Якія інтэрактыўныя формы і метады работы дазваляюць сталічным педагогам павысіць эфектыўнасць урокаў рускай мовы і літаратуры, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Інтэрактыўна і прадукцыйна
У практыку выкладання настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 61 Мінска Таццяны Вікшнеліс трывала ўвайшлі інтэрактыўныя формы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія развіваюць індывідуальныя творчыя здольнасці дзяцей, дазваляюць навучэнцам актыўней выкарыстоўваць гуманітарныя веды на практыцы ў штодзённым жыцці.
Метад Джыгсо ўяўляецца адным з найбольш эфектыўных метадаў інтэрактыўнага навучання, бо прызначаны для таго, каб навучэнцы дапамагалі адно аднаму вучыцца. Клас дзеліцца на групы, атрымлівае заданні, затым ўдзельнікі пераразмяркоўваюцца ў іншыя групы і па камандзе настаўніка тлумачаць сваё пытанне, пасля чаго вяртаюцца на месца і яшчэ раз абмяркоўваюць агульную тэму, якая складаецца з мікратэм. Вучэбны матэрыял даецца блокам, прычым заснаваны на самастойнай рабоце навучэнцаў, развівае камунікатыўныя, кагнітыўныя, прадметныя кампетэнцыі. Прыкладам можа служыць урок у 9 класе «Складаны сказ і яго віды». Навучэнцы дзеляцца на 4 групы і прадстаўляюць мікратэмы «Складаны сказ», «Складаназлучаны сказ», «Складаназалежны сказ», «Бяззлучнікавы складаны сказ».
«Рашэнне дылемы» прадугледжвае дзяленне навучэнцаў на 2—3 групы. Непасрэдна на рашэнне дылемы адводзіцца пэўны прамежак часу (7—10 мінут). Пасля дыскусіі настаўнік і навучэнцы падводзяць вынікі абмеркавання. Напрыклад, на ўроку рускай літаратуры па вывучэнні паэмы А. Блока «Дванаццаць» у якасці дылемы педагог прапануе выказванне У. Маякоўскага аб творы: «Адны прачыталі ў гэтай паэме сатыру на рэвалюцыю, іншыя — славу ёй». Гэты метад развівае камунікатыўную і каштоўнасна-сэнсавую кампетэнцыі, падрыхтоўвае да прыняцця самастойных рашэнняў у будучыні.
Урок рускай мовы адкрывае шырокія магчымасці для прымянення і такога метаду, як постар. Яго сутнасць заключаецца ў стварэнні мастацкага плаката, які заключае ў сабе канкрэтную ідэю або вобраз па пэўнай праблематыцы, што даследуецца. Звычайна работа носіць калектыўны характар і кантралюецца настаўнікам. У працэсе яе ажыццяўляецца візуалізацыя вучэбнага матэрыялу, прадстаўляюцца тэарэтычная і практычная часткі. Такі метад настаўніца выкарыстоўвае на ўроках па вывучэнні лексікі, фразеалогіі, часцін мовы. Яго прымяненне фарміруе як прадметныя, так і асобасныя кампетэнцыі навучэнцаў.
У марфалагічнай скрынцы
На сваіх уроках настаўніца рускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 78 Мінска Таццяна Шустава выкарыстоўвае тэксты новай прыроды.
— Яны сёння сталі больш прывабным для сучасных падлеткаў і моладзі матэрыялам, наглядным і даступным, які цалкам адпавядае іх кліпаваму мысленню, — адзначае Таццяна Міхайлаўна. — Сёння сярод падлеткаў папулярныя графічныя раманы, коміксы, манга. Выступаючы на даследчых фестывалях і конкурсах, навучэнцы рыхтуюць стэндавую абарону. На ўроках педагогі часта выкарыстоўваюць інфаграфіку, стужку часу, інтэлект-карты, рабочыя лісты. Папулярныя таксама праектныя работы ў форме лэпбука. У афармленні адукацыйнай прасторы можна ўбачыць аблокі слоў, плакаты, QR-коды. Тэксты новай прыроды нелінейныя, аб’ёмныя, фрагментарныя, візуальныя, незакончаныя. Таму на занятках, акрамя традыцыйных, добра вядомых усім відаў работы з нелінейным тэкстам (ілюстрацыі, складанне рознага роду схем і табліц), выкарыстоўваю коміксы, прыём «Геаграфічная карта», вімельбухі (кніжка-комікс буйнога фармату з яркімі, дэталізаванымі ілюстрацыямі), скетчы, лэпбукі, каліграмы.
Выкарыстанне коміксаў як спосабу інтэграцыі візуальнай і тэкставай інфармацыі на ўроку беларускай мовы дазваляе педагогу растлумачыць такія няпростыя тэмы, як «Складаны сказ», «Знакі прыпынку пры дыялогу», «Пабочныя словы», наглядна, займальна, тым самым выклікаючы зацікаўленасць навучэнцаў. Настаўніца прапануе вучням напісаць рэплікі персанажам коміксаў, потым ператварыць нелінейны тэкст у лінейны. Дзякуючы коміксам навучэнцы, якія слаба паспяваюць, лепш засвойваюць паняцці «рэпліка», «словы аўтара», колькасць частак у складаным сказе.
Пры вывучэнні тэмы «Уласныя і агульныя назоўнікі», «Род нескланяльных назоўнікаў» педагог прымяняе прыём «Геаграфічная карта». На мультыбордзе дэманструецца геаграфічная карта свету, навучэнцам даюцца заданні на аснове матэрыялаў карты: знайсці 5 нескланяльных назваў рэк, гарадоў; знайсці 5 назваў краін, якія скланяюцца, вызначыць род і скласці з імі словазлучэнні. Такія заданні спрыяюць агульнакультурнаму развіццю, рэалізоўваюць кампетэнтнасны падыход.
Пры вывучэнні тэмы «Разрады прыметнікаў па значэнні» Таццяна Шустава выкарыстоўвае прыём «Марфалагічная скрынка». Загадзя навучэнцы збіраюць абгорткі ад цукерак, у назве якіх ўжываюцца прыметнікі. На ўроку навучэнцы вызначаюць іх разрад, высвятляюць, які разрад ужываецца часцей.
На ўроку беларускай мовы ў 5—6 класах для развіцця крэатыўнага мыслення педагог выкарыстоўвае вімельбухі. Заданні могуць быць самыя разнастайныя: знайсці назоўнікі 3 скланення і скласці з імі сказы, прыдумаць і запісаць аповед па карціне і г. д.
У якасці абагульнення па тэме «Часціны мовы» арганізоўваецца складанне лэпбука (як групавая праектная работа). Гэтая тэхналогія спрыяе разуменню і запамінанню інфармацыі па тэме, якая вывучаецца, набыццю навыкаў самастойнага збору і сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу, дазваляе паўтарыць і замацаваць тэму.
— Пераарыентаванне адукацыі на візуальны рад непазбежна, як бы педагогі да гэтага ні ставіліся. Калі мы зацікаўлены ў тым, каб адкрыць сучасным навучэнцам складаны і разнастайны свет ведаў, каб павысіць якасць адукацыі, нам неабходна зразумець жыццё тэкстаў новай прыроды, якія падлеткі сёння ўспрымаюць як свае, і шукаць новыя метадычныя падыходы да ўключэння іх у вучэбны працэс, — мяркуе Таццяна Шустава.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара