую можна дапоўніць блузкамі і пінжакамі. Ва ўсіх установах вучні носяць эмблемы з лагатыпамі ў выглядзе значкоў або шэўронаў. Бацькі былі рады ўвядзенню школьнай формы. Прызнаваліся, што ім вельмі прыемна глядзець на прыгожа і стыльна апранутых дзяцей.

Інжынерны клас і «Татава майстэрня»

У новым навучальным годзе разглядаем пытанне аб адкрыцці ў 1-й гарадской школе інжынернага класа, — гаворыць Алена Васільеўна. — Яго вучні будуць вывучаць на выбар фізіку, матэматыку, геаграфію, біялогію, хімію на павышаным узроўні і прымяняць свае веды на практыцы на ўроках працоўнага навучання. Дарэчы, у снежні 2022 года школа атрымала новы кабінет абслуговай і тэхнічнай працы.

Унікальны праект «Татава майстэрня» для хлопчыкаў дзейнічае ў сярэдняй школе № 2. Ён выйграў грант конкурсу «Вопыт лепшых «Белай Русі» — здабытак грамадства». 100 базавых велічынь былі патрачаны на неабходныя інструменты і матэрыялы для кабінета працоўнага навучання. Праектам зацікавіўся адзін з банкаў, гатовы аказаць падтрымку. У новым навучальным годзе, упэўнена, жадаючых навучацца ў «Татавай майстэрні» ў педагога з залатымі рукамі Юрыя Міхайлавіча Храпко будзе яшчэ больш.

На старшай ступені адукацыі мы ствараем профільныя класы. У раёне ў мінулым годзе працавалі 5 аграрных і 7 педагагічных класаў. Ёсць дзеці, якія не пайшлі вучыцца ў каледж пасля 9 класа, але па паспяховасці яны не могуць быць залічаны ў профільны клас. Для іх адкрываюцца групы з вывучэннем прадметаў на базавым узроўні з магчымасцю асвоіць прафесію. На базе цэнтра дадатковай адукацыі хлопчыкі могуць атрымаць правы вадзіцеля, а дзяўчынкі стаць візажыстамі. У планах навучанне цырульніцкаму майстэрству.

Сёлета мы выпусцілі 155 дзевяцікласнікаў, з іх 38 паступілі ў каледжы, выбраўшы сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Каля 10 % з іх мэтавікі. Выпусцілі і 68 адзінаццацікласнікаў, якія таксама вызначыліся з будучай прафесіяй, 70 % паступілі ва ўніверсітэты.

  Быць патрыётам

З 1 верасня ва ўсіх установах адукацыі Клічаўскага раёна будуць адкрывацца ваенна-патрыятычныя класы, — адзначае Алена Васільеўна. — Рэкамендавана пачынаць гэтую работу з 5 класа. Нам у гэтым плане прасцей. У мінулым навучальным годзе на базе 1-й школы горада ўзнік ваенна-патрыятычны клуб «Факел», які працуе пад патранатам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. На працягу 10 гадоў у школе дзейнічае сумесны з МНС профільны кругласутачны лагер «Юны ратавальнік». А ў 2-й гарадской школе з’явіўся клуб «ЮнПатрыёт», які супрацоўнічае з РАУС. Тут на працягу двух гадоў у аздараўленчым лагеры «Патрыёт» з кругласутачным знаходжаннем адпачываюць нашы выхаванцы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара