У новым навучальным годзе Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі плануе рэалізоўваць шмат праектаў, звязаных з лічбавізацыяй. Сёння аб гэтым карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае дырэктар цэнтра Аксана Давыдоўская.
— Аксана Іванаўна, давайце спачатку пазнаёмімся. Вы зусім нядаўна прызначаны дырэктарам цэнтра. А ці быў ваш лёс дагэтуль звязаны з адукацыяй?
— Так, мой лёс з самага пачатку звязаны як з педагогікай, так і з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка я прыехала працаваць ва Уздзенскі раён настаўніцай інфарматыкі. Спачатку выкладала ў раённай гімназіі, затым у санаторнай школе-інтэрнаце. Пасля перайшла на кіраўніцкую пасаду і стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У цэнтры пачынала з намесніка дырэктара па кадравай і праектнай рабоце, і вось з нядаўняга часу стала дырэктарам.
— З’яўляючыся дырэктарам, як ацэньваеце ролю цэнтра ў развіцці сістэмы адукацыі і непасрэдна ў яе лічбавізацыі? Якія напрамкі можаце вылучыць?
— Больш за 30 гадоў, а менавіта столькі дзейнічае наш цэнтр, ён з’яўляецца каардынатарам лічбавай трансфармацыі адукацыі, прымае самы актыўны ўдзел у выпрацоўцы дзяржаўных стратэгій развіцця і ўкаранення ў адукацыйную галіну інфармацыйных тэхналогій. Адным з напрамкаў дзейнасці ГІАЦ з’яўляецца збор статыстычнай інфармацыі, якая складае ведамасную справаздачу, неабходную Міністэрству адукацыі і статыстычнаму камітэту для ацэнкі сітуацыі ў галіне.
Мы вядзём работу па зборы, апрацоўцы і аналізе статыстычнай інфармацыі ў галіне адукацыі, каардынуем укараненне інфармацыйных тэхналогій ва ўстановы адукацыі. Таксама ГІАЦ займаецца развіццём сродкаў тэлекамунікацый і інфармацыйных рэсурсаў, прадастаўляе паслугі перадачы даных, займаецца навучаннем карыстальнікаў, стварае і актуалізуе інфармацыйныя рэсурсы.
Сёння адным з асноўных напрамкаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021—2025 гады, дзе закладзены пераход да новых форм арганізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі з выкарыстаннем найбольш сучасных тэхнічных магчымасцей.
Акрамя таго, больш канкрэтныя напрамкі гэтай работы выкладзены Міністэрствам адукацыі ў Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у адукацыйнай галіне да 2025 года. У ёй павышаная ўвага ўдзелена развіццю і мадэрнізацыі інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, фарміраванню сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту, аўтаматызацыі працэсаў кіравання. Над вырашэннем гэтых задач і працуе наш калектыў.
Рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма “Электронная адукацыя” дае магчымасць збіраць, апрацоўваць і аналізаваць на ўзроўні агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі статыстычныя даныя галіны.
У ГІАЦ займаюцца стварэннем інфармацыйнага ядра Рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. Яно павінна пачаць працаваць у канцы 2024 года, калі ўсе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны ўваходам у аўтаматызаваную сістэму. Ядро будзе складацца з трох рэгістраў: рэгістра навучэнцаў, рэгістра работнікаў і рэгістра ўстаноў адукацыі. Такім чынам, у адным месцы будуць захоўвацца ўсе звесткі пра нашу сістэму адукацыі, прычым гэта будуць даныя не толькі пра педагагічных работнікаў, але і пра ўсіх работнікаў, якія працуюць у адукацыйнай галіне. Гэта дазволіць не толькі Міністэрству адукацыі, але і тым, хто мае патрэбу ў гэтай інфармацыі, у першую чаргу органам кіравання адукацыяй усіх узроўняў, атрымліваць з адной крыніцы дакладную, а самае галоўнае, актуальную інфармацыю, бо яна будзе пастаянна і своечасова абнаўляцца, чаго раней не было. Мы спадзяёмся, што такім чынам скароцім дакументазварот у сістэме адукацыі і кожны спецыяліст напрамую, аператыўна зможа атрымліваць тую інфармацыю, якая яму патрэбна.
З уводам інфармацыйнай статыстычнай сістэмы кіравання ў сферы адукацыі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе аблегчана запаўненне статыстычных справаздач. Вядома, што гэта самая аб’ёмная, працаёмкая работа, бо трэба прадастаўляць разнастайную інфармацыю пра стан спраў у дзейнасці той ці іншай навучальнай установы, пра выпускнікоў, якія збіраюцца паступаць ва ўстановы іншых узроўняў, альбо пра дзяцей, якія пойдуць у 1 клас, звесткі аб іншых напрамках развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, распрацоўваем сістэму маніторынгу адукацыйнага працэсу, што дазволіць у электронным выглядзе адсочваць паспяховасць навучэнцаў з дапамогай адпаведных крытэрыяў, бачыць слабыя месцы на ўсіх узроўнях дзейнасці ўстановы адукацыі, своечасова іх выяўляць і выкараняць.
— Як вядома, ГІАЦ заняўся распрацоўкай альтэрнатывы праекту PISA.
— Так, у мэтах удасканалення сістэмы кантролю засваення вучэбнага матэрыялу нашымі навучэнцамі запланавана правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, аналагічнае міжнароднаму PISA. Цэнтр распрацоўвае інфармацыйную сістэму тэсціравання функцыянальнай дасведчанасці школьнікаў, прызначаную для праверкі іх ведаў. Цяпер праводзіцца доследная эксплуатацыя. У аснове праекта — асноўныя складнікі функцыянальнай дасведчанасці, у тым ліку матэматычная, чытацкая, прыродазнаўчая, фінансавая дасведчанасць, глабальныя кампетэнцыі і крэатыўнае мысленне. Першыя іспыты сістэмы запланаваны на верасень, а само тэсціраванне будзе праведзена ў лістападзе. НІА займаецца распрацоўкай тэстаў, а на нас ускладзена місія тэхнічнага суправаджэння: мы прапануем свой праграмны прадукт, які будзем правяраць пры правядзенні пробнага тэсціравання.
— Рэалізацыя праектаў па лічбавізацыі адукацыі патрабуе стварэння і функцыянавання галіновай тэхнічнай інфраструктуры сістэмы адукацыі — наяўнасці неабходнай колькасці камп’ютарнай тэхнікі. Што мы маем на сённяшні дзень?
— Установы адукацыі ўсіх узроўняў забяспечаны сродкамі інфармацыйных тэхналогій (гэта камп’ютары, мультымедыя, праекцыйнае абсталяванне, капіравальна-множыльная тэхніка, сістэмнае і прыкладное праграмнае забеспячэнне). Таксама ў адукацыйным працэсе ёсць магчымасць выкарыстоўваць інтэрнэт-паслугі і інтэрнэт-сэрвісы: электронную пошту, аддалены доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, узаемадзеянне з інфармацыйнымі сістэмамі і рэсурсамі і інш. Разам з тым абнаўленне і нарошчванне колькасці камп’ютарнай тэхнікі ва ўстановах адукацыі працягваецца.
ГІАЦ заўсёды займаўся пастаўкай камп’ютараў ва ўстановы адукацыі, але сёння мы ставім яшчэ больш адказную мэту — забяспечыць установы адукацыі камп’ютарамі для ўваходу ў інфармацыйнае ядро. Прычым гэта будуць не звычайныя камп’ютары, а са спецыяльнай абаронай, бо ў ядры будзе захоўвацца вялікая колькасць каштоўнай інфармацыі, персанальных даных, якія трэба абараняць. Установы адукацыі змогуць выходзіць у агульную інфармацыйную сетку і працаваць з ядром толькі са спецыяльнай абароннай функцыяй камп’ютараў.
— Аксана Іванаўна, некалькі гадоў назад з удзелам цэнтра быў створаны Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. Яго распрацоўка была абумоўлена патрэбай у арганізацыі дыстанцыйнага навучання падчас пандэміі. Наколькі ён запатрабаваны сёння?
— Да сённяшняга дня нашы навучальныя ўстановы карыстаюцца Адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам, у першую чаргу для замацавання вучнямі атрыманых ведаў. Наш цэнтр стаяў ля вытокаў яго стварэння і прымаў актыўны ўдзел у яго тэхнічным аснашчэнні. Цяпер рэсурс мае патрэбу ў мадэрнізацыі, пашырэнні і распаўсюджванні сярод устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Будуць створаны асабістыя кабінеты, пашыраны магчымасці дзейнасці настаўнікаў. Яны змогуць распрацоўваць свае заданні, фарміраваць класы і аб’яднанні педагогаў, праводзіць канферэнцыі і г.д. Асноўная база Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу захаваецца, а ўдасканаленне будзе весціся ў напрамку падключэння да інфармацыйнага ядра. Так, карыстальнікі, якія будуць аўтарызаваны ў ядры, распазнаныя адзінай інфармацыйнай сістэмай, змогуць карыстацца Адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам.
Развіццё інфармацыйнага ядра знаходзіцца ў пачатку свайго развіцця. На яго будуць нанізвацца праекты, якія будуць з ім узаемадзейнічаць. Мы сканцэнтраваны на тым, каб падключыць дашкольныя і агульныя сярэднія ўстановы, распрацоўваем “Электронную школу” і “Электронны дзіцячы сад”, што дазволіць даследаваць усе працэсы, якія адбываюцца ў гэтых установах.
— Па рэалізацыі Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі распрацавана дарожная карта. У чым яе сутнасць?
— Дарожная карта распрацавана і зацверджана Міністэрствам адукацыі. Для яе рэалізацыі створана рабочая група, якая складаецца з прадстаўнікоў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, ГІАЦ, прадстаўнікоў БДУІР, БДУ і спецыялістаў сферы інфарматыкі. У ходзе сваёй дзейнасці члены рабочай групы будуць вызначаць асноўныя этапы і напрамкі лічбавізацыі сістэмы адукацыі і тыя працэсы, якія будуць іх суправаджаць.
Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена ГІАЦ