Навучыць дзяцей бачыць прыгожае ў штодзённым і далучыць іх да разнастайнага свету мастацтва. Такія мэты вызначае як галоўныя ў сваёй рабоце педагог дадатковай адукацыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Алеся Акінчыц. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Алеся Мікалаеўна — педагог з важкім стажам. У дадатковай адукацыі яна працуе ўжо звыш дваццаці гадоў. Зараз кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Калейдаскоп”.
— Назву свайму гуртку выбрала невыпадковую. Разам з дзецьмі мы сапраўды рэгулярна акунаемся ў неверагодны калейдаскоп мастацкай творчасці, — паведаміла Алеся Акінчыц.
Па яе словах, аб’яднанне наведваюць каля 90 хлопчыкаў і дзяўчынак. На занятках выхаванцы спасцігаюць асновы жывапісу, малюнка і кампазіцыі, спрабуюць сябе ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: роспісе па шкле, дрэве і іншых матэрыялах, лепцы з салёнага цеста, шыцці, вышыўцы, ткацтве. А з нядаўняга часу навучэнцы атрымалі магчымасць асвойваць і такія сучасныя кірункі мастацтва, як анімацыя, маляванне муралаў, лялечны тэатр.
— Выхаванцы ў мяне вельмі ініцыятыўныя. Яны нястомна імкнуцца да новага. А я заўсёды падтрымліваю іх пачынанні і дапамагаю рэалізаваць задумы. Непасрэдна так выйшла з мураламі. У рамках ажыццяўлення абласнога праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” мы з дзецьмі вырашылі апісаць і класіфікаваць усе муралы Магілёва. Калі хадзілі па горадзе, навучэнцы выступілі з прапановай самім стварыць нешта падобнае. Ідэю падтрымала кіраўніцтва нашага цэнтра. Пад маім куратарствам вучні размалявалі сцены ў калідорах установы. Гэта так захапіла дзяцей, што незвычайны від творчасці атрымаў працяг. Мы дадалі яркасці сцяне аднаго з гарадскіх дамоў, маляўніча аформілі будынкі аздараўленчага лагера “Крыніца”. Дзеці ганарацца такой працай, ім прыемна праходзіць побач са сваімі маштабнымі малюнкамі, таму гэтую дзейнасць развіваем далей. Цяпер рыхтуем чарговыя эскізы муралаў, якія ў найбліжэйшы час пастараемся ўвасобіць у жыццё, — падзялілася Алеся Мікалаеўна.
Актыўна развіваецца ў гуртку “Калейдаскоп” і мультыплікацыйны напрамак. Дарэчы, пачаўся ён таксама дзякуючы дзецям.
— Любуючыся вырабамі з пластыліну навучэнкі Лізаветы Някрасавай, я шкадавала, што іх бачыць зусім мала людзей. Захацелася ажывіць персанажы, а не складаць іх у каробку. Так наша аб’яднанне захапілася мультыплікацыяй. У гэтым ключы дзеці працуюць з вялікім энтузіязмам. За два гады мы стварылі звыш 100 разнастайных мультфільмаў. Уся анімацыя адрозніваецца добрымі і светлымі сюжэтамі. У сваіх работах навучэнцы расказваюць пра каштоўнасць дружбы, міру, кахання. Многія мультфільмы паведамляюць пра беларускія традыцыі, знаёмяць з творамі класікаў нашай айчыннай літаратуры, — адзначыла педагог.
Папулярызацыі праз творчасць нацыянальнай культуры Алеся Мікалаеўна наогул удзяляе асаблівую ўвагу. Беларускім фальклорам і звычаямі яна пранізвае ўсе кірункі гуртка, бо заўважыла: вывучаць роднае дзецям вельмі падабаецца.
— Навучэнцы з запалам спрабуюць ствараць знакамітыя беларускія маляванкі на занятках па роспісе тканіны. Падчас роспісу па дрэве асабліва захоплівае іх афармленне куфраў на старадаўні манер. Народныя матывы мы прыўнеслі і ў свае муралы. А не так даўно захапіліся ідэяй адрадзіць магілёўскую батлейку. Прыйшлося добра папрацаваць: пахадзіць па музеях, уласнымі рукамі стварыць спецыяльную скрыню і лялек, — і ў нас атрымалася. Летась мы падрыхтавалі сем арыгінальных лялечных спектакляў. У тандэме з фальклорным ансамблем “Карагод” аднавілі стараславянскую п’есу пра Нараджэнне Хрыстова. Шэраг нашых паказаў быў адзначаны на міжнародным конкурсе “Творчасць без меж”, — расказала Алеся Акінчыц.
На прэстыжных аглядах работы вучняў Алесі Мікалаеўны вызначаюцца штогод. Яны пастаянныя пераможцы абласных і заключных этапаў конкурсаў “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “АрхНавацыя”. Неаднойчы праяўлялі сябе і на вядомым міжнародным фестывалі “Анімаёўка”.
— Перамогі навучэнцаў для мяне значныя, бо гэта паказчык раскрыцця іх здольнасцей і талентаў. Але важнейшыя тыя радасць і жаданне, з якімі дзеці бягуць на заняткі. Шматлікія выхаванцы займаюцца ў маім гуртку ўжо сёмы ці восьмы год. Некаторыя выбралі творчасць за аснову будучай прафесіі. Менавіта гэтая дзіцячая заўзятасць больш за ўсё натхняе і стымулюе да самаўдасканалення. Хочацца развівацца, працягваць педагагічны пошук, каб даваць сваім вучням усё самае лепшае, — падкрэсліла Алеся Акінчыц.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Алесі Акінчыц