Настаўніца музыкі гімназіі № 1 Свіслачы Ніна Віктараўна Саўко больш за 25 гадоў вучыць дзяцей слухаць і адчуваць хараство музычных гукаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Музыка праз усё жыццё
На яе ўроках нават звычайныя шклянкі і алоўкі ператвараюцца ў музычныя інструменты, выклікаючы захапленне сярод хлопчыкаў і дзяўчынак. А яшчэ яе вучні, як і калегі, ганарацца, што Ніна Віктараўна стала пераможцай абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, і жадаюць ёй поспехаў на заключным этапе.
Педагог прызналася, што ўсё жыццё яе суправаджае музыка: калі вясёлая, калі сумная, як ва ўсіх творчых людзей. А карані гэтага нават не захаплення, а сапраўднай любові да музыкі, як нярэдка здараецца, — у сям’і. Дзяўчынка нарадзілася ў творчай сям’і. Яе мама Маргарыта Канстанцінаўна Раманчук была настаўніцай пачатковых класаў, больш за 40 гадоў прысвяціла школе. На жаль, яе ўжо няма. А бацька Віктар Мікалаевіч — музыкант, усё жыццё працаваў у культуры і цяпер ва ўзросце 76 гадоў працягвае спяваць, радаваць людзей. Так склалася, што і дачка спявала з самага дзяцінства. Узяўшы ўсё лепшае ад бацькоў, Ніна Віктараўна прадоўжыла справу абодвух, цяпер яна настаўніца, як мама, і музыкант, як тата.
— Мае карані на Свіслацкай зямлі. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. У 1997 годзе скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча (сёння гэта каледж) і вярнулася ў Свіслацкі раён, дзе і працую з таго часу. Потым атрымала вышэйшую адукацыю і спецыяльнасць выхавальніка дашкольнай адукацыі. Пачынала працоўную дзейнасць на сяле, затым стала выкладаць музыку ў гімназіі № 1 Свіслачы, дзе ўжо працую больш за 20 гадоў. Ніколі не пераязджала ў іншыя месцы. Мне вельмі падабаецца наш горад, хаця ён і невялікі, усё тут роднае, — расказала Ніна Віктараўна.
У гімназіі настаўніца выкладае музыку ў пачатковых класах. Іх няшмат, таму адміністрацыя ўстановы адукацыі ідзе насустрач, прапаноўвае весці дадатковыя, факультатыўныя заняткі. Ніна Саўко таксама займае пасаду музычнага кіраўніка, яе арганізатарскія здольнасці вельмі запатрабаваны падчас правядзення канцэртаў, розных мерапрыемстваў і школьных свят, выпускных. Музычны кіраўнік шмат увагі надае ўдзелу ў творчых конкурсах, дапамагае рыхтавацца да іх навучэнцам розных класаў.
Самы галоўны поспех настаўніка — высокі вынік яго вучняў. І тут Н.В.Саўко ёсць чым ганарыцца. Яе выхаванцы — пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, а таксама дыпламанты міжнародных. А сёлета яе вучаніца Дар’я Кудракова стала лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко ў сферы адукацыі. Педагог стараецца натхніць дзяцей уласным прыкладам і з задавальненнем удзельнічае ў розных творчых мерапрыемствах.
— Дзеці любяць музыку, бо ў яе велізарная моц, праз музычнае мастацтва можна горы звярнуць, — упэўнена Ніна Віктараўна. — Нават сучасныя песні нясуць моц, а якой сілай валодае класічная музыка! Яна прымушае і плакаць, і смяяцца, выклікае розныя эмоцыі. Вельмі люблю патрыятычныя песні і ўсе гады работы ў школе выкарыстоўваю іх у сваёй практыцы. У апошні час конкурсаў патрыятычнай песні стала значна больш, і гэта вельмі радуе. Я люблю песні, у якіх паказана гісторыя, калі дзеці могуць адгукнуцца на нейкія падзеі. Напрыклад, песні, у якіх расказваюцца гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нікога не можа пакінуць раўнадушным песня “Памятаюць людзі” на музыку О.Фельцмана і словы Я.Далматоўскага. Калі беларуская жанчына перад фашыстамі прызнае ў партызане з Грузіі свайго нібыта роднага брата, каб выратаваць яго ад смерці, слёзы наварочваюцца ў дзяцей. А калі яны самі выконваюць твор, не можа не ўзнікнуць пачуццё гордасці за сваю Радзіму, за наш народ. На такіх музычных творах і трэба выхоўваць сучасную моладзь. Я люблю патрыятычныя песні, і цяпер для мяне такія конкурсы — жыватворнае поле. У нас ужо ў скарбонцы 5 дыпломаў толькі абласнога конкурсу патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, таксама шмат іншых узнагарод.
Жывыя гукі
Сістэма работы на ўроках Ніны Саўко — развіццё ў дзяцей пачуцця рытму. І дабіваецца гэтага настаўніца праз сучасныя спосабы музіцыравання. Яна лічыць, што педагогу неабходна быць у пастаянным пошуку чагосьці новага і займальнага. Такія падыходы да музычнай адукацыі патрабуюць і выкарыстання абсалютна іншых, найбольш эфектыўных педагагічных тэхналогій у развіцці музыкальнасці дзяцей. Настаўніца асвоіла тры новыя спосабы рытмічнага музіцыравання: “шкляначкі, якія спяваюць”, “жэсты, якія гучаць” і “ручка, стол, аловак”. Дарэчы, адкрыты ўрок падчас абласнога этапу конкурсу педагог праводзіла для трэцякласнікаў у Лідзе, а на майстар-класе прадэманстравала гэтыя тэхнікі.
— Развіццё пачуцця рытму — адна з самых складаных задач у музычнай адукацыі, і, нягледзячы на шматлікія даследаванні, работа ў гэтым напрамку працягваецца, — падкрэсліла Ніна Саўко. — Вельмі важна, што гэта цікава дзецям. Калі я шукала тэму, што мне новага ўнесці ў педагагічную дзейнасць, у першую чаргу звярнулася да сацыяльных сетак. Бо сучасных дзяцей складана прымусіць слухаць класічную музыку, патрэбна нейкая матывацыя ці гісторыя, каб яны пранікліся класічнымі творамі. У інтэрнэце ўбачыла, як дзяўчынка іграе на шклянках і спявае. Мне вельмі спадабалася. Сама праніклася яе ігрой, а потым зацікавіла дзяцей, і не толькі ў пачатковых класах. Трэба старацца ісці ў нагу з часам, каб улічваць пажаданні, імкненні дзяцей, знаходзіць такія фішкі.
Спадабалася дзецям і сучасная тэхніка “ручка, стол, аловак”. Гэта калі ствараеш біты з дапамогай ручкі альбо алоўка. Не так усё проста, трэба вывучаць тэхніку, пачынаць з аднаго элемента, затым сістэмна на кожным уроку паўтараць, і тады дзеці паступова атрымліваюць навыкі і пачынаюць ужо самі імправізаваць.
А яшчэ з дапамогай тэхнікі “жэсты, якія гучаць” настаўніца прапаноўвае вучням выкарыстоўваць даўно знаёмыя жэсты нашага цела, якое здольна выдаваць велізарную палітру гукаў голасам, воплескамі, плясканнямі і гэтак далей.
— Гэтая тэхніка — цалкам імправізацыя, — тлумачыць педагог. — Усё, што прапаную вучням, будуецца на імправізацыі. Яны самі ствараюць свае гукі, рытмы. Гэта магутны сродак для развіцця пачуцця рытму. А яшчэ ім вельмі цікава. Першы раз я ім сказала, што зламалася апаратура і не ўключаецца фанаграма. Што рабіць? Паклікала сябра — шклянку, на якой намалявала вочкі. І дзеці зацікавіліся. Калі ты пачынаеш біць па шклянцы, а яны спяваюць, адразу загараюцца вочкі.
Меладычнае роднае слова
Чаму школьнікі з задавальненнем ідуць на ўрокі музыкі, якія вядзе Ніна Віктараўна? Сакрэт просты: яна сама любіць тое, чым займаецца. А яшчэ, як прызналася, вельмі любіць беларускую і рускую музыку, песні. І дзяцей выхоўвае на гэтых песнях.
— Калі чуеш беларускую песню пра маму, тату, Радзіму, мяняецца душа, унутраны свет дзіцяці, — дзеліцца педагог. — Дзеці любяць спяваць, слухаць музыку. Некаторыя творы для іх складаныя, таму і трэба знайсці нейкую фішку, каб зацікавіць іх. Існуе стэрэатып, што ўрок музыкі другарадны. На самай справе, ён вельмі важны, бо сродкамі мастацтва мы можам выклікаць такія пачуцці, як дружба, любоў, узаемапавага, міласэрнасць, адданасць сваёй Радзіме. Я заўсёды паказваю дзецям сваё бачанне, але імкнуся, каб яны не спявалі як я, а каб прачулі і эмацыянальна пражылі твор. Я не магу прадбачыць, кім стануць мае вучні, калі вырастуць, якім прафесіям аддадуць перавагу. Але мне вельмі важна, якія парасткі праб’юцца ў іх душах дзякуючы сіле музыкі.
Цікавы вопыт
Новым цікавым вопытам педагагічнай дзейнасці стаў для Ніны Саўко ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”.
— Уражанняў ад удзелу ў конкурсе шмат. Несумненна, гэта вялікі вопыт. Я ўсё жыццё на сцэне, але так, як там, не хвалявалася ніколі, — адзначае Ніна Віктараўна. — Было вельмі адказна не падвесці сваю каманду і годна прадставіць раён на абласным узроўні. Я ўдзячна калегам за дапамогу і падтрымку. Зразумела, што конкурс і штодзённая педагагічная дзейнасць — розныя рэчы. Ты пераглядаеш свае падыходы, пачынаеш глядзець на іх крытычна. Адпаведна, і новыя веды атрымліваеш. Цяпер адна мэта — годна прадставіць вобласць на заключным этапе.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва Н.В.Саўко