Яго выхаванцы займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах: расказваем пра настаўніка школы № 2 Століна Аляксея Бірука

- 17:33Образование

За дзесяць гадоў работы ў сярэдняй школе № 2 Століна настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксей Аляксеевіч Бірук прайшоў немалы прафесійны шлях. Яму датэрмінова прысвоілі вышэйшую катэгорыю, а яго выхаванцы займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Прыйшоў у гэтую прафесію не проста так — я з педагагічнай дынастыі. Мама працавала загадчыцай дзіцячага сада, бабуля — настаўніцай пачатковых класаў, дзядзька — дырэктар школы і цётка — настаўніца беларускай мовы. А пайшоў менавіта ў фізічную культуру, бо з дзяцінства захапляўся спортам. З малодшых класаў хадзіў у секцыю па дзюдо. Пасля перайшоў на гульнявыя віды спорту. Яшчэ падабалася бегаць на доўгія дыстанцыі, — расказвае Аляксей Аляксеевіч.

Пасля заканчэння Азда­міц­кай сярэдняй школы Аляксей Бірук паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Ша­мякіна на факультэт фізічнай культуры і ваенна-спе­цыяльнай падрыхтоўкі. Там жа працягнуў займацца баскетболам, а пазней стаў гуляць у гандбол за ўніверсітэт. У 2014 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў сярэднюю школу № 2 Століна. Малады спецыяліст паспеў папрацаваць толькі тры месяцы, як яго прызвалі ў войска. З тэрміновай службы Аляксей Аляксеевіч выйшаў у званні сяржанта. Праз тры дні пасля звальнення вярнуўся на працоўнае месца ў школу.

— Я бачу, што дзецям падабаецца на маіх уроках. Стараюся зрабіць так, каб кожнаму было цікава. Ужо ўвайшло ў традыцыю, што старшакласнікі пачалі прыводзіць да мяне ў спорт малодшых братоў і сясцёр. Тым самым выбудавалася паразуменне з баць­камі, яны мяне падтрымліваюць, бо бачаць выдатныя вынікі дзяцей, — адзначае настаўнік.

Аляксей Аляксеевіч Бірук хоча стварыць штогадовыя спаборніцтвы па лыжных гонках на базе сярэдняй школы № 2 Століна. Цяпер ён актыўна займаецца прасоўваннем гэтай ідэі і піша палажэнне аб спаборніцтвах. Потым настаўніку трэба будзе ўсё ўзгадніць з дырэктарам школы і начальнікам аддзела адукацыі.

Аляксей Аляксеевіч упэўнены: калі дзіця фізічна не моцна развітое, але ў яго ёсць жаданне, то за кошт працавітасці яно зможа дасягнуць вялікіх поспехаў.

— У мяне ёсць прыклад — вучань Кірыл Трапец. Ён прыйшоў займацца спортам у 4 класе. Пад­рыхтоўка ў яго была слабая, быў апошнім сярод аднакласнікаў. І вось ужо будучы дзесяцікласнікам выйграў чэмпіянат Брэсцкай вобласці на дыстанцыі 5000 м. А сёлета на чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы заняў 3-е месца. Хлопец залічаны ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і ўжо там будзе праходзіць спартыўную падрыхтоўку. З дзіцем трэба размаўляць як з роўным. Старацца яго па­чуць і зразумець. З 1 класа ў пачатку ўрока расказваю малышам пра дасягненні нашых вучняў. Гэта дапамагае матываваць дзяцей, — тлумачыць Аляксей Аляксеевіч.

Педагог разам з вучнямі пастаянна спрабуюць сілы ў “Снежным снайперы”. А ў алімпіядах па фізічнай культуры і здароўі другі год запар паказваюць выдатныя вынікі.

— Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — гэта вельмі сур’ёзнае мерапрыемства. Штогод узровень моцна вырастае, таму пад­рыхтоўка павінна быць адпаведнай. Мы рыхтуемся круглы год. У кожнага дзіцяці ёсць свой інвентар (лыжаролеры, лыжныя палкі, шлем). А калі няма магчымасці набыць яго, я стараюся выдаць асабісты. Бо калі вучань перастае наведваць маю секцыю, я моц­на перажываю. Лічу, каб быць сапраўдным настаўнікам, трэба аддавацца справе цалкам, — расказвае педагог.  

Першыя лыжаролеры Аляксей Аляксеевіч купляў за свае грошы. У далейшым адміністрацыя школы на чале з дырэктарам Наталляй Антонаўнай Ляшкевіч паверыла ў настаўніка і пачала дапамагаць.

— Вельмі дапамагла былы член нацыянальнай зборнай па біятлоне прызёр чэмпіянатаў свету Людміла Калінчык. Мы з ёй пазнаёміліся на фестывалі “Вытокі-2022” у Століне. Тады я расказаў, як ідуць справы з інвентаром для падрыхтоўкі да спаборніц­тваў. Людміла Георгіеўна пазнаё­мілася з дзецьмі і пастраляла з імі ў рамках біятлона. Яна ўбачыла, як выхаванцы любяць гэты від спорту. І пазней выслала нам падарунак у выглядзе прафесійнай пары лыжаролераў, за што мы з навучэнцамі ёй бязмерна ўдзячны, — дзеліцца настаўнік фізічнай культуры і здароўя.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя любіць шахматы. Нядзіўна, што разам з вучнямі ўжо трэці год у раёне трымаюць пальму першынства ў гэтай справе. Дзяцей набірае ў аб’яднанне па інтарэсах “Шахматы” з 2-х і 4-х класаў.

Раней у Аляксея Аляксеевіча было жаданне арганізоўваць аб’яднанне па інтарэсах па біятлоне, бо да гэтага дзеці са Столінскага раёна не займалі прызавыя месцы на спаборніцтвах “Снежны снайпер”. І вось цяпер ён адкрывае цэлую групу ў рамках пад­рыхтоўкі. Настаўнік кажа, што яго запаветная мара спраўдзілася. Таксама адна з першачарговых задач у найбліжэйшы час — пад­рыхтаваць дзяўчынак, якія выходзяць з узроставай катэгорыі “Снежнага снайпера”, на Кубак Рэс­публікі Беларусь па біятлоне. 

— У пачатку навучальнага года мы выбіраем з выхаванцамі, у якіх спаборніцтвах бу­дзем удзельнічаць, бо ўсё ахапіць немагчыма. Тады і пачынаем руплівую падрыхтоўку. Ужо ведаем, што шмат сіл будзем укладваць у трэніроўкі да зімовага мнагаборства “Здароўе-2024”. Ад кожнага класа выбіраем толькі па дзяўчынцы і хлопчыку. І, як у любым спаборніцтве, спачатку трэба прайсці школьны, раённы і абласны этапы. Удзельнікі здаюць нарматывы: лыжная падрыхтоўка, стральба, скачкі ў даўжыню з месца, адцісканні ў дзяўчынак і падцягванне ў хлопчыкаў. Сёлета нацэлены на рэспубліканскі этап, бо я веру ў сваіх вучняў. Яшчэ абавязкова паўдзельнічаем у “Лыжных гонках”, якія праходзяць у пасёлку Мір. Там збіраюцца наймацнейшыя дзеці вобласці — доб­рая матывацыя для нас, — гаворыць Аляксей Аляксеевіч.

Пра летнія спаборніцтвы настаўнік фізічнай культуры не забывае. Яго вучні ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах па турызме, баскетболе і футболе. Цікава, што дзецям больш за ўсё падабаюцца гульні з мячом. І ў планах настаўніка фізічнай культуры падрыхтаваць каманду дзяўчынак на раённы і наступныя этапы “Скуранога мяча”.

— Мне таксама падабаецца праводзіць падрыхтоўку дзяцей да асенне-вясновага кросу і спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Таму што там важная фізічная якасць — цягавітасць, — адзначае настаўнік.

Дарэчы, у спаборніцтвах па турызме ў раёне ўдзельнічае 39 школ, і навучэнцы сярэдняй школы № 2 Століна за апошнія тры гады з шасці спаборніцтваў узялі прызавыя месцы 5 разоў. Гэта высокі паказчык падрыхтоўкі дзяцей.

— Вось, напрыклад, мой выхаванец Арцём Белаус з’яўляецца неаднаразовым пераможцам раён­ных, абласных спаборніцтваў па турызме, лёгкай атлетыцы і баскетболе. Таксама ён выйграваў раённы этап Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. У нас наладзіўся кантакт, і з 7 класа ў яго пачало ўсё атрымлівацца, а ў 11 класе ў Столінскім раёне яму не было роўных. Цяпер ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і хоча звязаць сваё жыццё са спортам. Я ганаруся ім і ўсімі сваімі вучнямі, якія выбралі асноўнай дзейнасцю спорт. 

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы