Новы навучальны год стане першым на прафесійным шляху для амаль 700 маладых педагогаў Гродзеншчыны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У вобласці будуць функцыянаваць 742 установы адукацыі, у тым ліку 304 школы. Пад дэвізам “Першы раз у новы клас” навучальны год пачнецца не толькі для школьнікаў рэгіёна — значна прырасце і педагагічная сям’я Гродзенскай воласці. Чакаецца прыбыццё каля 700 маладых спецыялістаў.
— Больш за 240 чалавек — гэта выпускнікі рэгіянальнага ўніверсітэта, а таксама педагагічных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, — адзначыла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Валянцейчык. — Найбольшая колькасць маладых спецыялістаў прыступіць да работы ў Гродне, Лідскім, Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах. У абласным цэнтры педагагічны калектыў папоўніцца больш як на 180 чалавек.
Што тычыцца выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, то каля 200 маладых спецыялістаў сёлета пачнуць свой працоўны шлях у дзіцячых садах. Дзяліцца ведамі са школьнікамі будуць каля 80 настаўнікаў пачатковых класаў, 65 настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і 63 настаўнікі замежных моў. Да таго ж чакаецца папаўненне і сярод настаўнікаў матэматыкі, фізікі, беларускай і рускай моў, педагогаў-псіхолагаў, лагапедаў і іншых спецыялістаў.
У апошнія пяць гадоў замацавальнасць маладых кадраў у сферы адукацыі Гродзеншчыны дастаткова высокая. У сярэднім застаюцца на сваіх працоўных месцах 70% тых, хто трапіў у сістэму адукацыі па размеркаванні. Прычым, калі ў 2019 годзе гэты паказчык складаў 68,9%, то ў бягучым годзе — 74,1%.
— Пры гэтым у шэрагу раёнаў гэты працэнт значна вышэйшы, — удакладніла Таццяна Валянцейчык. — Напрыклад, на Навагрудчыне замацаваліся 89,5% маладых спецыялістаў з ліку педагогаў, у Лідскім раёне — 84%, у Гродзенскім — 82,5%.
За гэтымі лічбамі стаіць вялікая праца па стварэнні неабходных умоў для маладых педагогаў. У раёнах прадугледжаны меры іх сацыяльнай падтрымкі. У першую чаргу гэта, безумоўна, забеспячэнне жыллём, у тым ліку арэндным, і месцамі ў інтэрнатах. Актыўна садзейнічаюць маладым спецыялістам у прадастаўленні арэнднага жылля ў Астравецкім раёне, у засяленні ў інтэрнаты, незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці, — у Карэліцкім, Лідскім, Мастоўскім, Ашмянскім, Смаргонскім, Шчучынскім раёнах.
— Акрамя гэтага, значныя меры сацыяльнай падтрымкі замацаваны ў пагадненні паміж галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на 2022—2025 гады, а таксама ў калектыўных дагаворах ва ўстановах адукацыі. Гэта надбаўка за кантрактную форму найму, 5—10% ад акладу штомесяц выпускнікам-выдатнікам, якія атрымалі ступень бакалаўра або магістра, надбаўка да трох базавых велічынь за высокія вынікі ў працы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і шэраг іншых значных прэферэнцый, — адзначыла Таццяна Валянцейчык.
У раёнах стаўка робіцца на землякоў — выпускнікоў, якія мэтанакіравана вяртаюцца на малую радзіму. Што тычыцца работы ў гэтым напрамку, нельга не адзначыць, што сёлета заключана 209 дагавораў на мэтавую падрыхтоўку. Гэта на 41 больш у параўнанні з 2022 годам. Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі, сістэмна і вынікова ў напрамку заключэння мэтавых дагавораў штогод працуюць у Лідскім, Ашмянскім, Слонімскім, Астравецкім, Смаргонскім і Навагрудскім раёнах.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі