Ганна Камарова: «Я не прапаноўваю дзецям гатовыя рашэнні, а дапамагаю ўвасабляць словы ў значныя справы»

- 11:32Учитель года

Для выхавальніцы дзіцячага сада № 1 Пінска Ганны Камаровай перамога ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” стала штуршком да далейшага самаразвіцця і самаўдасканалення, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 

А пачыналася ўсё з мамы — памочніка выхавальніка і бабулі-выхавальніцы. Дзякуючы прыкладу родных, Ганна Уладзіміраўна пасля школы паступіла ў Пінскі педкаледж БрДУ імя А.С.Пушкіна, а затым — у БДПУ. Там пераканалася ў правільным прафесійным выбары і не шкадуе аб ім ужо 11 гадоў.

— Быць выхавальніцай — гэта весела! — прызнаецца Ганна Камарова. — Любімая праца дазваляе заставацца ў свеце дзяцінства і не старэць душой.

Нягледзячы на заканамерныя цяжкасці ў прафесійным станаўленні, малады педагог упарта і натхнёна ідзе наперад. Актыўная, мэтанакіраваная і жыццярадасная натура дапамагае ёй знаходзіць выйсце з любой сітуацыі і падбіраць ключык да кожнага дзіцяці.

Цяжэй за ўсё Ганне Уладзіміраўне было ў пачатку працоўнага шляху, калі даводзілася выбудоўваць адносіны з баць­камі выхаванцаў. Некаторыя з мам і татаў даволі скептычна ставіліся да 20-гадовага педагога, але хутка пераканаліся, што памыляліся: дзеці ішлі ў дашкольную ўстанову з вялікім задавальненнем.

— Сярод іх — і дапытлівыя даследчыкі, і ўражлівыя мастакі, і неўтаймоўныя гарэзы, і задумлівыя філосафы, — гаворыць Ганна Камарова. — Кожны чымсьці адметны.

Педагог часта задумваецца, кім стануць яе выхаванцы, што яна можа ім даць, чым захапіць і здзівіць. Адказ відавочны: цікавымі планамі і бязмежнай фантазіяй!

— Дашкольны ўзрост — выдатны час для грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання, — лічыць Ганна Уладзіміраўна. — Але наву­чыць дабрыні, міласэрнасці, любові да людзей можна толькі ўласным прыкладам.

Педагог вельмі ганарыцца, што з’яўляецца старшынёй пярвічнай арганізацыі ГА “Белая Русь” і членам Беларускага саюза жанчын. Па выніках гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2022” Ганна Камарова атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”. Гэтая намінацыя сугучная з прафесійным крэда педагога: “Далоні дзіцяці я ў рукі вазьму і сэрца сваё для яго раскрыю”.

Ганна Уладзіміраўна любіць чы­таць, маляваць і падарожнічаць па любімай Беларусі і ахвотна перадае свае захап­ленні выхаванцам.

Вандруючы па розных кутках нашай краіны, штораз пераконваюся ў яе непаўторнай прыгажосці і з радасцю дзялюся ўражаннямі з дзецьмі, — расказвае педагог. — Але звычайнымі аповедамі іх не зацікавіш. Таму актыўна звяртаюся да сучасных метадаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі: інтэлект-карт і QR-кодаў. Інтэлект-карты дазваляюць мне ў даходлівай і захапляльнай форме выкласці новы краязнаўчы матэрыял, каб дзеці маглі асэнсаваць, замацаваць, абагульніць і сістэматызаваць яго. А з дапамогай QR-кодаў можна хутка перайсці да лічбавых фота- і відэагалерэй, калі нельга азнаёміць дзяцей з пэўнымі з’явамі ў рэальных умовах. Акрамя таго, арганізоўваю віртуальныя экскурсіі па малой радзіме, не абыходжу ўвагай квест-тэхналогіі. Вучу дзяцей глядзець на свет пад іншым вуглом, паказваю шырокія магчымасці выкарыстання планшэтаў і смартфонаў, акрамя гульняў.

Выхоўваць любоў да Радзімы і навакольнага свету педагогу дапамагае серыя вучэбна-наглядных дапаможнікаў: “Старонкі роднай зямлі”, “Разумейка. 5—6 гадоў. Свет навокал”, “Дзіця пазнае рукатворны свет”, “Свет, дзе я жыву” і інш.

Ганна Камарова імкнецца дапамагчы кожнаму выхаванцу знайсці сябе і ўласны шлях у жыцці, раскрыць свае здольнасці, навучыцца адчуваць і разумець іншых людзей, вырасці моцным і ўпэўненым у сабе, здольным пераадольваць жыццёвыя перашкоды.

— Я не прапаноўваю дзецям гатовыя рашэнні, а вяду за сабой, знаходжуся побач, дапамагаю ўвасабляць словы ў карысныя і значныя справы, — заўважае педагог. — А для гэтага трэба быць цікавай і мабільнай.

На дапамогу ў вырашэнні агульных задач прыходзяць бацькі, якія з’яўляюцца саюзнікамі і ідэйнымі натхняльнікамі Ганны Ула­дзіміраўны. Разам яны шука­юць і знахо­дзяць аптымальныя шляхі ў выхаванні дзяцей.

Нядзіўна, чаму педагогу падабаецца выслоўе Канфуцыя “Самае цудоўнае відовішча ў свеце — дзіця, якое ўпэўнена ідзе па жыццёвай дарозе пасля таго, як вы паказалі яму шлях”.

Гэты шлях у свой час Ганне Камаровай паказалі родныя і настаўнікі. І сёння педагог працягвае ўпэўнена ісці па ім, не баючыся высокіх мэт. Адна з іх — стаць настаўнікам-метадыстам. Можна не сумнявацца, што маладому педагогу, якому па душы аўральны рэжым бясконцых дэдлайнаў, гэта абавязкова ўдасца.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА