Вельмі важная падтрымка калектыву: як дапамагаюць асвойвацца на працоўным месцы маладым спецыялістам педагогі

- 16:15Образование

Як плануеце дапамагаць асвойвацца на працоўным месцы маладым спецыялістам, якія ў жніўні стануць часткай вашага калектыву? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Таццяна УЛЬЯНАВА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Даўжанскай сярэдняй школы, Віцебская вобласць:

— Сёння школе патрэбны адукаваныя, таленавітыя, ініцыятыўныя кадры. Таму ў гэтым годзе з нецярпеннем чакаем двух выпускнікоў педагагічных УВА. Яны будуць весці ўрокі гісторыі і фізічнай культуры і здароўя. Пры працаўладкаванні з кожным з іх заключым кантракт — ён гарантуе работу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і педагагічную нагрузку не меншую за 20 гадзін у тыдзень. У нас прадугледжаны і меры матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў. Гэта аднара­зовая дапамога, а таксама надбаўкі за характар працы і прэміраванне за высокія дасягненні. Для маладога спецыяліста важная падтрымка педагагічнага калектыву і адміністрацыі школы. Таму мы практыкуем настаўніцтва і метадычныя кансультацыі па пытаннях, якія цікавяць спецыялістаў. Лічу, што малады педагог павінен быць пастаянна ў руху. У настаўнікаў Даўжанскай сярэдняй школы пасля працоўнага дня ёсць магчымасць наведаць спартыўную і трэнажорную залы і лепшы ў Віцебскім раёне школьны стадыён.

Вольга РУДЗЯНКОВА, дырэктар церахоўскай сярэдняй школы № 1, Гомельская вобласць:

— Зусім хутка мы прымем у сваю каманду педагога пачатковых класаў. Часта малады настаўнік сутыкаецца з праблемай адаптацыі. Наколькі яна будзе паспяховай, у многім залежыць ад псіхалагічнага клімату ў калектыве. Спецыялісту неабходна адчуваць падтрымку з боку вопытных калег, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу і да­дуць параду. Старшыня нашага вучэбна-метадычнага аб’яднання будзе аказваць яму метадычную падтрымку. Адміністрацыяй і калектывам церахоўскай сярэдняй школы № 1 створаны ўсе ўмовы, каб працэс адаптацыі маладога педагога прайшоў плаўна. Настаўнік — прафесія не з лёгкіх, яна патрабуе самааддачы. Будзем рабіць усё магчымае, каб у маладога спецыяліста засталіся прыемныя ўспаміны пра першыя ўрокі і каб пасля заканчэння абавязковай адпрацоўкі не ўзнікала жадання пакінуць сцены нашай школы, а хацелася працягнуць свой прафесійны шлях менавіта тут.

Аксана КОКАРАВА, дырэктар сярэдняй школы № 2 Мінска:

— Нашу школу па праве можна лічыць маладой, таму што многія настаўнікі — маладыя спецыялісты. У гэтым навучальным годзе мы чакаем педагога пачатковых класаў, настаўнікаў матэматыкі, гісторыі і фізікі. Важнае значэнне ў педагагічнай дзейнасці мае добра абсталяванае рабочае месца, наяўнасць разнастайных дыдактычных і дыягнастычных матэрыялаў. У нашай установе адукацыі ўсё неабходнае ёсць. Маладыя педагогі павінны асвоіцца ў новым калектыве, наладзіць правільныя адносіны з дзецьмі, зацікавіць іх сваім прадметам. Будзем усяляк гэтаму спрыяць. Таксама плануем правесці мерапрыемствы па згуртаванні калектыву, бо гэта неад’емная частка паспяховай работы навучальнай установы.

Святлана ЗДАРАНКОВА, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска, Магілёўская вобласць:

— З нецярпеннем чакаю новага калегу — настаўніка фізікі і інфарматыкі. Я шчыра люблю школу як своеасаб­лівае асяроддзе супрацоўніцтва і ўзае­мадзеяння. Таму хочацца з першага дня не проста прапанаваць маладому спецыялісту дапамогу ў любых пытаннях, але і пачаць улюбляць яго ў нашу работу. Вядома, задача няпростая. Пачну з экскурсіі па школе, пакажу адукацыйныя цэнтры “Заадно” і Bobr_Steam_34, пазнаёмлю маладога калегу з настаўнікамі, раскажу пра магчымасці і дасягненні ўстановы адукацыі. Абавязкова запрашу да сябе на заняткі і на майстар-клас па канструяванні ўрока. Я традыцыйна праводжу для класаў фізіка-матэматычнага кірунку гульню “Мазгабойня”, да арганізацыі якой прапаную далучыцца маладому спецыялісту. Разам падрыхтуем і правя­дзём яе. Ёсць ідэя сумеснага бінарнага ўрока. Любая падтрымка ў пачатку працоўнай дзейнасці важная і неабходная кожнаму — слова, усмешка, матывацыйная фраза, парада па выстаўленні адзнак. Трэба прая­віць увагу да чалавека і прадэманстра­ваць шляхі прафесійнага росту, бо школа — гэта тэрыторыя магчымасцей для развіцця кожнага.

Васіль КАЛЯДА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы в.Клейнікі імя Ю.В.Харытончыка, Брэсцкая вобласць:

— У гэтым навучальным годзе ў нас пачне працаваць новы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. Узаемадзеянне з маладымі спецыялістамі — важная частка метадычнай работы нашай установы адукацыі. Яшчэ ў жніўні, калі малады педагог толькі выйдзе на работу, пачнецца планамерны працэс яго прафесійнага станаўлення. Я складаю як агульны план работы, так і індывідуальны для кожнага настаўніка, які прыбыў да нас. У гэты план уключаюцца мерапрыемствы, накіраваныя на адаптацыю і павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці. Гэта ў абавязковым парадку інструктыўныя гутаркі, практычныя заняткі па вядзенні школьнай дакументацыі, вывучэнне патрабаванняў да сучаснага ўрока і выхаваўчай прасторы школы, уключэнне маладых спецыялістаў у розныя адукацыйныя мерапрыемствы. Безумоўна, такая дзейнасць разлічана не на адзін месяц, а ажыццяўляецца на працягу двух гадоў. Варта адзначыць, што за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца найбольш вопытны педагог. У нашай установе адукацыі дзейнічае вучэбна-метадычнае аб’яднанне “Школа маладога настаўніка”, якое мэтанакіравана зай­маецца метадычным суправаджэннем педагогаў-пачаткоўцаў.

Настасся ЧАРКАНАВА