Уласную сістэму практычных крокаў рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” распрацавалі ў сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Клічава. Асаблівасць — ва ўзаемаразуменні і сутворчасці сям’і і школы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Паспяховасць дасягненняў вучня залежыць ад таго, хто і як уплывае на яго развіццё. Бацькі і педагогі — дзве моцныя сілы, ролю якіх падчас станаўлення асобы дзіцяці немагчыма пераацаніць. Па гэтай прычыне ўзаемадзеянне неабходна. Аднак супрацоўніцтва павінна быць не фармальным, а ўяўляць сабой дакладна выбудаваную сістэму, дзе мамы і таты з’яўляюцца паўнапраўнымі партнёрамі школы ў пытаннях навучання і выхавання. Менавіта ў такім ключы мы пастараліся наладзіць узаемаадносіны з законнымі прадстаўнікамі вучняў, — паведаміла дырэктар Наталля Кніга.
Каб арганізаваць ажыццяўленне праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” эфектыўна, спачатку ў навучальнай установе ацанілі ўзровень супрацоўніцтва з сем’ямі ўсіх вучняў. Гэта паказала канкрэтныя недахопы ў кожным асобна ўзятым выпадку і дазволіла ўдасканаліць работу.
— Пасяджэнні бацькоўскага ўніверсітэта мы праводзім па ўзроставых групах. Як і рэкамендавана Міністэрствам адукацыі, у нас іх тры: для бацькоў навучэнцаў 1—4-х класаў — “Маё дзіця — малодшы школьнік”, 5—9-х класаў — “Маё дзіця — падлетак” і для бацькоў навучэнцаў 10—11-х класаў — “Маё дзіця — старшакласнік”, — патлумачыла Наталля Іванаўна.
Для ўсіх груп ва ўстанове стварылі аднолькавыя тэматычныя кафедры па трох кірунках — педагагічным “ВЕДЫmy”, псіхолага-медыцынскім “ЗДАРОЎЕmy” і прававым “ПРАВАmy”. З мэтай забеспячэння максімальнага ахопу бацькоў пасяджэнні ўніверсітэта тут вырашылі праводзіць у шосты школьны дзень. І гэта знайшло водгук. Адзін раз у месяц па суботах школа запаўняецца зацікаўленымі мамамі і татамі. У інтэрактыўнай форме праз семінары, круглыя сталы, дыскусіі, канферэнцыі і трэнінгі бацькі даведваюцца шмат важнай і карыснай інфармацыі.
— Спектр тэм для сустрэч з бацькамі вельмі шырокі. Усім педагагічным калектывам мы расказваем мамам і татам аб аспектах паспяховай вучэбнай дзейнасці і адаптацыі да асаблівасцей адукацыйнага асяроддзя, закранаем пытанні фарміравання ў вучняў навыкаў здаровага ладу жыцця і прафілактыкі залежных паводзін, вучым бацькоў канструктыўным зносінам з дзецьмі, дапамагаем знізіць рызыку канфліктных сітуацый і крызісаў, пераадолець цяжкасці ў сямейным выхаванні, — адзначыла Наталля Кніга.
Бацькі і педагогі — дзве моцныя сілы, ролю якіх падчас станаўлення асобы дзіцяці немагчыма пераацаніць. Па гэтай прычыне ўзаемадзеянне неабходна. Аднак супрацоўніцтва павінна быць не фармальным, а ўяўляць сабой дакладна выбудаваную сістэму, дзе мамы і таты з’яўляюцца паўнапраўнымі партнёрамі школы ў пытаннях навучання і выхавання.
Узаемадзеянне з бацькамі па ацэначнай шкале ў 1-й клічаўскай школе зараз вывучаюць штогод. Па неабходнасці ўносяць папраўкі ў арганізацыю работы. За падтрымку, творчасць і ініцыятыву актыўных бацькоў ва ўстанове заахвочваюць падзячнымі лістамі.
— Акрамя таго, мы пастаянна праводзім анкетаванні, цікавімся меркаваннямі мам і татаў з нагоды карыснасці ведаў, якія трансліруюць педагогі. Вынікі радуюць: узровень кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях выхавання дзяцей павышаецца, — падкрэсліла дырэктар школы.
Зараз у планах калектыву сярэдняй школы № 1 Клічава — працяг плённага ўзаемадзеяння з сям’ёй, сумеснае з бацькамі стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы з адзінымі патрабаваннямі, дзе дзецям будзе камфортна вучыцца, расці і развівацца. Вопыт гэтай навучальнай установы будзе ўзяты за аснову далейшай рэалізацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” у Магілёўскай вобласці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі