Як з дапамогай лішайнікаў вызначыць якасць паветра, ведае мінская школьніца

- 16:10Образование

13-­гадовая Маргарыта Тупіцына разам са сваімі настаўніцамі з Магілёва і Мінска распрацавала электронны атлас лішайнікаў. Сёння ім карыстаюцца і настаўнікі, і вучоныя, а за яго распрацоўку сама дзяўчынка не раз была ў ліку пераможцаў на конкурсах… для студэнтаў і аспірантаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дыхайце глыбей!

— Лішайнікі тут усюды. І на лаўцы, на якой мы з вамі толькі што сядзелі, і на камянях, і на глебе. А зірніце, колькі іх на дрэвах! І ўсё гэта — розныя віды, — гаворыць Маргарыта Тупіцына, навучэнка сталічнай сярэдняй школы № 130 імя Рут Уоллер, абгрунтоўваючы правільнасць выбару месца нашай сустрэчы ў Лошыцкім парку.

Дзяўчынка кожны дзень выбірае сабе гарадскія маршруты не з пункту гледжання “ў гэтым парку прадаюць смачнае марожанае” ці “тут любімы атракцыён”  — ёй важна сустрэць там любімы графіс пісьменны, прасачыць, як разрастаецца тукерманопсіс ці знайсці іх з незвычайнай афарбоўкай.

— Лішайнікі — нашы памочнікі, па іх можна вызначыць якасць паветра без замераў і хімічнага аналізу. Так, чым бруднейшае паветра, тым больш у тым месцы будзе накіпных лішайнікаў. Сустракаюцца і ліставатыя — вось як гэтая жоўтая ксанторыя на дрэве. А ёсць і кусцістыя лішайнікі — яны сустракаюцца ў аддаленні ад дарог, там, дзе чыстае паветра, таму ў горадзе яны ёсць у асноўным толькі ў парках, скверах. Некаторыя іх віды растуць выключна там, дзе чыстае паветра, напрыклад, у сасновых барах. Калі бачыце іх на пэўнай тэрыторыі — так і ведайце: прагулкі тут прынясуць вам толькі карысць, — гаворыць Маргарыта.

Настаўніцкая эстафета

Гэты нечаканы аб’ект даследаванняў трапіў пад увагу дзяўчынкі пасля ўрока “Чалавек і свет” ў 4 класе (тады яна вучылася ў сярэдняй школе № 21 Магілёва), калі настаўніца пачатковых класаў Ірына Мікалаеўна Валуева так расказала пра лішайнікі, што яе вучаніца страціла спакой.

Яе мама Наталля Тупіцына ўспамінае:

— Пасля таго ўрока Маргарыта абходжвала наш мікрараён, углядаючыся ў кару дрэў і ў лішайнікі на ёй, шукала яго новыя віды ў наваколлі нашага дома і вакол школы, паказвала іх мне і расказвала, у чым іх адрозненні ад імхоў, тлумачыла, што гэта кардынальна розныя арганізмы, што яны па-рознаму рэагуюць на знешняе ўздзеянне і г.д. Тады ж яна пачала збіраць іх у сваю калекцыю. Тады і я міжволі вывучыла новыя для сябе тэрміны і той жа тукерманопсіс магла знайсці ўжо сама, без падказак.

Тым жа летам Маргарыта трапіла на экалагічную змену ў летні лагер, і так супала, што і там адны заняткі цалкам былі прысвечаны лішайнікам. Ледзь дачакаўшыся верасня, у 5 класе, дзяўчынка сур’ёзна захапілася гэтай тэмай. А пасля таго як на ўроку “Чалавек і свет” маладая настаўніца геаграфіі Аліна Манвелян правяла майстар-клас па стварэнні ГІС-рэсурсаў, у пяцікласніцы ўзнікла ідэя стварыць такі рэсурс менавіта па лішайніках. Тут трэба адзначыць, што ствараць ГІС-сістэмы сама Аліна Віктараўна навучылася яшчэ ў студэнцтве, калі ГІС-сістэмам іх, будучых настаўнікаў геаграфіі, вучыла мама Маргарыты — Наталля Барысаўна Тупіцына, старшы выкладчык кафедры прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

— Наталля Барысаўна была маім выкладчыкам, таму з Маргарытай я знаёма са свайго першага курса, — гаворыць Аліна Віктараўна Манвелян, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 21 Магілёва. — Яна часта была ў нас на занятках, а знаходзячыся ў асяроддзі студэнтаў, мысліла больш шырокімі паняццямі, чым дзеці ў яе ўзросце. Маргарыта — дзіця, якое вы ніколі не застанеце дома. Яна заўсёды ў падарожжах, паходах, ёй усё цікава, ёй хочацца ўсюды пабываць, усё паба­чыць. І калі зацікавілі яе лішайнікі, то яна наўрад ці кіне іх даследа­ваць. І, упэўнена, будзе пашыраць свой атлас.

Наталля Барысаўна ўдакладняе:

— ГІС-тэхналогіямі я сама зай­маюся даўно. Я шмат працавала са студэнтамі ў гэтым кірунку, мы з імі рэгулярна рабілі ГІС-дадаткі, электронныя карты — і ў вучэбным працэсе, і ў даследчай дзейнасці. І дачка гэта часта бачыла, бо пастаянна была з намі на палявых вучэбных практыках, дзе мы гэтыя прадукты выкарыстоўвалі. А тут яшчэ і настаўніца гэтым яе зацікавіла.

Сапраўды, геаінфармацыйныя тэхналогіі сталі для дзяўчынкі прывычным інструментам. Карыстацца ім ёй проста. Атлас лішайнікаў — у полі імгненнага доступу на яе смартфоне. Адзін націск — і дзяўчынка ўжо праводзіць майстар-клас па запаўненні формы для яе рэсурсу.

— У гэтым атласе ёсць апісальная частка, агульная інфармацыя, картаграфічная інфармацыя. Усе гэтыя каляровыя кропкі на карце горада — месцы лакацый лішайнікаў. Калі націснуць на любую — адкрываецца інфармацыя пра яго назву, месца лакацыі, сямейства, форму, род, від… Усяго тут больш за 100 відаў, — гаворыць дзяўчынка і дэманструе, як лагічна выбудавана структура яе дадатку, спыніўшыся каля каляровых плямінак на кары яблыні. — Спачатку запаўняецца форма. Дата тут ставіцца аўтаматычна. Указваем вобласць, раён, мікрараён. Колер талома — у нашым выпадку жоўты, колер апатэцыяў — цёмна-жоўты, субстрат — кара яблыні. Дадаём геалакацыю — “знайсці мяне”. Цяпер робім фота ці відэа, прымацоўваем яго і адпраўляем. Неспецыялісту можна гэта не запаўняць — дастаткова проста зрабіць фота лішайніка. Атрымаўшы ўсе гэтыя даныя, мы ў камеральных умовах апрацуем іх і дапоўнім інфармацыю самі.

Цяпер школьніца працуе над інфармацыйным блокам, дадае больш падрабязнай інфармацыі па кожным родзе і відзе лішайнікаў. І, канечне, пашырае сваю калекцыю.

— Нават калі мы проста гуляем у парку, Маргарыта стараецца знайсці новы экзэмпляр. Яна добра ведае чырванакніжныя віды і тое, што іх катэгарычна нельга забіраць з прыроды, таму асобна дачка складае толькі іх віртуальную фотакалекцыю, а ў дадатку, як і належыць правілам захавання, не ўказвае дакладную іх лакацыю, каб не паставіць іх у небяс­пеку, — расказвае мама.

Цікава Маргарыце разгле­дзець лішайнікі і з хімічнага пунк­ту гледжання. Пасля пераезду ў Мінск яна працавала над сваім рэсурсам у сваёй новай 130-й школе з настаўніцай геаграфіі Марытанай Мікалаеўнай Гардзеевай, але сёлета настаўніца пайшла на заслужаны адпачынак, таму з верасня сабе ў памочнікі па развіцці электроннага атласа Маргарыта плануе запрасіць настаўніцу хіміі.

Гэты ланцужок настаўніцкай дапамогі мама дзяўчынкі тлумачыць проста:

— Калі дзіця зацікавілася, яно знойдзе і настаўніцкую падтрымку. Як кажуць на ўсходзе, “Гатовы чалавек — гатовы яму і настаўнік”. А калі будзе трэба, я таксама змагу падтрымаць дачку і ёй дапамагчы.

Не менш важны стымул для дзяўчынкі і магчымасць паглыбіцца ў навуковую атмасферу падчас розных конкурсаў, павучыцца ў навукоўцаў, студэнтаў, магістрантаў. Хоць яна заўсёды адзіная школьніца сярод дарослых канкурсантаў, Маргарыта Тупіцына са сваім электронным рэсурсам традыцыйна ў ліку пераможцаў. Напрыклад, у 5 класе яна была прызёрам рэспуб­ліканскага навукова-практычнага семінара студэнтаў і маладых вучоных “ГІС-тэхналогіі ў навуках пра Зямлю”. А напрыканцы гэтага навучальнага года Маргарыта прывезла дыплом ІІІ ступені з VIII Міжнароднага навукова-практычнага семінара “ГІС-Нарач 2023”, на якім спецыялісты міжнароднай ГІС-супольнасці, прадстаўнікі УВА, навуковых устаноў і акадэмічных структур, грамадскіх арганізацый прадстаўлялі свой вопыт прымянення інавацыйных тэхналогій для вырашэння прыродаахоўных задач. Цікава і тое, што студэнты факультэта прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова пішуць свае курсавыя работы па ліхенафлоры горада, карыстаючыся ў тым ліку і атласам Маргарыты Тупіцынай. 

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара  і з архіва Аліны Манвелян