Максім Гарэцкі меў вялікі педагагічны вопыт: цікавыя факты з асветніцкай хронікі пісьменніка

- 15:18Новости

Па краіне і ў беларускіх суполках замежжа сёлета ўшаноўваецца памяць класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Таленавітым ён быў не толькі на ніве прыгожага пісьменства. Беларусы Даўгаўпілса, адзначаючы 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, гаварылі таксама і пра яго вялікі педагагічны вопыт. Падрабязна аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Сапраўдным асветнікам быў Максім Іванавіч, хоць і атрымаў спачатку адукацыю каморніка: скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча (1913). Як згадваў яго брат акадэмік Акадэміі навук БССР Гаўрыла Гарэцкі, якраз у вучылішчы Максім і ўпадабаў прыгожае пісьменства, стварыў невялічкае таварыства аматараў беларускай літаратуры. Праз гады вядомым пісьменнікам прыехаў у Горкі, на родную Магілёўшчыну, працаваць выкладчыкам: на кафедру беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У тую пару Максім Гарэцкі шмат пісаў, да таго ж ініцыіраваў, арганізоўваў сустрэчы з Янкам Купалам, Цішкам Гартным, а таксама з Якубам Коласам, з якім быў у добрым сяброўстве.

Нашы супляменнікі ў Даўгаўпілсе ведаюць і такія цікавыя факты з вандроўнай біяграфіі пісьменніка-педагога: на пачатак студзеня 1919-га ён жыў у Вільні, таму пры раптоўным захопе горада польскім войскам (21 красавіка таго ж года) апынуўся ў замежжы. На той час, як сцвярджаюць даследчыкі жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага, ён быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў на Беларускіх настаўніцкіх курсах і Вышэйшых літоўскіх педагагічных курсах. У гімназіі пазнаёміўся з будучай жонкай, Леанілай Чарняўскай, настаўніцай пачатковых класаў. І ўжо 16 ліпеня 1919-га яны павянчаліся. Сям’я праз некаторы час атрымала кватэру на Вастрабрамскай вуліцы — каля будынка беларускай гімназіі (у 2007 г. там была адкрыта памятная дошка).

Гэтыя ды іншыя факты з жыцця Максіма Гарэцкага прыводзіліся нядаўна на імпрэзе ў Цэнтры беларускай культуры пры Даўгаўпілскай гарадской думе. «У нас працуе літаратурна-дакументальная выстава, прысвечаная 130-годдзю Максіма Гарэцкага, — расказала кіраўніца ЦБК, ураджэнка Полаччыны Жанна Раманоўская. — Гэтак мы адкрылі новы творчы сезон, а імпрэзу прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства. Дарэчы, выстава ў гонар пісьменніка, літаратуразнаўца, фалькларыста, дзеяча беларускага нацыянальнага руху, а таксама сапраўднага асветніка Максіма Гарэцкага (1893—1938) створана супрацоўнікамі  мінскага Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Мне здаецца вельмі важным, што ў юбілейны год выстава працуе ў Даўгаўпілсе, які ў пару знаходжання тут Максіма Гарэцкага называўся Дзвінскам».

Зрэшты, пра тое, што і там прайшлі шляхі-дарогі Максіма Іванавіча, не ўсе ведаюць. А ён і сапраўды жыў 4 месяцы ў Дзвінску: выкладаў на Беларускіх настаўніцкіх курсах. Там яго арыштавалі паўторна, даставілі ў Вільню, дзе пратрымалі пад вартай каля трох тыдняў і ўрэшце выпусцілі. А на пачатку 1923 года Гарэцкі ў якасці сябра аргкамітэта актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы з’езда беларускіх настаўнікаў сярэдніх школ. Ён праходзіў 11—14 красавіка ў памяшканні Віленскай беларускай гімназіі, былі на ім і Максім і Леаніла Гарэцкія. З дакументаў вядома: на II пленарным пасяджэнні Максім Гарэцкі выступіў з дакладам як выкладчык беларускай мовы і літаратуры Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, а на IV пленарным пасяджэнні як выкладчык Віленскай беларускай гімназіі.

Максім Гарэцкі з жонкай і дзецьмі

На нядаўняй імпрэзе ў Даўгаўпілсе пра жыццё, дзейнасць і творчасць Максіма Гарэцкага цікавыя і малавядомыя факты біяграфіі расказвала не толькі Жанна Раманоўская. Натхнёна гаварыў пра класіка — як асветніка і родапачынальніка беларускай прозы — паэт, адзін з заснавальнікаў Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» у Даўгаўпілсе Станіслаў Валодзька. Спецыяльна да адкрыцця выставы напісаў ён верш «Шлях Максіма Гарэцкага», які прачытаў на імпрэзе. І песні на роднай мове гучалі ў горадзе над Даўгаваю-Дзвіною: харавая капэла «Спадчына», якой кіруе Сяргей Братусеў, спявала пра родную мову і родавыя нашы карані.

Цікавыя факты з асветніцкай хронікі Максіма Гарэцкага

Пасля вяртання Максіма Гарэцкага з жонкай у Беларусь (1923) рэктар БДУ Уладзімір Пічэта запрасіў яго выкладаць беларускую мову і літаратуру на рабочым факультэце, і пісьменнік пачаў працаваць там — з лістапада 1923 года. Пазней Гарэцкі разам з Якубам Коласам (на той час Канстанцін Міхайлавіч выкладаў беларускую мову і літаратуру на педфакультэце) па жаданні студэнтаў стварылі гурток беларускай культуры на рабфаку БДУ. Яшчэ Максім Гарэцкі выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР: спачатку па сумяшчальніцтве, а з верасня 1925-га як на асноўнай рабоце. Чытаў і лекцыі па літаратуры ў ветэрынарным тэхнікуме. Ездзіў у Віцебск і Хоцімск з лекцыямі па фальклоры, беларускай літаратуры і мове. Друкаваў свае артыкулы ў газетах «Савецкая Беларусь» і «Звязда».

У 1925-м быў зацверджаны новы склад Інбелкульта. Максім Гарэцкі ўзначаліў там Слоўнікавую камісію, затым мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі. Прытым удзельнічаў у рабоце правапісна-тэрміналагічнай і літаратурнай камісій, чытаў лекцыі на першых Калінінскіх акруговых настаўніцкіх курсах і разам з Якубам Коласам — цыкл лекцый у Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў.

Цяпер у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва зберагаецца ўнікальная калекцыя асабістых рэчаў і дакументаў сям’і Максіма Гарэцкага. Сярод іх ёсць шэраг дакументаў, звязаных з яго педагагічнай дзейнасцю — нават канспекты ўрокаў, па якіх працаваў як выкладчык. Ёсць і школьныя сачыненні, якія здавалі яму вучні. Беражліва ўсё захавала, сістэматызавала і перадала на Бацькаўшчыну Галіна Гарэцкая — дачка пісьменніка.

Дарэчы. У пасляваенны час узрасла цікавасць да творчасці пісьменніка-патрыёта ў Беларусі. У прыватнасці, Алесь Адамовіч у 70-я гады працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР і па рабочых справах сустракаўся з блізкімі людзьмі Максіма Гарэцкага, беспадстаўна рэпрэсаванага і ў 1938-м расстралянага. Нагадаем, што Алесь Міхайлавіч быў і педагогам, доктарам філалагічных навук: у 1950-м скончыў філфак БДУ, вучыўся там у аспірантуры, працаваў на кафедры беларускай літаратуры. А ў 1962—1966 гг. выкладаў у Маскоўскім дзяржуніверсітэце курс беларускай літаратуры. Прысвечаная класіку кніга Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» выйшла ў Мінску ў 1980 г. А жылі тады Гарэцкія не толькі ў Беларусі: брата пісьменніка, акадэміка-геолага Гаўрылу Гарэцкага, жонку пісьменніка Леанілу Чарняўскую-Гарэцкую і яго дачку Галіну Гарэцкую наведваў Алесь Адамовіч у Ленінградзе. І якраз Галіна Гарэцкая расказала яму некалькі «блакадных» гісторый, пазнаёміла з жанчынай-блакадніцай. Па сутнасці, гэта і быў першаштуршок для пачатку вялікай працы Алеся Адамовіча і Данііла Граніна, шырока вядомай цяпер як «Блакадная кніга». І таму на адным з першых асобнікаў, калі выйшла яна ў 1979-м у выдавецтве «Советский писатель», аўтары надпісалі: «Галіне Максімаўне Гарэцкай. Той, дзякуючы якой нарадзілася гэтая кніга». Кніга, дарэчы, да 70-годдзя Перамогі была перавыдадзена і ў Беларусі: у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Іван ЖДАНОВІЧ