Гэтая педагагічная дынастыя аб’ядноўвае некалькі прозвішчаў і налічвае каля 200 гадоў агульнага стажу ў прафесіі. Напярэдадні Дня настаўніка яе прадстаўнікі, а сярод іх, дарэчы, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, сустрэліся з маладымі педагогамі вобласці, каб падзяліцца вопытам, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскага праекта «Сямейныя чытанні». Ініцыятарам яго выступае Беларускі саюз жанчын сумесна з беларускімі выдавецтвамі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі.
Каля 20 настаўнікаў з усіх раёнаў вобласці і Гродна даведаліся аб тым, як прыйшла ў педагогіку Людміла Кебіч, як услед за мамай гэтую прафесію выбралі для сябе вызначальнай яе дзеці — дырэктар і педагог гродзенскай гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча Вольга Хітрушка і Іван Кебіч.
— У нашай сям’і чатыры пакаленні педагогаў. Дарылі сваю душу дзецям яшчэ мае бацькі — тата быў настаўнікам гісторыі, а мама выкладала ў пачатковых класах. Той жа сцяжынкай па жыцці пайшлі мы з мужам, а ўслед за намі — дзеці. Сёння свае крокі ў прафесіі педагога робіць яшчэ і ўнучка — чацвёрты год яна працуе настаўніцай інфарматыкі ў адной са сталічных гімназій, — расказала Л. Кебіч.
Педагагічная дзейнасць вядомай не толькі на Гродзеншчыне пісьменніцы ў свой час пачалася ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. Дзялілася ведамі з навучэнцамі на працягу 40 гадоў і з удзячнасцю ўспамінае цікавыя гады выкладання тэорыі музыкі, сальфеджыа, музычнай літаратуры. Нават першая яе апублікаваная кніга называецца «Па музычных законах». Выданне пабачыла свет у 1996 г. і аб’яднала пад адной вокладкай вершы, прысвечаныя музыцы. Людміла Антонаўна прызнаецца, што на стварэнне некаторых вершаў натхняла менавіта выбраная прафесія выкладчыка.
— Кажуць, што педагогам спачатку нараджаюцца, а потым становяцца. У нашай сям’і ёсць прыклад, які пацвярджае правільнасць гэтага выказвання. Пра дачку Вольгу Хітрушку яшчэ выхавальніца ў дзіцячым садзіку сказала: будзе педагогам. Так і стала. Сёння яна кіруе педагагічным калектывам і, як і я, за шмат гадоў на шляху настаўніцтва не сустракалася з паняццем «прафесійнае выгаранне», — дадала суразмоўніца.
Адказваючы на пытанне, у чым сакрэт такога падыходу, удзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што ў любую прафесію важна ісці праз любоў да яе. А калі гаворка ідзе пра настаўніка — гэта асабліва актуальна.
— Калі настаўнік здолее зацікавіць, вучань сам захоча ведаць усё пра яго прадмет. Пры такім падыходзе фармулёўка «павінен вучыцца» мяняецца на «жадаю вучыцца» і прыносіць зусім іншы вынік і карысць, — адзначыла В. Хітрушка.
Прадстаўнікі педагагічнай дынастыі не толькі дзяліліся карыснымі парадамі з маладымі педагогамі вобласці. У аўдыторыі гучалі творы вядомай пісьменніцы і ўспаміны аб тым, што ёй у свой час чыталі бацькі-педагогі. Таксама ішла гаворка і пра тое, што Л. Кебіч сёння чытае сваім маленькім унукам.
Цікава, што Людмілу Антонаўну родныя нярэдка называюць эксклюзіўнай бабуляй. Для кожнага з чацвярых унукаў яна выдала імянныя кнігі. Там не толькі навеяныя пытаннямі дзяцей вершы, але і невялікія замалёўкі-апавяданні.
Пажаданні і парады маладым педагогам вобласці таксама адрасавалі рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка, а таксама прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын.
— Хочацца сказаць маладым настаўнікам дзякуй за іх выбар прафесіі. Сама вырасла ў сям’і ўрача і настаўніка і добра ведаю, што праца педагога — нялёгкая справа. Гэта тая работа, якую немагчыма выканаць да канца кожны дзень. Заўсёды нешта застаецца на заўтра. Але гэта і тая праца, якая дорыць вялікі зарад энергіі дабра. Заўсёды для сябе адзначала, што ва ўстановах адукацыі прысутнічае асаблівая энергетыка. Энергетыка жыцця, развіцця і руху, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі «Гродзенчанка» БСЖ Ірына Луканская.
Яна таксама дадала, што сёння вельмі важна дапамагчы маладым педагогам адчуць гордасць за выбраную прафесію. Важна, каб яны атрымлівалі задавальненне ад таго, што робяць, ганарыліся сваімі вучнямі, і як вынік — каб іх вучнямі ганарылася ўся краіна.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара