На пасадзе кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Раман Ігаравіч Лёгенькі — трэці год. У 2014 годзе, пасля заканчэння Рэчыцкага педагагічнага каледжа, ён прыехаў у чачэрскую сярэднюю школу № 1 па размеркаванні як настаўнік англійскай мовы. На наступны год маладога спецыяліста прызвалі служыць у армію. Кажа, гэта супала з яго жаданнем аддаць свой грамадзянскі і мужчынскі абавязак краіне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У мяне бацька і дзед служылі. Я таксама хацеў служыць. Трапіў ва ўнутраныя войскі МУС, у спецыяльнае падраздзяленне па канваіраванні. Пад канец службы было шмат прапаноў — у тым ліку застацца служыць па кантракце. Таксама прапаноўвалі пайсці ў самыя розныя ваенізаваныя падраздзяленні. Але мне тут, у Чачэрску, вельмі падабалася, і я вырашыў вярнуцца.
Трэба адзначыць, што Раман Лёгенькі — не мясцовы жыхар. Ён нарадзіўся і вырас у Рэчыцы. У сям’і настаўнікаў няма, але бацькі заўважылі таленты сына і падтрымалі яго жаданне стаць педагогам.

Раман Лёгенькі і вучань 11-га класа Арцём Нажэеў
Новы этап у жыцці Рамана Ігаравіча пачаўся, калі ў школах афіцыйна з’явілася пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.
— Адзін этап скончыўся — пачаўся новы. Цяпер працуем у ваенна-патрыятычным кірунку. Дапрызыўная падрыхтоўка ў 10 класе пачынаецца з ваеннай прысягі. Важна, каб дзеці адразу адчулі адказнасць перад Радзімай. Вядома, мы працуем па праграме. Але і мой асабісты вопыт службы для дзяцей таксама вельмі важны, — адзначае педагог.
У межах праграмы па прадмеце “Дапрызыўная падрыхтоўка” навучэнцы 10—11 класаў бяруць удзел у разнастайных патрыятычных мерапрыемствах, праектах і конкурсах, праходзяць страявую і фізічную падрыхтоўку, вучацца зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава, стральбе. У кабінеце вісіць форма сяржанта запасу, і яна ўжо стала тым артэфактам, які дапамагае зацікавіць школьнікаў ваеннай справай. На форме — знакі адрознення, кожны з якіх штосьці азначае. Вядома, хлопчыкі цікавяцца — што канкрэтна.
Каманда сярэдняй школы № 1 Чачэрска пад кіраўніцтвам Рамана Лёгенькага сёлета заняла 1-е месца ў адкрытых спаборніцтвах Гомельскай вобласці па навыках жыццядзейнасці і гатоўнасці да абароны Айчыны “Маршруты ўдасканалення”, якія былі арганізаваны Гомельскім абласным цэнтрам турызму і экалогіі дзяцей і моладзі.
— Я расказваю старшакласнікам пра сваю службу. Армію памятаю добра — як быццам учора вярнуўся, хоць прайшло ўжо 7 гадоў. Хлопчыкі форму прымяраюць, разглядаюць. Я ім тлумачу, што знакі адрознення на ёй — за добрую службу. Яшчэ два — за колькасць каравулаў. Іх за ўсю службу ў мяне было каля 200. Мы канваіравалі розных людзей — ад хуліганаў і наркаманаў да забойцаў, якія ў судзе атрымлівалі пажыццёвае зняволенне і нават выключную меру пакарання. Служба была сур’ёзная — з баявой зброяй. Для дзяцей вельмі важны мой асабісты вопыт. У тым ліку для тых, чые паводзіны выклікаюць праблемы. Расказваю, чым часам заканчваецца простае хуліганства. Першы раз пакаранне можа быць умоўным, а на другі раз — гэта ўжо некалькі гадоў у калоніі. Уважліва слухаюць і пра тое, як утрымліваюцца зняволеныя, як іх забіраюць, якія яны маюць зносіны паміж сабой. Спадзяюся, гэтыя аповеды кагосьці своечасова спыняць ад супрацьпраўных дзеянняў, — гаворыць настаўнік.
Раман Ігаравіч адзначае, што такія гутаркі часцей адбываюцца не на ўроках, а, напрыклад, на адпачынку падчас працоўнага летняга лагера. Дзеці самі заводзяць такую шчырую гутарку. Вельмі ў справе прафілактыкі правапарушэнняў дапамагае і работа па навядзенні парадку.
— За намі замацавана Алея Герояў у Чачэрску. Мы туды ходзім рэгулярна. Гавару сваім вучням: “Байцы, да мяне!”. Бяром граблі, лапаты і разам расчышчаем, падмятаем, мыем. Прыгажосць! Дзеці да такіх сумесных акцый ставяцца вельмі добра. У нас ёсць аб’яднанне па інтарэсах “Памяць”, якое вядзе гісторык Наталля Міхайлаўна Перавознікава. Мы з ёй супрацоўнічаем. Я дапамагаю ў афармленні музейнага пакоя. Лёгка працаваць, калі далучаецца ўвесь калектыў — менавіта так можна дасягнуць вынікаў, — падкэслівае Раман Ігаравіч.
Сумесна з педагогамі вучні сярэдняй школы № 1 Чачэрска прымаюць актыўны ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую экспазіцыю, прысвечаную ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане і іншых гарачых кропках. У 2022 годзе школьнікі занялі 3-е месца, а сёлета за распрацоўку тэматычнага сайта — 4-е месца.
А вынікі — гэта, напрыклад, раённы патрыятычны конкурс, арганізаваны праваахоўнікамі сумесна з Чачэрскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Дзеці ўсяго Чачэрскага раёна спаборнічаюць у тэарэтычных ведах будовы аўтамата Калашнікава, яго разборцы і зборцы, у фізічнай падрыхтоўцы, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, плаванні і ведах падзей Вялікай Айчыннай вайны. Тры гады навучэнцам сярэдняй школы № 1 пад кіраўніцтвам Рамана Лёгенькага няма роўных. На абласных спаборніцтвах гульні “Арляня” ў яго вучняў 3-е месца. Школьнікі з невялікага раёна Гомельскай вобласці дыхаюць у спіну кадэтам і тым, хто займаецца ў ваенна-патрыятычных класах. Настаўнік перакананы, што на тэмы ваеннай падрыхтоўкі з дзецьмі трэба размаўляць не толькі ў старшых класах.
— Са старэйшымі вучнямі часцей сутыкаешся са скепсісам у стаўленні да ваеннай падрыхтоўкі. Таму важна пачынаць з маленькіх дзяцей. Тых, з кім мы яшчэ ў “Зарніцы” ўдзельнічалі, не трэба ні ў чым асабліва пераконваць. Я ж даўно дапамагаў настаўнікам фізкультуры рыхтаваць дзяцей да гэтай ваенна-спартыўнай гульні. Мы сумесна трэніраваліся ў страявой падрыхтоўцы, стральбе. Таму цяпер у сярэдняй школе бачу зацікаўленых вучняў. Важна, каб дзеці далучаліся да гэтага працэсу дзесьці з 5 класа. Часта бывае і так: ёсць адзін матываваны і ўслед за ім падцягваюцца аднакласнікі. Калі дзеці праходзяць першыя выпрабаванні на гульнях, рыхтуюцца да спаборніцтваў — з’яўляецца матывацыя перамагчы і далей займацца ў нашых аб’яднаннях па інтарэсах “Бравы курсант”, “Рубеж” і ваенна-патрыятычным клубе “Сокал”. Менавіта такія дзеці, магчыма, потым будуць паступаць у ваенныя УВА.
Мара выкладчыка і члена Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў Рамана Лёгенькага — пабудаваць у Чачэрску патрыятычны лазертаг-палігон. Настаўнік упэўнены, што такая форма вольнага часу дазволіць цікава праводзіць ваенна-патрыятычныя гульні. Значыць, мясцовай моладзі ў вольны час будзе чым заняцца. Ускосна гэта яшчэ і прафілактыка правапарушэнняў.
Дарэчы, сёлета трое вучняў Рамана Ігаравіча выбралі ваенную справу ў якасці будучай прафесіі. Двое паступілі ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і адзін стане ваенным урачом.
— Мне падабаецца мая прафесія. Дзеці ў першую чаргу раўняюцца на асобу педагога. Яны глядзяць на мяне, таму я павінен быць ім ва ўсім прыкладам. Калі ў нас праходзяць лінейкі, я спяваю гімн. Дзеці гэта бачаць — і таксама спяваюць. Я раблю ўсё, каб Чачэрск быў усюды на слыху — і мае вучні любяць родны край. Я хачу, каб мае гадаванцы пайшлі ў войска і хацелі абараняць сваю Радзіму, — заўважае педагог.
***
У сярэдняй школе № 1 Чачэрска сёння вучыцца больш за 400 школьнікаў. Вучні сямі класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў у адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара





