Чаму Сіняя карычневая? Якія таямніцы прыроды разгадвалі навучэнцы з Бабруйска падчас воднага паходу

- 16:18Новости

Ёсць у Беларусі невялікая рэчка з немудрагелістай назвай Сіняя. Напэўна, па колеры вады яе так назвалі. Аднак вада ў ёй, як і ў многіх іншых рэках і рачулках, карычневая, бо сілкуецца ў асноўным з навакольных балот. Дык чаму ж Сіняя?

Разгадваць гэтую і многія іншыя таямніцы прыроды, гісторыі роднага краю, удасканальваць свае спартыўныя турысцкія навыкі адправіліся ўдзель­нікі воднага паходу — 10 навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Спартыўны турызм” Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі Аляксандра Арсеньевіча Карпушэнкі і Валерыі Янаўны Ткачук.

Водны паход першай катэгорыі складанасці праходзіў па тэрыторыі Магілёўскай вобласці ад Асіповіч да Бабруйска. Ідэя прайсці менавіта гэты маршрут узнікла задоўга да здзяйснення самога паходу. З ранняй вясны пачалася актыўная падрыхтоўка: вывучэнне літаратуры і інтэрнэт-крыніц аб раёне падарожжа, разлік маршруту, падрыхтоўка рыштунку і ўдзельнікаў, раскладка меню і вывучэнне лагістыкі падарожжа.

Маршрут запланавалі па трох зусім розных па сваіх тэхнічных і тактычных характарыстыках рэках: Сіняя, Свіслач і Бярэзіна — з мэтай набыць вопыт хады па малой, сярэдняй і вялікай рэках. Найбольш прыдатнае месца пачатку сплаву па рацэ Сіняй было вызначана каля чыгуначнага моста ўчастка Асіповічы — Магілёў.

Разбіўшы лагер, частка групы занялася зборкай байдарак, а частка — адправілася ў Асіповічы на сустрэчу з падпалкоўнікам у адстаўцы Андрэем Міхайлавічам Торбіным. Ён арганізаваў экскурсію па горадзе, расказаў шмат цікавага аб гісторыі і воінскай славе горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Увечары ў лагеры зносіны працягнуліся. Гучалі песні ваенных гадоў. Да адбою байдаркі былі сабраны, экіпажы размеркаваны, груз выдадзены, задачы на наступны дзень вызначаны. За першы хадавы дзень запланавалі прайсці Сінюю, выйсці ў раку Свіслач — на вялікую ваду.

За паваротам шлях заступае бабровая дамба. Зрабіць абнос па беразе немагчыма, бо можна сысці з галавой у балота. Прынята рашэнне прайсці гэтую перашкоду ў лоб. Ногі раз-пораз правальваюцца на дамбе сярод галін і трыснягу. Бачныя бабровыя норы ў берагах ракі. Ну, а далей рака ўваходзіць у лясную зону і з’яўляюцца чарговыя перашкоды ў выглядзе паваленых дрэў.

Нарэшце, Сіняя плаўна ўліваецца ў Свіслач. Радасці юных турыстаў няма канца. Як прыемна ісці па вялікай вадзе! Недалёка ад зліцця знаходзіцца выдатнае месца для стаянкі. Першы дзень шляху падышоў да канца — стаміліся, але было выдатна: усе перашкоды пераадолены.

Сіняя — малая рака Асіповіцкага раёна, даўжынёй 23 км, правы прыток Свіслачы. Разгадваючы паходжанне назвы, разумееш, што Сіняя — гэта святая, бо ў дахрысціянскія часы на яе берагах знаходзіліся капішчы. Берагі Сіняй зараслі высокай травой, цячэ ў асноўным па адкрытай мясцовасці, заліўным лугам. Глыбіня месцамі каля двух метраў.

А з раніцы ў турысцкім лагеры з’явіўся госць — лебедзь. Ён, відаць, пачуў пах грэцкай кашы і не адыходзіць ад берага, наразаючы зігзагі то бліжэй, то далей. Яго пакармілі батонам, і, здаецца, ён вельмі ўдзячны. Група выходзіць на маршрут, а лебедзь плыве напера­дзе байдарак. Так суправаджаў каля гадзіны, пакуль не з’явілася затока.

Свіслач струменіцца ў даволі высокіх берагах. Часам сустракаюцца перашкоды ў выглядзе галінастых карчоў ад паваленых у ваду дрэў. Яны лёгка абыходзяцца злева ці справа. Свіслач здзіўляе сваёй звілістасцю, амаль вертыкальнымі ляснымі берагамі — усё гэта стварала ўражанне, што праходзіш запаветныя месцы.

Развітанне са Свіслаччу, і байдаркі турыстаў уваходзяць у воды Бярэзіны. Бярэзіна — правы прыток Дняпра. Самая доўгая рака, якая на працягу ўсяго свайго цячэння размешчана ў Беларусі. Рака радуе вока шырынёй, вялізнымі поймавымі лугамі, зручнымі стаянкамі. Бярэзіна даволі хуткая рака, што паскарае хаду.

На чацвёрты дзень, нягледзячы на ветранае надвор’е, група паспяхова дабралася да Орлінскага возера. Яно сустрэла прыгожымі туманамі, якія чароўнай завесай прыкрылі прыгажосць прыроды. На наступны дзень, адчуваючы сябе першапраходцамі, юныя турысты здзяйснялі экспедыцыю на амаль некранутае чалавекам і забытае самой Бярэзінай (старое русла) верхняе Орлінскае возера. Тое, што цяжкасці паходу не былі дарэмнымі, стала зразумелым, калі мы ўбачылі чырванакніжныя белыя лілеі, бабровыя хаткі, цэлыя водныя лугі целарэза і загадкавыя дрымучыя лясы.

Адпачынак на Орлінскім возеры атрымаўся: загаралі, купаліся і проста адпачывалі ад штодзённых пераходаў. Месца днёўкі проста выдатнае. Паляна вялікая, вакол — высокі лес, дроў у лесе дастаткова. Сход для байдарак і падыход да вады спадзісты і шырокі. Вада ў возеры празрыстая і чыстая, і яе можна цалкам выкарыстоўваць для прыгатавання ежы, хоць і пітной вадой назапасіліся напярэдадні ў вёсцы Краснае.

Амаль адразу пасля ўпа­дзення ў Бярэзіну яе левага прытока ракі Ольсы — Шчаткаўскі мост. Яшчэ некалькі паваротаў ракі — і на беразе праглядаецца помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў і паспяховай пераправы часцей 3-й арміі 1-га Беларускага фронту праз раку Бярэзіну пры правядзенні аперацыі “Баграціён” у чэрвені 1944 года. У наш час каля вёскі Шчаткава праходзіць рэканструкцыя тых падзей.

Далей Бярэзіна робіць вялікую дугу і адыходзіць ад гарадской рысы. Крыху намаганняў — і група турыс­таў прычальвае ля пясчанага берага гарадскога пляжа Бабруйска. Маршрут паспяхова пройдзены! Тут заканчваецца водны паход працягласцю 108 кіламетраў. Турыстычны вопыт, уменні зносін у калектыве, зарад бадзёрасці абавязкова спатрэбяцца юным бабруйчанам. Незабыўнымі застануцца світанкі, вечары ля вогнішча, зорныя ночы, туманы і тыя цудоўныя людзі, з якімі пашчасціла сустракацца на блакітных дарогах Сіняй, Свіслачы, Бярэзіны.

Святлана МАКСІМОВІЧ,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска
Фота Аляксандра КАРПУШЭНКІ