Міністр адукацыі: мы павінны развівацца, на крок апераджаючы запыты рэальнага сектара эканомікі нашай краіны

- 9:29Актуально, Образование

Гатоўнасць устаноў адукацыі краіны да новага навучальнага года, вынікі сёлетняй уступнай кампаніі, пытанні фінансава-­гаспадарчай дзейнасці галіны былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Багаты на навацыі

— Сістэма адукацыі з’яўляецца і будзе заставацца фундаментам любой краіны, яе эканомікі і развіцця грамадства. Менавіта таму самая павышаная ўвага ёй удзяляецца кіраўніком дзяржавы, урадам і ўсім грамадствам — сёння складана знайсці чалавека, які не меў бы адносін да сістэмы адукацыі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. —  У нас выбудавана арганізацыйная вертыкаль, распрацаваны навукова-метадычнае забеспячэнне, падыходы да ўсіх узроўняў адукацыі, выхаваўчай работы. Аднак патрабаванні сённяшняга дня значна ўскладняюцца. А таму мы павінны развівацца, на крок апераджаючы запыты рэальнага сектара эканомікі нашай краіны і ў цэлым грамадства.

У 2022—2023 гадах, у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, урада, паслядоўна вырашаліся пытанні развіцця галіны. За гэты час рэалізаваны меры, накіраваныя на ўкараненне інавацыйных форм работы, павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, абнаўлення зместу адукацыйных праграм, навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і інш.

Як адзначалася, бягучы год быў багаты на дастаткова сур’ёзныя навацыі, якія тычыліся як арганізацыі адукацыйнага працэсу ў цэлым, так і   падыходаў да выпускной кампаніі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Міністр адукацыі засяро­дзіў увагу прысутных на пытаннях, якія былі разгледжаны на нарадзе з удзелам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі і якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Па-першае, гэта гатоўнасць устаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. Нягледзячы на тое, што сертыфікаты гатоўнасці падпісаны ў 98% устаноў адукацыі, маніторынгавымі групамі выяўляюцца выпадкі, калі не ў поўнай меры выконваюцца патрабаванні, якія прад’яўляюцца да ўстаноў. Па-другое, гэта бяспека дзяцей. Арганізацыя бяспекі, выкананне правіл дарожнага руху, прадпісанняў ДАІ, правіл проціпажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму — першачарговая задача. Па-трэцяе, арганізацыя падвозу школьнікаў. У новым навучальным годзе 59 тысяч навучэнцаў будуць падвозіцца да школ. Для гэтага будуць задзейнічаны больш за 1600 школьных аўтобусаў. Да 1 верасня ва ўстановы адукацыі будзе пастаўлены 151 новы аўтобус. Усе пытанні, якія тычацца падвозу навучэнцаў: па забеспячэнні ўстаноў адукацыі тэхнікай, агляду ва­дзіцеляў перад выхадам на рэйс, прахо­джанні тэхнічных аглядаў — па­вінны быць вырашаны.

Яшчэ адзін важны аспект — школьнае харчаванне.

— У мінулым паўгоддзі праведзены маштабны пілотны праект, у якім прынялі ўдзел 23 школы. У межах яго рэалізацыі ўдалося знізіць колькасць адходаў на 25%. Гэта сведчыць аб выніковасці праекта. Распрацаваны і зацверджаны тэхналагічныя карты новых страў, якія могуць быць выкарыстаны ўсімі школамі краіны. Каб мець адпаведныя кампетэнцыі для работы, за летні пе­рыяд павышэнне кваліфікацыі на базе каледжаў прайшлі больш за 1500 школьных кухараў, — зазначыў Андрэй Іванец.

Вялікі крок наперад зроб­лены і ў пытаннях матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння. Закуплена больш за 630 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Праведзены капітальныя рамонты ў 134 харчаблоках ва ўсіх абласцях. І ўжо з 1 верасня больш за 60% школ пяройдуць на рэалізацыю падыходаў школьнага харчавання, якія былі апрабаваны ў межах пілотнага праекта.

Убачыць кожнага абітурыента

— Сёлетняя прыёмная кампанія праведзена на аснове пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па стварэнні справядлівых, роўных і празрыстых умоў для паступлення абітурыентаў, — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. — Праведзена планамерная работа, якая дазволіла ўбачыць матываваных, таленавітых абітурыентаў, стварыць для іх умовы для залічэння на выбраныя і запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.

На сённяшні момант у 42 дзяржаўныя ўстановы адукацыі залічана 27,1 тысячы чалавек. У сярэднім па рэс­публіцы конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. У параўнанні з мінулым годам выраслі прахадныя балы і конкурсы па большасці спецыяльнасцей. Павысілася колькасць абітурыентаў, якія маюць больш за 300 балаў. Адзначаецца значнае павышэнне цікавасці абітурыентаў да педагагічных спецыяльнас­цей.

Асаблівасцю ўступнай кампаніі з’яўляецца этапнасць яе арганізацыі. Асобным этапам ажыццяўляўся прыём без уступных выпрабаванняў пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд, якія былі праведзены ў 18 рэгіянальных універсітэтах. У выніку 369 абітурыентаў паступілі па такой траекторыі. Ра­зам з тым ёсць і праблемныя пытанні: невысокі працэнт паступіўшых з ліку пераможцаў, розны ўзровень складанасці заданняў алімпіяды ў розных універсітэтах.

Па словах А.Бахановіча, важным новаўвядзеннем з’яўляецца новы фармат набору на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, які ўключае правядзенне гэтага этапу ў асобныя тэрміны, а таксама правядзенне ўнутранага экзамену ва ўніверсітэты. У выніку было залічана каля 3,5 тысячы чалавек.

Сярод праблемных пытанняў мэтавага набору — неабходнасць узмац­нення адказнасці заказчыкаў па падборы мэтавікаў і прафарыентацыйнай работы з боку ўсіх зацікаўленых, а таксама неабходнасць карэкціроўкі тэрмінаў мэтавага набору.

Няпоўнае выкананне плана прыёму гаворыць пра недастатковую прапрацаванасць планавання і неабход­насць узмацнення прафарыентацыйнай работы. Па меркаванні рэктара БДТУ Ігара Войтава, узмацніць прафарыентацыйную работу дазволіць комплекс мер, сярод якіх — арганізацыя работы ў класах інжынернай накіраванасці, правядзенне прадметных алімпіяд па профільных прадметах (хіміі і матэматыцы) у школах з удзелам выкладчыкаў універсітэта, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў хіміі і матэматыкі ў БДТУ, выкарыстанне магчымасцей лабараторый універсітэта для школ, аснашчэнне класаў хімічным абсталяваннем і рэактывамі і інш.

Дарэчы, як расказаў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, за апошнія 5 гадоў за кошт сродкаў рэс­публіканскага бюджэту ва ўстановы адукацыі пастаўлены 837 кабінетаў хіміі, каля 700 — біялогіі, 830 — фізікі і 520 кабінетаў працоўнага навучання.

— Навацыі ўступнай кампаніі дазволілі павысіць матывацыю паступлення абітурыентаў у канкрэтны ўніверсітэт і на канкрэтную спецыяльнасць, а таксама выключыць бегатню не толькі паміж універсітэтамі, але і паміж факультэтамі аднаго ўніверсітэта. Фактычна кожны трэці студэнт не здаваў цэнт­ралізаванае тэсціраванне і паступіў ва ўніверсітэт па ўнутраным выпрабаванні. Даручэнне кіраўніка дзяржавы — убачыць абітурыента — выконваецца. І прынятыя нормы і правілы ўступнай кампаніі дазваляюць нам яшчэ больш пашырыць пералік такіх студэнтаў, — лічыць Андрэй Іванец.

Патрыёта выхавае патрыёт

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай спыніўся на напрамках, якія будуць прыя­рытэтнымі ў новым навучальным годзе.

— Адказнасць за захаванне нашых традыцыйных каштоўнасцей ляжыць на плячах педагогаў: выхаваць патрыёта можа патрыёт, — падкрэсліў намеснік міністра. — У цэлым у краіне сістэма работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі лагічна ўбудавана ў сістэму бесперапыннай адукацыі навучэнскай моладзі. Летась патрыятычнае выхаванне набыло новы фармат з улікам мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці і Года міру і стварэння. Праводзіліся як традыцыйныя, так і новыя мерапрыемствы, прысвечаныя памятным па­дзеям, знамянальным датам у гісторыі Беларусі.

У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова рэалізоўваецца праект па наведванні дзяржаўных музеяў навучэнцамі ў межах адзінага бясплатнага дня наведвання. Атрымала развіццё і сістэма ваенна-патрыятычных клубаў, прадугледжана магчымасць ільготнага паступлення іх выхаванцаў ва ўстановы прафесійнай адукацыі. У рабоце з бацькамі станоўча зарэкамендаваў сябе праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Сярод недахопаў — недастатковасць ідэалагічнага патэнцыялу выхаваўчага асяроддзя ўстановы адукацыі, фармалізм пры правядзенні мерапрыемстваў.

Пастаўлена задача — ва УВА да 1 верасня актуалізаваць склад саветаў па засяленні студэнтаў у інтэрнаты, прафілактыцы правапарушэнняў. На факультэтах універсітэтаў завяршыць падбор кандыдатаў на пасады намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце, увесці дадатковыя штатныя адзінкі метадыстаў па рабоце з моладдзю. 

Аляксандр Кадлубай акцэнтаваў увагу і на выхаваўчай рабоце ва ўстановах прафесійнай адукацыі:

— Павялічваецца коль­касць навучэнцаў з няпоўных і мнагадзетных сем’яў, узрастае колькасць дзяцей-сірот, асоб, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. У сувязі з гэтым распрацавана праграма выхавання “Актуальныя напрамкі выхавання асобы ў сістэме прафесійнай адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу”. Дзякуючы ёй, ажыццёўлены пераход ад інфармацыйнага выхавання навучэнскай моладзі да інтэрактыўнага з выкарыстаннем даследчай, праектнай дзейнасці, арыентаванай на развіццё і самаразвіццё.

Адзін з прыярытэтаў сістэмы — забеспячэнне якасці на ўсіх яе ўзроўнях. У 2023 годзе запланавана выданне 22 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі, з якіх ужо выдадзена 15, і 29 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з іх 24 паступяць у школы да 1 верасня). Да новага навучальнага года па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры падрыхтаваны вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Міністэрствам адукацыі ўпершыню распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо па вывучэнні ў школах матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа. З новага навучальнага года на базе 14 школ пачынаецца апрабацыя падручніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа.

— Самазаспакаенне і адносіны да праблем як да чагосьці непазбежнага і спадарожнага ў арганізацыі адукацыйнага працэсу прыводзіць да фармалізму, які не дапушчальны ні ў якой рабоце, а тым больш у рабоце з дзецьмі. Таму важна ў гэтыя апошнія жнівеньскія дні сканцэнтравацца на вырашэнні адзначаных пытанняў і дастойна пачаць новы навучальны год, — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

З новага навучальнага года на базе 14 школ пачынаецца апрабацыя падручніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара