«У нашай справе няма выпадковых дробязей»: Алена Прымшыц — пра педагагічнае прызванне

- 12:36Учитель года

Алена Юр’еўна Прымшыц, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, раскрывае сакрэты прафесійнага майстэрства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Што адчувае настаўнік, калі вучань прысвячае яму верш?

— Такія кранальныя моманты жывяць душу. Уяўляеце стан чалавека, калі трапяткая вольная птушка даверліва прытуляецца да рукі?! Адчуваю адказнасць, бо падобны ўчынак вучня — сведчанне прызнання, вялікага даверу. Натхненне, у нечым блізкае да паэтычнага, але яно асаблівае, настаўніцкае. Гэта пра асабістыя пачуцці, а ў педагога-філолага яны яшчэ больш яркія, таму што ён бачыць плён сваёй працы. Калі вучнёўскі верш напісаны шчыра, калі ў ім адчуваецца покліч высокай паэзіі, па-мойму, гэта адзін з самых моцных вынікаў у нашай прафесіі, які прыносіць асалоду і настаўніку, і вучню. Размова не толькі пра метафарычнае мысленне, на развіццё якога нацэлены, напрыклад, сачыненні. Аснова асноў заўсёды выхаванне. Мне радасна, што дзеці не толькі на ўроках размаўля­юць па-беларуску са мной і паміж сабой, што многія мае вучні пішуць вершы і прозу на беларускай мове. Мы іх потым друкуем у гімназічнай газеце “Праменьчык”. У маёй роднай школе таксама быў гурток, дзе мы спрабавалі складаць паэтычныя радкі. Ведаеце, чаму галоўнаму мяне навучыла мая настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Дзмітрыеўна Карэбіна? Што кожнага з вучняў можна натхніць на творчасць, варта яго ў патрэбны момант падтрымаць і даць яму шанс. Яна ніколі не гаварыла: “Вось тут у цябе хібы, тут — дрэнны верш, а тут неабходна перарабіць”. Вельмі акуратна падыходзіла са сваімі заўвагамі да нашых проб пяра, каб не пакрыўдзіць.

— Гэты ўрок праяўляецца ў вашай педагагічнай практыцы?

— Калі настаўнік тактоўна, інтэлігентна ставіцца да вучня, то той будзе раскрывацца праз разуменне: у ім бачаць і паважаюць асобу. Дзеці могуць успрымаць свет зусім не так, як мы. Яны іншае пакаленне, у іх новыя погляды, і — накіроўваючы часам, але неўпрыкмет, асцярожна — неабходна даваць ім магчымасць уласныя ідэі ўвасабляць у жыццё. Безумоўна, ніхто з нас не бездакорны, мы робім памылкі, і трэба іх выпраўляць. Таму вучні будуць прасіць парады, нейкае слова шукаць разам з табой, выходзіць у размове з творчых на ўласныя праблемы, абмяркоўваць пытанні гімназічнага, сямейнага, грамадскага жыцця. Калі ты да кожнага з дзяцей знойдзеш гэты ключык, то працаваць будзе як дыхаць. Напэўна, такі мой прафесійны стыль.

— А з чаго ў вас пачалася любоў да літаратуры і настаўніцтва?

— Час майго дзяцінства — 80-я гады мінулага стагоддзя. Мы тады ездзілі на машыне без рамянёў, пілі ваду з-пад крана гуртам з адной шклянкі (і, уявіце сабе, ніхто не хварэў!), у вольны час ішлі на вуліцу і вярталіся дадому, калі запальваліся ліхтары. У нас не было камп’ютараў і тэлефонаў, затое мы мелі многа сяброў, з якімі спаборнічалі ў спорце і гулялі ў казакі-разбойнікі на стадыёне нашай сярэдняй школы № 39 Віцебска. Мы чыталі папяровыя кнігі і абменьваліся тымі, што спадабаліся, а паход у бібліятэку быў прыемнасцю. З гэтага, відаць, нарадзілася мая любоў да мастацкай літаратуры. У нас было актыўнае, па­дзейнае школьнае жыццё і любімыя настаўнікі, з якіх хацелася браць прыклад. Я ахвотна і дастаткова паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па вучэбных прадметах, розных пазакласных мерапрыемствах, зай­малася цікавымі справамі са сваімі педагогамі і аднакласнікамі — крок за крокам ішла да прафесіі. Але найбольшы ўплыў на мой выбар аказала сям’я. Прадзед быў настаўнікам, ён загінуў у фінскую вайну. Маці выкладала ў школе матэматыку. Таму пастаянна дома былі стосы сшыткаў, часта да нас наведваліся дзеці — яе вучні. Школу я скончыла з залатым медалём і не бачыла сябе ні ў якой іншай прафесіі — толькі ў настаўніцкай.

— Родныя выбар падтрымалі?

— Дома на сямейным савеце з гэтай нагоды мне сказалі: “Ты выбіраеш складаную спецыяльнасць, падумай. Трэба бу­дзе ўсю сябе аддаваць вучням, пісаць планы ўрокаў і сцэнарыі, станавіцца другой маці для некаторых дзяцей, супакойваць бойкі і склейваць разбітыя сэрцы, па вечарах гадзінамі размаўляць з бацькамі, а па начах правяраць сшыткі. І пры гэтым не забывацца на сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Але тым не менш ты выбіраеш самую пачэсную прафесію, таму што ад цябе залежыць наша будучыня, у тваіх руках будзе шчасце цэлых пакаленняў”. Я паступіла ўсё ж такі на педагагічную спецыянасць, з чырвоным дыпломам скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, дзе ўпэўнілася ў правільнасці выбару, выйшла замуж за настаўніка, нарадзіла дачку — і перада мной адчыніліся дзверы ў казачную краіну дзяцінства, юнацтва, сталення. Працаваць прыйшла ў гімназію № 5 Віцебска. Мне было ў каго пераймаць вопыт, многа дапамагалі старэйшыя калегі, вельмі ім удзячна за гэта. Бо, калі збіраешся на першае рабочае месца з важкім багажом універсітэцкіх ведаў, табе здаецца, што ты такі разумны, сучасны, дасведчаны. Але пачынаюцца ўрокі, і ўсведамляеш: вучыцца табе яшчэ і вучыцца. Ужо чвэрць стагоддзя я тут настаўнічаю, кожны дзень са мной роднае слова, блізкія людзі, цікавая работа.

— Вашы вучні неаднаразова перамагалі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. На чым грунтуецца сістэма работы з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі?

У настаўніцкай дзейнасці непарыўна звязаны пазнанне, аналітыка і творчасць. Так склалася, што я ніводнага года не працавала без класнага кіраўніцтва. З’яўляюся кіраўніком гімназічнага метадычнага аб’яднання, заахвочваю калег і асабіста ўдзель­нічаю ў розных конкурсных мерапрыемствах. Актыўна супрацоўнічаю з інстытутам развіцця адукацыі, чытала лекцыі па праектнай тэхналогіі, метадах візуалізацыі і падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў даследчых канферэнцыях. Дзялюся вопытам, наша гімназія неаднаразова станавілася пляцоўкай для правядзення заняткаў з настаўнікамі вобласці. Сістэма работы ў мяне выбудавана на класічных метадах. На гэтай аснове пастаянна развіваецца новае: ты выбіраеш пэўны напрамак, ставіш эксперымент, пакідаеш у сваёй прафесійнай скарбонцы самае каштоўнае па яго выніках, рушыш далей. Здорава, што ў пошуку поруч са мной — мае калегі і кіраўніц­тва гімназіі, у нас склалася выдатная каманда аднадумцаў, разам удаецца зрабіць намнога больш. У навучанні актыўна карыстаюся даследчымі метадамі і метадамі візуалізацыі матэрыялу, выкарыстоўваю праектную тэхналогію. Мы разгадваем мноства загадак, робім крыжаванкі, ладзім вечарыны, спектаклі, сустрэчы, літаратурныя гасцёўні. Дзецям падабаецца здабы­ваць веды самім, я ім дапамагаю, і ў першую чаргу праз даследчыя заданні. Трэба на ўроку вывучыць правіла — намнога эфектыўней будзе, калі вучань сам выйдзе на яго фармулёўку, зразумее, як яно працуе. Для яго гэта набудзе каштоўнасць уласнага адкрыцця. Веды паглыбляюцца, сістэматызуюцца, замацоўваюцца даследчыя навыкі. Я лічу такі падыход перспектыўным, бо цікава працаваць на вынік не проста мне ці асобнаму вучню — цікава нам. Гэта важна.

— У праектнай дзейнасці са школьнікамі якія дасягненні лічыце самымі значнымі?

Нязначных не бывае, у нашай справе няма выпадковых дробязей. Часам у лёсе чалавека вырашальным становіцца нават адно слова — што тады гава­рыць пра значэнне калектыўных спраў, каманднай работы! З самых вядомых нашых праектаў можна вылучыць кабінет беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі. Мы задумалі яго як кабінет-кнігу, якая дазваляе спалучыць у адной прасторы мову і літаратуру, гісторыю, культуру, краязнаўства, — міжпрадметных сувязей насамрэч больш. Кожная навучэнская група працавала над сваім заданнем, потым мы абмеркавалі і зацвер­дзілі планы. Рэалізоўвалі ідэі ра­зам з дзецьмі: мастак наносіў на столь контуры літар са шрыфтоў Францыска Скарыны ХVІ стагоддзя, а мы іх расфарбоўвалі. У кабінеце задзейнічаны літаральна ўсе паверхні. Напрыклад, сцяна з’яўляецца адначасова стэндам для замацавання правіл беларускай арфаграфіі. Ці возьмем вуглавы стэнд, прысвечаны літаратурнай Віцебшчыне: тут можна пазнаёміцца з людзьмі, якімі ганарыцца наш край. Да 21 лютага ў гімназіі традыцыйна прымеркаваны ты­дзень беларускай культуры. Таксама да яго штораз рыхтуем адметныя праекты: то не­звычайную “Алею прамоўцаў”, то творчую прэзентацыю па выніках даследавання пра асоб, якімі ганарыцца наша краіна, “Лю­дзі зямлі беларускай”… Сёлета правялі фестываль “Ад аўтэнтыкі да сучаснасці”, дзе паказвалі нацыянальныя асаблівасці беларусаў. Зразумела, не абмінулі ўвагай літару Ў, што ўсё часцей можна пабачыць не толькі ў тэкстах, а ўсюды, уключаючы вопратку, галантарэйныя вырабы. Расказалі пра нацыянальнае адзенне, яго развіццё ад старажытнасці да нашых дзён, як і дзе на сучаснай вытворчасці вырабляюць ільняное адзенне. Вывучылі нацыянальныя стравы, нават падрыхтавалі і выдалі буклеты з самымі смачнымі рэцэптамі. Калі коратка, стараемся, каб нашы вучні не толькі вучылі правілы, рыхтаваліся да экзаменаў па мове, чыталі праграмныя літаратурныя творы, але праз гэта ў тым ліку ўсведамлялі сябе сапраўднымі беларусамі, ведалі нашу культуру, былі зацікаўлены ў набыцці новых ведаў пра свет і палюбілі ўсё роднае.

— Вы падтрымліваеце кантакт са сваімі выпускнікамі?

— Увогуле, упэўнена, што прызнанне да настаўніка прыходзіць якраз у той час, калі да яго вяртаюцца выпускнікі, дзеляцца сваімі поспехамі і з удзячнасцю кажуць, што базу для іх атрымалі менавіта ў школьныя гады. Калі бачыш, што яны задаволены сваім жыццём, адбыліся як асобы і ў прафесіі, стварылі моцныя сем’і. Дарослыя вучні да мяне часта завітваюць, яшчэ часцей тэлефануюць, трымаюць сувязь праз інтэрнэт. Больш за тое, з іх бацькамі сувязь з апошнім званком таксама не перапыняецца, і яны заглядваюць у гімназію! Сярод маіх выпускнікоў ёсць прадстаўнікі розных галін: настаўнікі, вучоныя, урачы, інжынеры, праграмісты… Самае галоўнае — усе выраслі добрымі, сумленнымі, адказнымі і паспяховымі людзьмі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

***

Маёй настаўніцы

Яна ведае шмат цікавых падзей

 І гісторый неверагодных.

Яна вучыць малых цікаўных людзей

І ахоўвае іх, як родных.

 Яна можа заўсёды знайсці адказ

На складаныя іх пытанні.

Вырашае праблемы і кожны раз

Прыкладае ўсе намаганні.

 І хай цяжкасцей шмат давядзецца прайсці,

Ёй жыццё яе даспадобы.

Яе дар у тым, каб талент знайсці,

Дзе ўсе бачаць няўмелыя спробы.

Вольга Дзямешка, вучаніца А.Ю.Прымшыц