«Яго марай было трапіць на міжнародную алімпіяду». Пра пераможцаў iGeo-2023 расказваюць іх настаўнікі

- 10:48Образование

Беларускія школьнікі заваявалі два бронзавыя медалі на XIX Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (iGeo-2023), у якой прынялі ўдзел 177 навучэнцаў з 46 краін свету, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтвы праходзілі ў горадзе Бандунг, што ў Інданезіі, пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства адукацыі, культуры, навукі і тэхналогій гэтай краіны.    

Высокіх узнагарод удастоены выпускнік гімназіі № 2 Віцебска Алег Паўловіч і навучэнец гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава Вадзім Ігнаценка. У склад каманды з Беларусі таксама ўвайшлі выпускнік гімназіі № 1 Слуцка Раман Пенязь і навучэнка сярэдняй школы № 18 Баранавіч Аляксандра Багданава.

Кіраўнікамі зборнай выступілі намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксандр Карпічэнка і дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі гэтага факультэта Андрэй Безручонак.

Удзельнікам прапаноўвалася прайсці мультымедыйны тэст, выканаць тэарэтычныя заданні па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і прадэманстраваць практычныя навыкі рашэння геаграфічных кейсаў у палявых умовах. Усе заданні выконваліся на англійскай мове. Геаграфічныя міжнародныя алімпіяды з’яўляюцца адзінымі сярод прадметных алімпіяд, дзе матэрыялы для ўдзельнікаў не перакладаюцца на рускую мову.

***

Настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава Людміла Ціханаўна Карнеенка з вялікім хваляваннем гаворыць пра свайго вучня Вадзіма Ігнаценку:  

– З Вадзімам я пазнаёмілася, калі ён вучыўся ў 6 класе, і пачала весці ў яго геаграфію. Адразу заўважыла, што хлопчык вельмі сур’ёзны, здольны, працавіты і адказны, адчула, што пры пэўных абставінах ён зможа дасягнуць вялікіх поспехаў. Пачала зацікаўліваць яго сваім прадметам, прапанавала займацца больш паглыблена. Вадзім адразу адгукнуўся, і з таго часу яго любоў да геаграфіі была пастаяннай, ён не кідаўся ад прадмета да прадмета. Прыйшлі і першыя поспехі. Гэта былі перамогі ў раённых алімпіядах у 7–8 класе, а ў 9 класе пачалося ўзыходжанне Вадзіма на вялікі алімп, калі на рэспубліканскім узроўні ён атрымаў дыплом ІІ ступені. А сёлета гэта быў ужо дыплом І ступені на рэспубліцы. Хачу адзначыць мэтанакіраванасць свайго вучня. Калі мы з ім толькі пачалі займацца геаграфіяй, ён падзяліўся са мной сваёй марай трапіць на міжнародную алімпіяду. Хадзіў за мной літаральна па пятах, шукаў любую магчымасць, каб пазаймацца геаграфіяй дадаткова. Акрамя гэтага, ён актыўна вывучаў англійскую мову. Прапрацаваў шматлікія заданні міжнародных геаграфічных алімпіяд мінулых гадоў на англійскай мове.

Вадзім збіраецца вучыцца ў БДУ на геаграфічным факультэце па спецыяльнасці «Геаінфармацыйныя сістэмы».

З другім бронзавым прызёрам Алегам Паўловічам у Вадзіма склаўся сапраўдны тандэм. Юнакі на працягу многіх гадоў разам рыхтуюцца да алімпіяд. Да 9 класа Алег вучыўся ў 1-й гімназіі Віцебска. У 10 класе перайшоў у 2-ю гімназію, дзе займаўся з настаўнікам геаграфіі Сяргеем Мікалаевічам Крывенкам.

– Да мяне Алег прыйшоў ужо сапраўдным фанатам геаграфіі, пераможцам алімпіяд, – гаворыць настаўнік. – Маёй педагагічнай задачай было аграніць гэты алмаз, ператварыць у брыльянт. Алег – тройчы прызёр рэспубліканскага этапу алімпіяды па геаграфіі, пераможца Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі, дзе таксама атрымаў «бронзу». Ён ужо студэнт геафака БДУ, будзе вучыцца па спецыяльнасці «Геаінфармацыйныя сістэмы», у будучыні бачыць сябе навукоўцам, выкладчыкам.

***

Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo) праводзіцца штогод з 1996 года пад патранажам Міжнароднага геаграфічнага саюза. Выпрабаванне накіравана на павышэнне цікавасці моладзі да геаграфічных і экалагічных даследаванняў. Удзельнікамі алімпіяды з’яўляюцца юныя географы ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. За перыяд правядзення міжнародных спаборніцтваў колькасць краін-удзельніц павялічылася з 5 да 54.

Надзея ЦЕРАХАВА