Педагагічную наднёманскую сімфонію можна пачуць, калі добра ўслухацца, у Нёманскай школе. А дзе гэта — чытайце!

- 15:03Новости

Нататкі карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” ў 2 частках з камандзіроўкі ў Нёманскую сярэднюю школу імя пісьменніка-земляка Ільі Гурскага, якая рыхтуецца адзначыць 160-годдзе.

Магільнянская ці Нёманская?

Расказваю калегам, настаўнікам пра школу — некаторыя перапытваюць: а гэта дзе? То з назвы і прадоўжым. Чытачы, мяркую, бачылі тэкст пра родавыя карані расійскага акадэміка Валянціна Пармона: бацька ягоны быў з вярхоўяў Нёмана, з вёскі Касцяшы — з Уздзеншчыны. Знаёмства з мясцінамі, адкуль пайшлі ў свет многія таленавітыя людзі, пачыналася ў мяне з Нёманскай школы. Раней жа называлася Магільнянскай, бо ў вёсцы Магільна, што па левым беразе рэчкі.

У савецкі час назву вёскі рэфарматары ўзяліся «амілагучыць». Перайменаванне спарадзіла і новы тапонім Нёман (які даў назву школе і ёсць яшчэ і сёння на некаторых картах, паказальніках), і супраціўленне мясцовых жыхароў тым, хто, як тады казалі, ні сваю гісторыю не паважае, ні чужую. Свой пратэст патрыёты ўзмацнілі вобразным параўнаннем, што яны — «не русалкі, не рыбы, не ракі, каб жыць у Нёмане». У наш час, думаю, спрацаваў бы і тэрмін «гістарычная памяць». Урэшце ў гады перабудовы магільнянцы такі вярнулі вёсцы яе назву «большасцю галасоў». І хоць рэфарматарскі вал «асадзіў назад», але школа ў Магільне так і застаецца Нёманскай. Таму далей тут — як у вядомых радках Маякоўскага: пішам Нёманская — маем на ўвазе Магільнянская…

«Левабярэжная» Люба з Любчанскай школы

«Рака гістарычнай памяці» пасля перайменаванняў вярталася ў свае берагі на вачах настаўніцы роднай мовы і літаратуры Любові Собаль. Дырэктар школы Святлана Роўная ўдакладніла: яна не з мясцовых, але ў школе працуе даўно, і бацькоў некаторых вучняў малымі памятае, прычым не толькі жыхароў Магільна — і з Яршоў, Касцяшоў. Там пазней у гутарцы з фельчарам Ганнай Бондар я пачуў пра яе дачок Вераніку і Паліну, якія добра вучыліся ў школе, працуюць у Мінску на адказных пасадах. «Мы імі ганарымся, нашы выпускніцы! — дадала настаўніца. — І бацьку іхняга, Уладзіміра, я вучыла».

Любоў Собаль са зборнікам вершаў юных паэтаў Нёманскай школы

Самой Любові Анатолеўне пашчасціла з дзяцінства жыць у Панямонні: родам з вёскі Сенна, таксама на левым беразе Нёмана, каля Любчы. Згадвае: «І школа наша была ў Любчанскім замку! Цяпер яго рэстаўруюць, каля Міра ёсць паказальнік: як туды ехаць. Мы, хто раслі ў тых мясцінах, тым ганарымся».

З цеплынёй і любоўю згадвае тату: просты калгаснік, але ж таленавіты, працавіты, начытаны чалавек. Рамантычны, пісаў вершы. «Калі пасталела, то сваякі аднагалосна вырашылі: трэба мне ісці ў настаўнікі роднай мовы і літаратуры. Вучылася ў Мінскім педінстытуце імя Максіма Горкага, скончыла яго ў 1979-м, тут праходзіла практыку. Рэктарам тады быў гісторык, прафесар, былы партызан Аляксандр Караткевіч. І шмат іншых цікавых выкладчыкаў, мовазнаўцаў мы слухалі, сярод якіх мой зямляк з Сенны Аляксей Рагуля, Фёдар Янкоўскі. Які, дарэчы, на лекцыях часта згадваў Навагрудчыну. «Так, Люба Казак, падыміся. (Маё дзявочае прозвішча.) А ці ведаеш ты, што…» І пытае пра нейкую моўную з’яву ў нейкай з вёсак Навагрудчыны… «Ой, то я, мабыць, тых людзей не ведаю…». А Фёдар Міхайлавіч мне: «Люба, мову землякоў трэба ведаць!».

Мова родная — мова жывая

Згадвае Любоў Собаль з ліку любімых выкладчыкаў і літаратуразнаўцу Міколу Мішчанчука, ягоныя артыкулы ў часопісе «Роднае слова». Гаворым пра галоўнага рэдактара выдання Міхася Шавыркіна і плённае супрацоўніцтва — з 2010-га — з рэдакцыяй, яго калегамі: «Зоя Падліпская, Ларыса Сагановіч, Наталля Шапран — усе нашы сябры. Камандай прыязджалі да нас, і мы тут рабілі надзвычай цікавы праект «Роля роднага слова ў абуджэнні духоўнасці асобы». Тады ў нас кожны настаўнік па сваім прадмеце рабіў адметны праект. А звышмэта была: з розных пазіцый паказаць, як жыве Беларусь, чым слаўная, што значыць духоўнасць і якая роля мовы ў тым, каб адкрывалі мы ў сабе духоўныя каштоўнасці. Нехта з маіх калег звязаў праект з тэатрам, нехта — з малой радзімай. А я запрасіла каманду «РС» на чале з тагачасным галоўрэдам Зояй Падліпскай. І наш паважаны айцец Аляксей, мясцовы святар, быў удзельнікам праекта. Прыехалі ўсе мае калегі-мовазнаўцы з раёна: можа, чалавек 20. З вучнямі старшых класаў зрабілі цікавую імпрэзу, доўга і скрупулёзна рыхтавалі. Дык гэта быў сапраўдны момант ісціны! Мы гаварылі, разважалі пра ролю роднага слова ў прасвятленні свядомасці, узвышэнні душы чалавека. Потым і калегі мае, і госці мінскія казалі: раней такога не бачылі. Усе былі рады ў нас пабываць».

Мова родная ў школе і цяпер жывая. Пра тое Любоў Анатолеўна гаворыць з гордасцю, бо і яна з калегамі ўжо больш за 40 гадоў свае сілы ў гэта ўкладвае: «Большасць вучняў мовай цудоўна валодаюць. І калі, напрыклад, праходзяць у нас у лютым штогадовыя дні роднай мовы, то ўсе, прычым лёгка, гавораць толькі па-беларуску». Паказвае ганаровыя граматы, якую атрымала школа ад часопіса «Роднае слова»: за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, значны ўклад у зберажэнне і развіццё беларускай мовы і літаратуры, захаванне нацыянальных духоўных каштоўнасцей і ў сувязі з юбілеямі заснавання выдання. Супрацоўніцтва і цяпер ёсць, у тым ліку і праз удзел у конкурсах, якія праводзіць рэдакцыя: «Там блізкія нам па духу людзі працуюць, я жартам кажу, што і яны «па левым беразе Нёмана» — гэта значыць з глыбокай павагай да нашай спадчыны, народных традыцый, культуры, роднай мовы».

Камандаўтварэнне, альбо Эфект школьнай талакі

Тым часам і дырэктар, Святлана Мікалаеўна, удзельнічае ў размове. Згадвае, што Нёманская школа ўзята як пляцоўка для апрабацыі новага інавацыйнага праекта, які распрацаваў Брэсцкі інстытут развіцця адукацыі. Пададзім назву на мове арыгінала: «Внедрение активной гражданской позиции учащихся и готовности к реализации общественно значимых инициатив посредством применения технологий социального творчества и командообразования».

«Згуртаванне праз розныя агульныя справы, камандны дух — гэта мы ўсё развіваем, — патлумачыла Святлана Мікалаеўна. — Напрамак у выхаванні традыцыйны, раней быў яшчэ тэрмін КТС — калектыўна-творчая справа».

Экскурсію ў школьным музеі праводзіць дзевяцікласніца Юлія Страмавус

Як ні круці, а педагогіка, разважаем далей, абавязкова будзе выкарыстоўваць выхаваўчыя, калектываўтваральныя прыёмы. Па-беларуску ж можна сказаць і так: давайце шырэй выкарыстоўваць у школьнай практыцы талаку. Як талокі ладзіць — пра тое не толькі навукоўцы, але ж простыя вяскоўцы ведаюць, раскажуць. Трэба толькі важныя элементы талакі не згубіць: скажам, рабіць хоць невялікае частаванне, салодкі стол з чаем, духмянай гарбатай талакоўцам пасля працоўнага дэсанта ці добраўпарадкавання тэрыторыі школы, берага рэчкі альбо мемарыяла. Бо стол — гэта ж у нашай народнай традыцыі найважны складнік таго самага «камандаўтварэння». Адзін фалькларыст неяк задаў мне пытанне: які элемент агульны для ўсіх народных беларускіх свят? Перабраў я многае, ад адзення да спеваў і гумару, а ён хітравата ўсміхнуўся ды раскрыў сакрэт: «Агульнае — разам за сталом пасядзець, хоць бы толькі з чаем, прычым і гэта важны складнік самога свята!». І з талакою, безумоўна, тое ж самае.

«…А цеплыня зносін зберагалася»

У беларускай талацэ спакон вякоў жыве магутны імпульс да стваральнасці, вельмі актуальны ў Год міру і стварэння. І калі з улікам нашых традыцый адпрацаваць сучасныя мадэлі школьнай талакі, то гэта і будзе «самае тое»: інавацыя праз традыцыю. А дэталі, нюансы можна запазычыць у фалькларыстаў, якія талокі вывучалі, апісвалі. Даследчая праца можа быць праведзена і вучнямі з выкарыстаннем вопыту мясцовых старажылаў.

«Памятаю талокі з дзяцінства, — гаворыць Любоў Анатолеўна. — Цяжкую працу ў вёсцы рабілі ўсе разам: бульбу капаць, сена касіць, буракі выбіраць, хату будаваць альбо рамантаваць… Там і сацыяльная актыўнасць, і камандаўтварэнне, і камандны дух прыўзняты — бо людзі разам робяць карысную справу. І потым абавязкова застолле-частаванне — за кошт таго, каму дапамаглі».

А ў школе талокі раней ці былі? Твар Любові Анатолеўны святлее: «Часта згадваю пару, калі дырэктарамі ў нас былі Ніна Ус, Аляксандр Брылеўскі, пазней Валянціна Стахно, а завучамі Рома Фурманава, Алена Іргачова, Сяргей Армонік… Вельмі душэўная атмасфера ў школе тады ўсталявалася. І хоць дырэктары-завучы змяняліся, а цеплыня зносін, а таксама дружалюбнасць, гасціннасць і сапраўдная ўзаемадапамога зберагаліся. Дык і школьныя талокі ў тым ліку давалі такі стваральны эфект! Раней настаўнікі бралі ў калгасе дзялкі, на якіх восенню буракі ўсе адно аднаму дапамагалі выбіраць. І ў школе працавалі — як адна сям’я, плячом да пляча. Ці бульбу за капалкамі збіралі: нікога ніхто ў радах не кідаў. Потым, вядома ж, разам елі-сядзелі на ўскрайку поля — так спрадвеку павялося. А смак печанай у прыску бульбы!

І сумесная праца, і агульнае застолле талочнае аб’ядноўваюць людзей. Мы ж пры полі абмяркоўвалі як школьныя, так і дамашнія свае справы, сямейныя, вясковыя навіны. А прыходзілі ў школу — і былі ўсе зараджаныя аптымізмам, было жаданне яшчэ нешта зрабіць разам, на карысць агульную. З вялікай верай, што мы ўсё зможам, бо — грамада, сям’я. Любую імпрэзу ўсе разам адужаем, і нам, як кажуць, мора па калена! Вось што такое талака і калектыўны дух. Пры тым усе адно аднаго паважалі. І я вельмі рада, калі бачу ў зносінах водгулле тых традыцый, бо чалавек пяць, асвечаных імі, у школе яшчэ ёсць. Святлана Мікалаеўна — з ліку педагогаў маладых, якія прыйшлі пазней, у 90-я. А гэта яшчэ і Т.В. Трухан, А.М. Велікевіч, Л.І. Лыч, А.І. Шафар, Л.С. Дзесюкевіч, Р.О. Дубовік, Т.А. Хмель… Мы з імі працавалі, цяпер яны — усе нашы. Гэтаксама ж нашымі сталі маладыя настаўнікі, якія прыйшлі выкладаць у школу ў апошнія гады: А.А. Кушнер, Я.І. Караніха, Л.М. Хмель, П.А. Пратасевіч, К.Л. Мігун. І мы ўсе разам трымаем гэтую высокую планку. Скажу шчыра: ніхто ніколі ні на каго ў нас не паскардзіўся, не пакрыўдзіў. Бо мы ўсе праблемы ўмеем вырашаць калектыўна».

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара