На Міншчыне вызначаць педагогаў, якія лепш за ўсіх валодаюць IT-тэхналогіямі

- 13:15Образование

Абласны конкурс «Педагагічная ІТ-мазаіка» будзе праводзіцца на Міншчыне з 2 кастрычніка па 30 лістапада, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

— Мэта творчага спаборніцтва — стымуляваць педагогаў да эфектыўнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў, — растлумачыў М. Башко.

У конкурсе могуць прыняць удзел педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, а таксама аўтарскія калектывы, якія складаюцца не больш чым з трох чалавек.

Прадугледжаны тры этапы: раённы (з 2 кастрычніка па 20 кастрычніка), абласны адборачны (з 26 кастрычніка па 17 лістапада), абласны заключны (з 20 па 30 лістапада).

Лепшых вызначаць у сямі намінацыях: «Анлайн-вучэбныя заняткі», «Інтэрактыўная стужка часу», «Віртуальная экскурсія», «Дынамічная карта», «Інтэрактыўны плакат», «Дзённік вандроўніка», «Кірмаш прафесій», — падагульніў суразмоўнік.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі