Сёлета ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы тэхналогій і дызайну 210 юнакоў і дзяўчат пачнуць свой прафесійны шлях у сферы паслуг і лёгкай прамысловасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Літаральна праз пару гадоў яны — маладыя цырульнікі, візажысты і мадэльеры — пачнуць рабіць беларусаў яшчэ больш прыгожымі. Штогод каледж выпускае каля 150 спецыялістаў, палова з якіх звычайна мае тры кваліфікацыі і больш, а чацвёрты і вышэйшы разрад — кожны. Дзякуючы гэтаму яны могуць паспяхова канкурыраваць на рынку працы.
Гэтымі днямі ў каледжы ідзе набор на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпускнікоў 9 класаў на спецыяльнасці “Абслугоўванне і рамонт вылічальных машын” з атрыманнем кваліфікацыі “аператар ЭВМ”, “Гандлёвае абслугоўванне” (“кантралёр-касір”, “прадавец”), “Страхавая дзейнасць” (“агент страхавы”), “Стварэнне абутку і скургалантарэйных вырабаў” (“зборшчык абутку”), “Аказанне цырульніцкіх і касметычных паслуг” (“цырульнік”), “Стварэнне швейных вырабаў” (“закройшчык”, “швачка”, “кравец”). Прычым на апошнія дзве спецыяльнасці чакаюць і выпускнікоў 11 класаў.
— У гэтым годзе на аснове базавай адукацыі мы набіраем на навучанне тэрмінам 2 гады і 10 месяцаў па наступных інтэграцыях: кантралёр-касір — прадавец — агент страхавы, швачка — кравец — цырульнік, цырульнік — зборшчык верху абутку, аператар ЭВМ — кравец — закройшчык. Усяго будзе шэсць груп па 25 чалавек. Таксама чакаем як мінімум трох паступаючых са спецыяльнай адукацыяй для атрымання прафесіі швачкі. Акрамя гэтага мы прымаем дзяцей з асаблівасцямі. Прычым сваім вопытам навучання такіх дзяцей мы перыядычна дзелімся з расійскімі калегамі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ўстановы Алена Баркун.
Па яе словах, сёлета на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі вядзецца набор па спецыяльнасцях “Мадэляванне, канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў” і “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка (педагагічная дзейнасць)”.
— Сёлета да кваліфікацыі “мадэльер-канструктар” мы дадалі кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг”. Гэта дасць нашым выпускнікам больш шырокія магчымасці працаўладкавання і кар’ернага росту ў будучыні. Аднак паступаючым на гэты напрамак ужо неабходна мець прафесійна-тэхнічную адукацыю. Таксама на аснове ПТА да кваліфікацыі “мастак-мадэльер” дадалі педагагічную — “майстар вытворчага навучання”. У выніку такія спецыялісты змогуць працаваць нават ва ўстановах адукацыі. Пакуль вольныя месцы ёсць па ўсіх спецыяльнасцях абодвух узроўняў, — акцэнтавала ўвагу Алена Фёдараўна.
А.Баркун: Чацвёртая частка нашых выпускнікоў працягвае навучанне ў нас на ўзроўні ССА. Пасля многія з іх паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Каля 30% выпускнікоў застаюцца на сваіх першых працоўных месцах. У гэтым немалая заслуга нашых педагогаў і майстроў вытворчага навучання, якія робяць усё, каб навучэнцы палюбілі прафесію, якую атрымліваюць.
Нагадаем, дакументы на ўзровень ПТА прымаюць па 23 жніўня, залічэнне адбудзецца па 26-га. Конкурсны адбор ажыццяўляецца на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. На бюджэтнае навучанне на ўзроўні ССА дакументы прымаюцца па 12 жніўня (залічэнне па 16-га), а на платнае — па
20 жніўня (залічэнне па 21-га).
Сучасныя швейныя тэхналогіі
На базе Баранавіцкага каледжа тэхналогій і дызайну працуе цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у швейнай вытворчасці.

— У нашым цэнтры ёсць тры вучэбныя швейныя майстэрні, некалькі прадметных кабінетаў, дзве лабараторыі раскрою, лабараторыя спецабсталявання, рамонту і абнаўлення адзення і лабараторыя аўтаматызаванага праектавання адзення. Усе нашы швейныя майстэрні аснашчаны сучасным высокатэхналагічным вучэбна-вытворчым абсталяваннем. Яшчэ ў нас працуе гурток “Хламдэкор”, дзе з непрыдатных матэрыялаў ствараюцца сапраўдныя шэдэўры. Тут жа размешчаны і кабінеты цырульніцкага мастацтва. Між іншым у нас ёсць пастаянныя кліенты, якія прыходзяць да нашых навучэнцаў пастрыгчыся, пафарбаваць валасы, зрабіць святочныя прычоскі. Кошт цырульніцкіх паслуг вельмі даступны, — расказала загадчыца цэнтра кампетэнцый сучасных тэхналогій швейнай вытворчасці Іна Ляшкевіч.

Гэты цэнтр выступае пляцоўкай для правядзення адукацыйных мерапрыемстваў, алімпіяд, конкурсаў прафмайстэрства, майстар-класаў, семінараў-практыкумаў для педагогаў, пасяджэнняў творчых груп майстроў вытворчага навучання спецыяльнасці “Стварэнне швейных вырабаў” не толькі Баранавіч, але і ўсёй Брэсцкай вобласці. Яго база выкарыстоўваецца для правядзення абласных конкурсаў па прафесіях швачкі і закройшчыка сярод навучэнцаў і майстроў, а таксама падрыхтоўкі ўдзельнікаў да рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства, такіх як “Млын моды”, “Галерэя стылю”, “Неўскія берагі” і інш.
Стваральнікі модных вобразаў
Штогод навучэнцы ўстановы становяцца прызёрамі розных спаборніцтваў. Напрыклад, у мінулым годзе Павел Козін стаў пераможцам рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды” і атрымаў ганаровае права прадстаўляць нашу краіну на прэстыжным міжнародным фестывалі моды, мастацтва і дызайну “Адміралцейскі шпіль” у Санкт-Пецярбургу, дзе атрымаў гран-пры.
— З самага дзяцінства я марыў ствараць нешта новае і незвычайнае. У канцы 9 класа даведаўся пра гэты каледж і спецыяльнасць “Мадэляванне, канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Яе можна атрымаць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але спачатку я паступіў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а пасля перайшоў на другую ступень навучання. Бесперапынна развіваўся і ствараў свае мадэлі. Праз тры гады з’явілася калекцыя “Бібліяклазм”, прысвечаная друкаваным кнігам, якія зараз мала запатрабаваныя, бо ўсё пераходзіць у дзіджытал-фармат. Зніжэнне ўвагі да кнігі можа прывесці да яе знішчэння. Менавіта гэтая думка лягла ў аснову канцэпцыі маёй калекцыі, — расказаў мадэльер-пачатковец.

Над сваёй ужо знакамітай калекцыяй малады чалавек працаваў разам з педагогамі каледжа і майстрамі цэнтра кампетэнцый. Педагогі адзначаюць, што Павел мае рэдкую здольнасць імгненна вызначаць, якая чалавеку падыдзе прычоска, які макіяж і вобраз у цэлым. Да таго ж яму дастаткова ўсяго аднаго погляду на абрэзак тканіны, каб прыдумаць некалькі мадэлей адзення, якія з яго можна пашыць.
— Я хацеў бы і далей развівацца ў гэтым напрамку, мне падабаецца ствараць вобраз чалавека. Мару стаць стылістам або мадэльерам. Дзеля гэтага пасля заканчэння каледжа буду старацца паступіць у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе старэйшая школа дызайну адзення, — прызнаўся П.Козін.
Увогуле, у час размовы з навучэнцамі каледжа высветлілася: ім не толькі падабаецца атрымліваць прафесіі, якія ў будучыні дапамогуць рабіць навакольных больш прыгожымі, але і не пакідае абыякавымі творчы і спартыўны складнік навучання. Тут праводзяцца шматлікія і разнастайныя мерапрыемствы. Кожны можа праявіць сябе і нават адкрыць новыя здольнасці і таленты.
Прыгледзецца да прафесіі
У каледжы вядзецца маштабная прафарыентацыйная дзейнасць. Так, школьнікі могуць стаць навучэнцамі каледжа на адзін дзень і азнаёміцца з асновамі прафесій, да якіх прыглядаюцца.
— Мы даём магчымасць вучням школ на дзень акунуцца ў жыццё каледжа, паспрабаваць сябе ў ролі прадаўцоў, майстроў па манікюры, візажыстаў, мастакоў-мадэльераў, цырульнікаў, швачак і нават папрацаваць на найноўшым абсталяванні. Пасля многія з іх прыходзяць паступаць менавіта да нас, што вельмі радуе. Такія прафарыентацыйныя мерапрыемствы, лічу, даюць магчымасць школьнікам бліжэй азнаёміцца з рознымі спецыяльнасцямі, робячы тым самым іх выбар больш дакладным і матываваным. Увогуле, арганізацыя правільнай прафарыентацыйнай дзейнасці — залог паспяховага прыцягнення маладых людзей у навучальную ўстанову, — дадала Іна Ляшкевіч.
Яна падкрэсліла, што дзейнасць цэнтра кампетэнцый вельмі шырокая і ўключае не толькі навучанне, але і стажыроўку і перападрыхтоўку:
— Наша галоўная задача — апераджальная падрыхтоўка кваліфікаваных канкурэнтаздольных кадраў. Мы рыхтуем спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць на сучасным высокатэхналагічным абсталяванні.

У 2022 годзе каледж заключыў пагадненне з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам. Яго студэнты праходзяць у вучэбных майстэрнях каледжа першую тэхналагічную практыку, а таксама робяць прафесійныя пробы і нават некаторыя дыпломныя элементы. Гэта і нядзіўна, бо абсталяванне кабінетаў і лабараторый каледжа дазваляе на высокім метадычным узроўні праводзіць усе віды заняткаў і вытворчага навучання. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы рэгулярна абнаўляецца і папаўняецца, у тым ліку і з дапамогай спонсараў — заказчыкаў кадраў, з якімі тут вядзецца цеснае ўзаемадзеянне.

Ні адзін выпускнік Баранавіцкага каледжа тэхналогій і дызайну не застаецца без працы, бо за час навучання яны набываюць грунтоўную тэарэтычную і практычную базу. Дырэктар установы Святлана Шышына ганарыцца сваімі навучэнцамі і выпускнікамі і вельмі спадзяецца, што і сёлета да іх прыйдуць адораныя, крэатыўныя і неабыякавыя першакурснікі. А яшчэ яна адзначыла: гордасць каледжа — музей баявой і працоўнай славы імя 44-й Гвардзейскай Баранавіцкай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, які садзейнічае патрыятычнаму выхаванню. Дарэчы, яго віртуальная версія тройчы перамагала ў рэспубліканскім конкурсе музеяў. Да таго ж летась ва ўстанове пачаў дзейнічаць музей-пакой валанцёрскага руху, куды ахвотна прыходзяць і баранавіцкія школьнікі. Такія сустрэчы — своеасаблівая прафарыентацыя, бо іх удзельнікі пасля становяцца навучэнцамі каледжа.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара





