Два новыя гурткі па інтарэсах пачалі працаваць у гэтым годзе ў цэнтры «Зорка» ў Мінску

- 13:08Образование

Педагог дадатковай адукацыі сталічнага Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Зорка” Настасся Селіханава: “Усё лета пісала праграмы для новых гурткоў па інтарэсах. Ставіла мэту, каб вучням было цікава і ў хуткім часе яны бачылі вынікі сваіх намаганняў”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адразу два новыя гурткі па інтарэсах пачалі працаваць у гэтым годзе ў цэнтры “Зорка” — “Лічбавы жывапіс” і “2D стварэнне персанажаў”. Абодва арганізаваны па ініцыятыве маладога педагога. Канечне, не абышлося без падтрымкі кіраў­ніцтва ўстановы, якое ўзяло на сябе забеспячэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупіўшы графічныя планшэты. 

Сама Настасся Юр’еўна любіла маля­ваць з дзяцінства. Маці, заўважыўшы творчыя здольнасці дачкі, аддала яе на заняткі ў цэнтр дадатковай творчасці, потым была мастацкая школа і паступленне ў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава. Атрымаўшы кваліфікацыю “мастак. Настаўнік”, малады спецыяліст па размеркаванні пачала працаваць у сферы дадатковай адукацыі — вучыла дзяцей асновам акадэмічнага жывапісу. Многія яе вучні, натхнёныя таленавітым педагогам, працягвалі потым навучанне ў мастацкіх школах. Яшчэ падчас вучобы Настасся Юр’еўна зацікавілася маляваннем на камп’ютары:

— У каледжы былі заняткі па графічным дызайне, і я звярнула ўвагу на гэты кірунак. Затым скончыла курсы павышэння кваліфікацыі, а потым з’явілася жаданне навучыцца маляваць на планшэце. І каб здзейсніць яго, асвоіла лічбавы малюнак.

Дарэчы, яна працягвае набываць веды і зараз. Акрамя вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе ў хуткім часе атрымае спецыяльнасць мастака народных рамёстваў, настаўніка, Настасся пастаянна павышае сваю кваліфікацыю на розных спецыялізаваных курсах. І плануе будучыню: марыць ствараць плакаты, ілюстрацыі, маляваць персанажаў або лакацыі для камп’ютарных гульняў. Ёсць думкі распрацаваць анлайн-курс для дзяцей і дарослых, каб кожны мог вучыцца, не выходзячы з дому.

Але галоўнае, да чаго імкнецца малады педагог, — дзяліцца сваімі ўменнямі і навыкамі з выхаванцамі.

— Усё лета пісала праграмы для новых гурткоў па інтарэсах. Ставіла мэту, каб вучням было цікава і ў хуткім часе яны бачылі вынікі сваёй творчасці, — расказвае Настасся Юр’еўна.

Педагогу падабаецца займацца з дзецьмі, яна лічыць кожнага з іх унікальным. Стараецца накіраваць у патрэбнае рэчышча іх фантазіі.

Поспехі і дасягненні вучняў акрыляюць. Зразумець, што дзіцяці падабаюцца заняткі, зусім нескладана — дастаткова зазірнуць у вочы, якія літаральна свецяцца ад радасці і захаплення.

Сустрэчы ў гуртках пачаліся ў мінулую суботу. Педагог набрала пяць груп: тры — на “Лічбавы жывапіс” і дзве — на “2D стварэнне персанажаў”. У кожнай — па 12 чалавек. Трэба адзначыць, што не ўсе жадаючыя трапілі.

— Гэта стала для мяне прыемнай нечаканасцю. Зрабілі нават запасны спіс, дзеці з якога гатовы далучыцца да заняткаў у тым выпадку, калі вызваліцца месца. Праграма пакуль разлічана на адзін год. Але ж, калі выхаванцам спадабаецца, я гатова і далей займацца з імі, — запэўнівае педагог.

Некалькі слоў пра самі кірункі. “2D стварэнне персанажаў” прадугледжвае атрыманне навыкаў малявання на графічным планшэце. Па задуме педагога, вучні бу­дуць ствараць герояў розных гістарычных часоў, пачынаючы з першабытнага. Якімі яны будуць, залежыць ад дзяцей. Педагог прадастаўляе ім поўную свабоду творчасці, не плануе абмяжоўваць палёт іх фантазіі, бо крэатыўнасць і нестандартнае мысленне — важная якасць мастака, якой неабходна даць магчымасць праявіць сябе.

Тыя, хто выбраў “Лічбавы жывапіс”, засяродзяцца на маляванні пейзажаў, ілюстрацый з дапамогай спецыяльных камп’ютарных праграм.

Пры гэтым Настасся Юр’еўна падкрэс­лівае, што заняткі ў яе гуртках маюць шмат плюсоў. Яны карысныя тым, што дазваля­юць школьнікам засвоіць асновы анатоміі чалавека, зразумець, як размяркоўваецца святло і цені на прадметах, дакладна будаваць кампазіцыю і вызначаць прапорцыі, дапамагаюць засвоіць успрыманне колеру і гарманічных каляровых спалучэнняў. Да таго ж нельга забываць і пра развіццё маторыкі рук і вакамера. І, канечне, гэта добрая прастора для праяўлення творчага патэнцыялу і крэатыўнасці.

Марына ЖДАНАВА