“Гісторыя вучыць, што росквіт любой дзяржавы з’яўляецца вынікам таго, што гэтая дзяржава адзіная, — гаворыць Фёдар Васільевіч Радзівонаў, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 50 Мінска. — Дзень народнага адзінства для мяне — сапраўднае свята ўз’яднання раней раз’яднанага народа”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фёдар Васільевіч выкладае ў 9—11 класах. Кабінет гісторыі ў гімназіі абсталяваны самымі сучаснымі сродкамі навучання, педагог карыстаецца разнастайнымі крыніцамі інфармацыі. Але пры гэтым ён прыхільнік жывой педагогікі, наладжвання міжасобасных зносін у працэсе вывучэння той ці іншай тэмы ўрока, кожную з якіх разглядае пад вуглом практычнага прымянення ў жыцці чалавека.
— Вывучэнне тэорыі, запамінанне дат, імёнаў, тэрмінаў без іх практычнага прымянення ў штодзённым жыцці не мае вялікага сэнсу, — адзначае Фёдар Васільевіч. — Мае вучні мадэлююць розныя сітуацыі, выконваюць практычныя заданні, ужываюцца ў гістарычны вобраз, устанаўліваюць прычынна-выніковыя сувязі той ці іншай падзеі (нагадаю, што закон прычынна-выніковых сувязей у гісторыі з’яўляецца галоўным). Бо ў гісторыі, як правіла, нічога не адбываецца выпадкова.
Такія ж падыходы педагог выкарыстаў і пры падрыхтоўцы адзінага ўрока памяці, прымеркаванага да Дня народнага адзінства. На гэтым уроку Фёдар Васільевіч раскажа дзецям дакладную гісторыю, заснаваную на дакументах, фактах, сведчаннях.
— Планую працаваць з вучнямі ў кірунку развенчвання фэйкаў аб тым, што адбывалася ў перыяд з 1939 па 1941 год, правядзём відэаэкскурсію па архівах з прадстаўленнем дакументаў і сведчанняў. Ведаю, што вучні праяўляюць пэўную цікавасць да названага перыяду, ім хочацца ведаць гістарычную праўду, — гаворыць Фёдар Васільевіч. — Пэўныя крыніцы звязваюць дату 17 верасня з пачаткам уступлення войскаў Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Але, калі пачынаеш разбірацца з дакументамі, разумееш, што гэты крок быў зроблены не як акт агрэсіі, а як акт вызвалення, дзякуючы якому ўз’ядналіся дзве часткі аднаго народа. На тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая знаходзілася тады ў складзе Польшчы, больш за 85 працэнтаў жыхароў былі этнічнымі беларусамі. Астатнія 15 працэнтаў былі людзьмі іншых нацыянальнасцей. Мае старшакласнікі начытаныя і здольныя да аналітычнага разгляду тых ці іншых падзей. Калі яны задумваюцца над атрыманай інфармацыяй, то пачынаюць разумець, што ўсё тое, што ў нас сёння адбываецца ў краіне, з’яўляецца працягам гістарычнага шляху, які раней быў выбраны нашым народам.
Да Дня народнага адзінства ў гімназіі № 50 Мінска адбудзецца значная падзея: адкрыццё музейнай экспазіцыі “Дзеці свету — пра вайну і мір”. Яе экспанаты раскажуць аб мінулым і сучаснасці гімназіі, аб выдатных выпускніках, у тым ліку воінах-афганцах, а таксама аб перыядзе Вялікай Айчыннай вайны.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





