Шуша вучыць «шыпець», Лола — «гудзець». Гульню са смайлікамі для дашкольнікаў стварыла педагог са Шклова

- 11:08Образование

Аўтарскую падлогавую гульню для дзяцей “Логадыванок” распрацавала настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 4 Шклова Юлія Доўгая, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Праблема памяншэння рухальнай актыўнасці ў дзяцей становіцца ўсё больш актуальнай. Але ж рух з’яўляецца біялагічнай патрэбай арганізма, спрыяе інтэлектуальнаму і псіхічнаму развіццю. Без руху дзеці не могуць расці здаровымі, — гаворыць Ю.Доўгая. — Разам з тым малышы маюць патрэбу ў гульні. Многія гульні садзейнічаюць развіццю інтэлекту, увагі, памяці, маўлення, лагічнага мыслення, аднак яны, як правіла, праходзяць, седзячы за сталом. Ці можна аб’яднаць інтэлектуальнае і псіхічнае развіццё з фізічнай актыўнасцю?

У педагога з’явілася ідэя распрацаваць аўтарскую падлогавую гульню “Логадыванок”.

— Вырашыла, што калі змагу зрабіць рух адным з метадычных кампанентаў сваіх заняткаў, то мае выхаванцы будуць намнога хутчэй усё запамінаць і лепш сябе адчуваць, — гаворыць суразмоўніца. — Ні адна з мазгавых функцый падчас карэкцыйных заняткаў не павінна стаяць “на паўзе”! Мала слухаць і паўтараць. Трэба яшчэ скакаць і пляскаць у далоні, падкідваць прадметы і лавіць, дзьмуць і шаптаць, спяваць і смяяцца, адгадваць навобмацак і паспяваць за хуткім тэмпам. І кожны раз будзе задзейнічаны пэўны ўчастак мозгу дзіцяці.

Што ўяўляе сабой логадыванок? Гэта палатно памерам 120 см на 120 см, якое складаецца з 16 рознакаляровых квадратаў. На 12 квадратах нанесены выявы “смайлікаў”, якія перадаюць розныя эмоцыі або выконваюць пэўныя дзеянні (прывітанне, хадзьба, бег, язда; заплюшчаныя вочы; пошук (позірк у лупу); дарыць сэрцайка; вялікі і маленькі смайлікі і інш.). На астатніх размешчаны лічбы ад 1 да 5 і намаляваны дзве ступні; галосныя гукі (а, о, у, ы, і, э) і малюнак двух далоняў; знак пытання; чатыры рознакаляровыя далонькі (чырвонага, сіняга, аранжавага і зялёнага колераў).

— Чаму былі абраны смайлікі? Я працую настаўнікам-дэфектолагам больш за 12 гадоў і з кожным годам заўважаю, што мне ўсё складаней зацікаўліваць выхаванцаў заняткамі, утрымліваць іх увагу, — адзначае Ю.Доўгая. — Знаёмыя нам, дарослым, з дзяцінства персанажы не заўсёды знаходзяць водгук у сучасных дашкалят, таму і спынілася на смайліках — цудоўных сябрах, якія дапамагаюць выхаванцам вучыцца прыгожа і правільна вымаўляць гукі, развіваць граматычны лад, звязнае маўленне і г.д. Напрыклад, Шуша вучыць “шыпець”, Лола — “гудзець”, а Раро — “рыкаць”. І гэта яшчэ не ўсё. За кожным смайлікам — сапраўдныя прыгоды, неверагодная гісторыя і цікавая гульня. Так, мы дапамагаем Раро: вітаемся, выконваем артыкуляцыйную гімнастыку, вымаўляем чароўныя словы, стоячы на адной назе папераменна (“ра-ра-ра”, “ро-ро-ро” і г.д.), расказваем, каго сустрэў Раро (Раро сустрэў карову, Раро сустрэў варону і г.д.). Рухаемся далей і робім дынамічную паўзу, пасля расказваем, што ў Раро ў грузавіку, што ён разглядвае. Ператвараем вялікае ў маленькае, уручаем падарункі, марым пра когосьці ці штосьці і атрымліваем узнагароду. Дзеці з радасцю вучацца, з нецярпеннем чакаюць чарговых нашых заняткаў, а таксама новых прыгод і сюжэтаў.

Асноўная перавага логадыванка — бяспека, насычанасць, шматфункцыянальнасць, варыятыўнасць. Гэта свабода руху, простая маўленчая інструкцыя, візуальная апора ў выглядзе малюнкаў-смайлікаў, якія абазначаюць пэўнае дзеянне або заданне, адзіны сюжэт. Гульня з логадыванком галоўным чынам вучыць не адрозніваць круг ад квадрата, літару “а” ад “м”, а спрыяе гарманічнаму развіццю дашкольніка, яго ўменню камунікаваць, разумець пачутае, узаемадзейнічаць з аднагодкамі і педагогамі. Выкарыстанне вершаў, казак, маўленчых гульняў дапамагае зняць фізічнае і псіхічнае напружанне ў дзяцей, сфарміраваць самаацэнку і ўпэўненасць, пашырыць слоўнікавы запас. Нават у выхаванцаў з няўстойлівай увагай дзякуючы гульням з логадыванком павялічваецца працаздольнасць.

Ю.Доўгая прымае ўдзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу “Лэпбук — інтэрактыўны сродак павышэння ўзроўню засваення матэрыялу дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, адзначана дыпломам І ступені на фестывалі “Педагагічныя чытанні — 2021” у намінацыі “Дыстанцыйныя формы работы з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з асабістага архіва Ю.ДОЎГАЙ