Першы ў краіне абласны рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні створаны на Віцебшчыне

- 9:05Главная, Образование

Першы ў краіне абласны рэсурсны цэнтр па ваенна­-патрыятычным выхаванні створаны на Віцебшчыне. Якія задачы ён вырашае, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. 

Асноўная мэта новага абласнога рэсурснага цэнтра, які адкрыўся ў жніўні на базе ВАІРА, — удасканаленне работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні на аснове культурна-гістарычных традыцый беларускага народа. Сфера дзейнасці вялікая — пачынаючы з інфармацыйна-метадычнай падтрымкі педагогаў, абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту, навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу да аказання метадычнай дапамогі ў навукова-даследчай, інавацыйнай, праектнай дзейнасці, навучання і кансультавання педагагічных работнікаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх. Прыярытэтным вектарам росту выбрана сацыяльнае партнёрства. На цяперашні час дагаворы аб супрацоўніцтве з інстытутам па названым кірунку падпісалі Рэспуб­ліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі” і Віцебская абласная арганізацыя “Белай Русі”. Дарэчы, членамі гэтага рэспуб­ліканскага грамадскага аб’яднання з’яўляюцца амаль 90 працэнтаў работнікаў ВАІРА.

— У святле задач, пастаўленых перад інстытутам як рэгіянальным цэнтрам бесперапыннай прафесійнай адукацыі, адкрыццё абласнога цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні поўнасцю абгрунтаванае, — падкрэсліла рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская. — Характэрна, што пры яго арганізацыі мы выкарысталі багаты вопыт работы нашага абласнога рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. У рабоце з моладдзю трэба кансалідаваць намаганні ўсіх зацікаўленых аднадумцаў. Ваенна-патрыятычнае выхаванне дапамагае ўсвядо­міць, што такое сапраўдны патрыя­тызм, у чым праяўляецца любоў да Радзімы. Мы нацэлены на развіццё, адпаведна ідзе пастаянны пошук і апрабацыя новых эфектыўных падыходаў, фарматаў і методык. Важна, што многія дастойныя маштабавання ініцыятывы нараджаюцца менавіта ў педагогаў-практыкаў. У сваю чаргу, мы забяспечваем ім зялёнае святло і поўную падтрымку.

 

Так, у рамках дзейнасці рэсурснага цэнтра павышаная ўвага будзе ўдзелена развіццю партала “Ваенрук”. Як заўважыла Вольга Лапацінская, распрацоўка кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 імя Ф.Ц.Блахіна Івана Здзесева ярка заявіла пра сябе падчас абласнога этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” ў мінулым го­дзе. Патэнцыял ідэі адзначылі і на рэспубліканскім узроўні: праект у фінале быў узнагароджаны дыпломам І ступені. Варта дадаць, што моцную дапамогу школьнаму наватару аказаў старшы выкладчык кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ВАІРА Сяргей Лазукоў — атрымаўся зладжаны тандэм. Плёнам далейшага супрацоўніцтва з абласным інстытутам стаў паспяховы ўдзел у XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі. У выніку Івана Аляксандравіча запрасілі на работу ў ВАІРА, дзе ён узначаліў цэнтр выхаваўчай, ідэалагічнай, сацыяльна-педагагічнай, інфармацыйна-аналітычнай работы і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— На пасаду кіраўніка па ваен­на-патрыятычным выхаванні ў школу я прыйшоў з 1 верасня 2021 го­да, — расказаў Іван Здзесеў, які зараз таксама кіруе абласным рэсурсным цэнтрам па ваенна-патрыятычным выхаванні. — Тады ў нас была дастаткова сур’ёзная праблема, выкліканая недахопам метадычных распрацовак па нашым напрамку. Справа ў тым, што кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта пераважна афіцэры ў недалёкім мінулым, якія не маюць педагагічнага вопыту. Ім асабліва складана даводзілася быць у ролі першапраходцаў. У прыватнасці, нават напісанне плана або сцэнарыя аднаго мерапрыемства патрабавала намаганняў і займала многа часу, не кажучы ўжо пра агульныя планы работы на навучальны год. Каб дапамагчы сабе і сваім калегам, я вырашыў стварыць спецыяльную інфармацыйную пляцоўку. У школе мяне падтрымалі — так з’явіўся сайт, які мы назвалі “Ваенрук”. На старце вядомасць нашай навацыі прынёс паспяховы ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным праекце “100 ідэй для Беларусі”. Нашу ідэю сустрэлі прыхільна, і яна знайшла шырокае асвятленне ў СМІ, у тым ліку на старонках “Настаўніцкай газеты”. Што, безумоўна, было значна з пункту погляду інфармавання педагагічнай грамадскасці. А галоўнае, наша задума не засталася на ўзроўні перспектыўнага пачынання — праект быў рэалізаваны і атрымаў далейшае развіццё. 

Прыкметнае знешняе змяненне, акрамя больш яркага, даступнага і сістэматызаванага афармлення, — змена адраса ў віртуальнай прасторы. Створаны на платформе Google рэсурс цяпер пераведзены на сайт абласнога інстытута развіцця адукацыі, не звязаны з замежнымі інтэрнэт-пляцоўкамі і забяспечаны беларускім правайдарам. На сёння “Ваенрук” вырас з сайта ў паўнавартасны інфармацыйны партал: фактычна гэта буфер-накапляльнік методыкі і практыкі патрыя­тычнага выхавання. Пакуль у межах вобласці, аднак вітаецца наступнае далучэнне іншых рэгіёнаў — зацікаўленасць тут узаемная і відавочная. Пашырылася і мэтавая аўдыторыя. Калі раней сайт “Ваенрук” быў арыентаваны на кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, то зараз на аднайменным партале прадстаўлены лепшы педагагічны вопыт ваенна-патрыятычных клубаў, цэнтраў дапрызыўнай пад­рыхтоўкі, пошукавых атрадаў і аб’яднанняў. Партал адрасаваны ўсім задзейнічаным у ваенна-­патрыятычным выхаванні мола­дзі — іншымі словамі, кожны педагог можа знайсці карыснае для сябе і падзяліцца ўласнымі прафесійнымі знаходкамі.

У адрозненне ад іншых падобных інтэрнэт-рэсурсаў, уключаючы добра вядомы педагагічнай грамадскасці “Патрыёт.by”, разам з праверанымі практыкай метадычнымі распрацоўкамі тут прапануюцца карыстальнікам архіўныя дакументы і відэаматэрыялы, прызначаныя для непасрэднага прымянення ў адукацыйным працэсе. Пэўнае напаўненне ўжо ёсць і пастаянна ўдасканальваецца, адпаведныя дамоўленасці заключаны з Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці, Нацыянальнай бібліятэкай і НАН Беларусі. Таксама на партале палічылі мэтазгодным размясціць кінастужкі. Гэта невыпадковы крок, таму што на іх папярэдні прагляд, адбор для канкрэтных заняткаў ці мерапрыемстваў педагогам патрабуецца нямала часу — між тым лепш яго правесці разам з вучнямі. У падборцы “Ваенрука” кінафільмы вывераны ідэалагічна і навукова, каб не было скажэння гістарычных фактаў, якія падаюцца дзецям і моладзі. Зручна, што кінаматэрыя­лы размеркаваны па ўзроставых катэгорыях, для розных класаў. У суседніх раздзелах — стужка навін, укладка з мерапрыемствамі на найбліжэйшы час.

— Шмат планаў у рэсурснага цэнтра і па далейшым удасканальванні партала, — паведаміла Вольга Лапацінская. — Напрыклад, ваенна-патрыятычнае выхаванне будзе прадстаўлена не толькі ў падзеях, але і ў асобах: праз профільнае абласное вучэбна-метадычнае аб’яднанне (яно ўвайшло ў структуру цэнтра) мы запрасілі педагогаў размяшчаць на партале прафесійныя партфоліа. На такія матэрыялы распаўсюджваецца аўтарскае права. Зараз удзельнічаем у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў і спадзяёмся ў выніку запусціць мабільны дадатак, дзякуючы якому ўсім жадаючым будзе зручна карыстацца нашым парталам “Ваенрук” праз тэлефон. Хаця план работы цэнтра на год складзены, педагогі ўвесь час дапаўняюць яго новымі ідэямі. Мы рады гэта вітаць і нязменна будзем падтрымліваць канструктыўныя прапановы.

***

Вольга Лапацінская, рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— З моманту, калі была ўведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўсіх нашых установах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, узнікла неабходнасць метадычнага суправаджэння дзейнасці гэтай катэгорыі работнікаў. Такім чынам, з 2021 года мы праводзім мэтанакіраваную комплексную работу ў гэтым напрамку, уключаючы павышэнне кваліфікацыі і мерапрыемствы міжкурсавога перыяду. Назапашаныя рэгіёнамі практыкі сістэматызуюцца ў інстытуце, лепшы вопыт распаўсюджваецца і актыўна ўкараняецца ў адукацыйны працэс. Запатрабаванымі пляцоўкамі трансляцыі педагагічнага вопыту з’яўляюцца нашы семінары, уключаючы буйныя мерапрыемствы ў Полацку з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца, а таксама ў абласным цэнтры на базе Віцебскага кадэцкага вучылішча і вайсковай часці 5524.

Арганізацыя абласнога цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні — чарговы крок на гэтым шляху.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі