Адшукаць ключык да сэрца кожнага малыша, разгледзець у ім асобу, дапамагчы зрабіць першыя крокі ў жыцці. У гэтым бачыць сваю галоўную задачу выхавальніца Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці пераможца рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Педагагічны дэбют” Віялета Аляшкевіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У прафесію Віялета Аляксандраўна прыйшла свядома. Колькі сябе памятала, заўсёды хацела працаваць з дзецьмі.
— Мяне цягнула да малых. У двары я была як нянька: гуляла, вучыла, накіроўвала. Усе суседскія дзеці выраслі пад маім наглядам. Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй, нават не разважала. Выбрала шлях педагога, — паведаміла Віялета Аляшкевіч.
Гады студэнцтва ў БДПУ праляцелі для яе нібы адно імгненне. Вучоба, валанцёрства, работа ў летніх аздараўленчых лагерах… Віялета Аляксандраўна і не заўважыла, як стала маладым спецыялістам.
— Мне неверагодна пашанцавала з размеркаваннем. Працаваць прыехала не проста ў родны горад, а трапіла ў дашкольную ўстанову, якую сама калісьці наведвала. Калектыў прыняў з цеплынёй. Многія цяперашнія калегі — мае ж выхавальнікі, яны ва ўсім падтрымліваюць, вучаць, падказваюць. Гэта дапамагае спраўляцца з прафесійнымі цяжкасцямі, — расказала педагог.
Сёння за плячыма Віялеты Аляксандраўны ўжо амаль тры гады педагагічнай дзейнасці. Але свой першы працоўны дзень яна да дробязей памятае і зараз.
— Памятаю, з якой цікавасцю і насцярожанасцю ўспрынялі мяне малышы, як старалася з кожным з іх наладзіць кантакт, захапіць і зацікавіць, — падзялілася Віялета Аляксандраўна.
Па яе меркаванні, індывідуальны падыход да дзяцей — аснова работы выхавальніка. Усе дзеці розныя па характары і тэмпераменце, таму і ўзаемаадносіны з кожным павінны быць асаблівымі. Камусьці раскрыцца дапаможа ласка, а з кімсьці, наадварот, варта быць больш строгай.
— Але трэба любіць сваю справу, безумоўна любіць дзяцей. У грамадстве існуе стэрэатып, што выхавальнікам быць лёгка і проста. Гэта не так. Праца выхавальніка карпатлівая, яна патрабуе вялікага цярпення, спагадлівасці, бязмежнай дабрыні. Працаваць з дзецьмі па прынцыпе “прыйшоў, адбыў і забыўся” недапушчальна. Да гэтай прафесіі павінна ляжаць душа, — упэўнена малады педагог.

Самой Віялеце Аляксандраўне праца ў задавальненне. У яе групе зараз 18 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 4—5 гадоў. Выхаванцам яна штодзень дорыць часцінку свайго сэрца. Малышы адказваюць узаемнасцю: у дзіцячы сад прыходзяць з жаданнем і радасцю, на занятках праяўляюць актыўнасць.
— Арганізоўваючы адукацыйную дзейнасць, я імкнуся ўдзяляць увагу ўсім напрамкам. Вучу працаваць, быць патрыётамі сваёй Радзімы, любіць і берагчы прыроду роднага краю. На занятках часта прымяняю сучасныя тэхналогіі і інавацыйныя падыходы навучання. Сама ствараю разнастайныя відэаролікі і прэзентацыі, дыдактычныя матэрыялы. Гэта дапамагае павысіць цікавасць дзяцей да пазнання, — адзначыла Віялета Аляшкевіч.
На яе думку, на якаснае навучанне і выхаванне ўплывае шэраг фактараў. Важны аспект — узаемадзеянне з бацькамі. З мамамі і татамі выхаванцаў Віялета Аляксандраўна выбудоўвае партнёрскія даверлівыя адносіны. Педагог пераканана: толькі ў супрацоўніцтве з сям’ёй можна выгадаваць дзяцей здаровымі, шчаслівымі і гарманічна развітымі асобамі.
— Значны момант таксама ўдасканаленне педагагічнага майстэрства. Нельга стаяць на месцы, трэба ісці ў нагу з часам, — лічыць Віялета Аляксандраўна.
Прафесійным развіццём выхавальніца займаецца пастаянна. Нягледзячы на невялікі стаж работы, яна ўжо мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. За новымі ведамі і вопытам малады педагог ішла і на конкурс “Педагагічны дэбют”.
— Перамогі чакала, але першае месца ўсё роўна было прыемным сюрпрызам. А ўвогуле, конкурс стаў магутным штуршком наперад, да далейшага прафесійнага росту. Хачу працягваць развівацца ў прафесіі. У дашкольнай адукацыі я знайшла сябе. Цяпер дакладна ведаю, што гэта сапраўды маё жыццёвае прызначэнне, — падкрэсліла выхавальніца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ





