Усе прадстаўнікі беларускай каманды заваявалі медалі на 35-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы

- 9:00Образование

Беларускія школьнікі прынялі ўдзел у 35-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, якая праходзіла з 28 жніўня па 4 верасня ў Венгрыі, паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў Міністэрстве адукацыі.

Барацьба была напружанай, аднак прадстаўнікі нашай краіны справіліся з канкурэнцыяй. Па выніках спаборніцтваў у скарбонцы беларусаў сярэбраны і тры бронзавыя медалі. Так, «серабра» ўдастоены выпускнік гімназіі № 2 Магілёва Дзмітрый Анташкевіч, «бронзу» заваявалі навучэнец 9-га класа сярэдняй школы № 27 Гомеля Міхаіл Брэль, выпускнік гімназіі Янкі Купалы Мазыра, выхаванец Цэнтра юных пажарных Рыгор Кошман, выпускнік Ліцэя Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Марозаў.

Кіраўнікамі каманды выступілі старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Буслаўскі і педагог дадатковай адукацыі Цэнтра юных пажарных Мазыра Аляксей Баруноў.

Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел 360 навучэнцаў з 89 краін (кожную прадстаўлялі па чатыры школьнікі, якія прайшлі нацыянальныя адборы). Згодна з правіламі навучэнцы спаборнічалі індывідуальна. Усяго былі два туры (на іх адводзілася па пяць гадзін), у кожным трэба было рашыць тры задачы з выкарыстаннем мовы праграмавання С++.

Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы — адно з найбольш прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтваў навучэнцаў па праграмаванні. Упершыню праведзена ў 1989 годзе ў г. Правец (Балгарыя). У 2024-м пройдзе ў Александрыі (Егіпце).

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з сайта Міністэрства адукацыі