Дырэктар СШ № 14 Маладзечна Каліна Капуцкая: «Наша стратэгія — выхоўваць апору дзяржаўнасці»

- 13:40Персона

Каліна Віктараўна Капуцкая — дырэктар сярэдняй школы № 14 Маладзечна, але па доўгу службы часта прыязджае ў Мінск. Яна намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Гэтым разам, будучы ў сталіцы, знайшла час заехаць у нашу рэдакцыю. Размова, натуральна, пачалася з сенатарства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сапраўды, ужо чацвёрты год я спалучаю работу кіраўніка ўстановы адукацыі і заканатворчую дзейнасць, якая ўключае ў сябе сесіённую работу, сумесныя слуханні з дэпутатамі ніжняй палаты парламента, пасяджэнні профільнай камісіі, правядзенне дзён інфармавання і сустрэч у калектывах прадпрыемстваў і арганізацый з прадстаўнікамі выканаўчай і распарадчай улады. Нямала мерапрыемстваў звязана з міжнародным супрацоўніцтвам. Істотную частку сенатарскай дзейнасці складаюць сустрэчы з жыхарамі Маладзечанскага, Вілейскага і Мя­дзельскага раёнаў, ад якіх я была выбрана. Колькасць зваротаў ад насельніцтва павялічваецца. І не таму, што праблем стала больш. Павысіўся давер нашых грама­дзян да дэпутатаў усіх узроўняў. Гэта можна адчуць пры сустрэчы з імі. Людзі прыходзяць не толькі з бытавымі пытаннямі, але і дзеляцца сваімі думкамі, меркаваннямі. Бывае, што праблемы, з якімі звяртаюцца людзі, не заўсёды вырашальныя ў прававым полі, але тыповыя і патрабуюць заканадаўчай падтрымкі. Таму мы прапануем унесці змяненні ў той ці іншы закон, і ўзніклыя пытанні становяцца асновай для заканадаўчых норм. Заканатворцы павінны быць мабільнымі ў сваёй дзейнасці і своечасова рэагаваць на запыты нашага грамадства. Так падтрымліваецца зваротная сувязь з грама­дзянамі, а мы з’яўляемся праваднікамі іх інтарэсаў.

— І ў школе ваша місія дзяржаўнага дзеяча працягваецца?

Мой вопыт сенатарскай дзейнасці, безумоўна, дапамагае ў кіраванні навучальнай установай, у зносінах з калегамі, дзецьмі. На сістэму адукацыі сёння ўскладваецца важная місія выхавання апоры нашай дзяржавы — падрастаючага пакалення, якому давя­дзецца мацаваць будучыню нашай краіны. Канечне, набыты аўтарытэт кіраўніка, члена парламента ўплывае на жыццёвы і прафесійны шлях, бо ты падкаваны заканадаўча, адчуваеш у сабе стрыжань, які робіць цябе мацнейшым. Гэта дае матывацыю для далейшай дзейнасці. Разам з тым гэта і вялікая адказнасць. Ты нясеш дзяржаўную палітыку ў свой калектыў, думаеш больш глабальна, і ў той жа час ты такі ж шчыры і ўспрымальны да праблем іншага чалавека, гатовы прыйсці на дапамогу.

— Вы з педагагічнай дынастыі. І гэта тая крыніца, з якой нараджаецца прызванне, чэрпаецца педагагічны талент.

— Так. Мае прадзед, дзед і бацька былі педагогамі. Іх любоўю да прафесіі я праніклася з самага ранняга дзяцінства. Памятаю, як яшчэ ў дзіцячым садку ў Слуцку, дзе я нарадзілася, мы гулялі з дзецьмі ў школу. І я, канечне ж, была настаўніцай. Пазней, ужо ў падлеткавым узросце, мой выбар яшчэ больш умацоўваўся. Скончыўшы слуцкую школу № 8 з музычным ухілам, я паступіла ў Салігорскае педагагічнае вучылішча на аддзяленне “Пачатковыя класы, музыка і спевы”. Музычна я была падрыхтавана, а вось методыцы выкладання прадметаў прыйшлося вучыцца. З удзячнасцю ўспамінаю свайго выкладчыка Наталлю Стасеню, якая вучыла мяне спосабам авалодвання матэрыялам і заўважаць кожны штрых, кожны сказ падручніка, быць скрупулёзнай ва ўсім, імкнулася перадаць, як кажуць, педагагічны дух у зносінах з выхаванцамі: як знайсці падыход да кожнага, як правесці ўрок, каб ён спадабаўся і запомніўся. Гэта быў для мяне каштоўны вопыт, які спатрэбіўся ў час вучобы ў БДПУ і ў далейшай рабоце настаўніцай, класным кіраўніком, потым і кіраўніком установы адукацыі. Прызванне — гэта аснова педагогікі. Якім бы ты ні быў вялікім прафесіяналам, але без шчырай любові да дзіцяці, імкнення яго вучыць і выхоўваць, накіроў­ваць на шляху ў самастойнае жыццё нічога не атрымаецца.

— Школа ваша знакамітая і з незвычайнай гісторыяй.

Нашай школе ўжо больш за 20 гадоў, на яе адкрыццё прыяз­джаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Да гэтага ў Мала­дзечне пабудавалі новы мікрараён, куды засяліліся маладыя сем’і. Будучая школа была даўгабудам, і паскорыць заканчэнне яе будаў­ніцтва на мясцовым узроўні ніяк не ўдавалася. Жыхары звярнуліся да Прэзідэнта, і ён абяцаў увесці школу ў строй да пачатку новага навучальнага года. Так і здарылася. Кіраўнік дзяржавы прыехаў на адкрыццё навучальнай установы і ў кнізе ганаровых гасцей пакінуў наказ, каб школа стала апорай дзяржаўнасці, была ў авангардзе сістэмы адукацыі. І гэтаму мы імкнёмся адпавядаць.

Наш калектыў кіруецца дэвізам “Школа, дзе кожны паспяховы”. Дэвіз сцвярджальны, а зна­чыць, поспех закладваецца ў кожнай справе. Высокі ўзровень ведаў навучэнцаў — візітная картка нашай установы. У нас шмат пераможцаў прадметных алімпіяд абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, якія паказалі выдатныя вынікі па матэматыцы, фізіцы, замежнай мове, біялогіі, фізічнай культуры і здароўі і іншых прадметах. На цэнтралізаваным экзамене нашы дзеці пацвердзілі свае адзнакі па ўсіх прадметах, а па некаторых нават павысілі. 82% выпускнікоў паступілі ва УВА. Амаль усе школьнікі, якія скончылі нашы педагагічныя групы, паступілі ва ўніверсітэты педагагічнага профілю, а некаторыя пасля заканчэння вярнуліся ў нашу школу ўжо ў якасці настаўнікаў. Сёлета мы выпусцілі каля 200 выпускнікоў 9-х класаў. Звычайна палова з іх паступае ў каледжы. Гэта выдатны вынік. Выпускнікі ў выбудоўванні сваёй прафесійнай траекторыі павінны мець некалькі варыянтаў. Адзін з іх — праз прафесійную адукацыю — вельмі перспектыўны. Сама прайшла такі ж шлях. Ты ўмацоўваешся ў сваім выбары, ужо ўсвядомлена ідзеш у прафесію, а значыць, і спецыялістам будзеш адмысловым. Мы на працягу кожнага навучальнага года сур’ёзна займаемся прафарыентацыйнай работай, у якой удзельнічаюць школьны псіхолаг, класны кіраўнік, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, бацькі. Выкарыстоўваем розныя дыягнастычныя камп’ютарныя праграмы, право­дзім сустрэчы ў каледжах, вышэйшых навучальных установах, на прадпрыемствах, у арганізацыях.

— Вядома, што ў самым пачатку дзейнасці школы былі створаны ваенна-патрыятычныя класы.

— Мы ўзялі курс на выхаванне дзяцей, заснаванае на нацыянальных традыцыях дзяржавы, фарміраванні грамадзянскіх і патрыятычных якасцей у кожным. Былі створаны ваенна-патрыятычныя класы, а цэнтрам гэтага кірунку стаў музей, дзе прахо­дзяць класныя гадзіны, экскурсіі, сустрэчы. Кіруе музеем воін-інтэрнацыяналіст Ігар Арабей. У зале музея мы прымаем школьнікаў у піянеры. У іх радах — абсалютная большасць нашых выхаванцаў. Прыемна, што яны становяцца піянерамі не таму, што трэба, а дзеля агульнай справы, якая нас аб’ядноўвае, — быць дастойным грама­дзянінам.

— Гэта і ёсць стратэгія развіцця ўстановы?

— Як кіраўнік я ўспрымаю працэс кіравання глабальна, маштабна, цэласна. Будую стратэгію развіцця: як і куды мы бу­дзем рухацца. Педагогі ў нас вельмі творчыя, з жаданнем удзельнічаюць у прафесійных конкурсах, далучаюцца да стварэння падручнікаў, распрацоўваюць свае вучэбныя праграмы, шукаюць новыя педагагічныя тэхналогіі, імкнуцца задаволь­ваць патрэбы і густы сваіх выхаванцаў. Гэта Зінаіда Давідовіч, Вольга Барадака, Вольга Марковіч, Віталь Васільеў, Вольга Корсак, Валерыян Гайдуль, Яўгенія Пілецкая, Таццяна Асіповіч, Раман Мейсак, Вольга Рароўская і іншыя педагогі. Вядомая аксіёма: калі вучню падабаецца настаўнік, то спадабаецца і яго прадмет. У нашай школе 1700 навучэнцаў, і да кожнага трэба ставіцца індывідуальна, лічыцца з яго жаданнямі, мець зносіны з яго сям’ёй. Сёння, бе­зумоўна, няпроста ісці ва ўнісон з сучаснымі дзецьмі. Але нашы педагогі імкнуцца быць з імі на адной хвалі.

— А як працуецца маладым педагогам у вашым калектыве?

— У нас усе маладыя спецыялісты з радасцю застаюцца праца­ваць, мы ствараем добразычлівы клімат як у навучэнскім асяроддзі, так і сярод педагогаў. Імкнёмся, каб сярод іх было ўзаемаразуменне, павага адно да аднаго, створаны ўмовы для творчасці, прафесійнага рос­ту. Я падтрымліваю ініцыятыву маладых і сталых педагогаў, іх прафесійныя амбіцыі. Усе тыя маладыя настаўнікі, хто быў накіраваны да нас па размеркаванні, ні разу не пашкадавалі, што працуюць у нас. Мы чуем словы ўдзячнасці і ад бацькоў маладых педагогаў. І гэта наша гордасць. Прывяду адзін прыклад, які, як я лічу, характарызуе нашу ўстанову. Малады настаўнік матэматыкі, Рамуальд Алятоіць, творчы, адказны, па размеркаванні быў накіраваны ў нашу школу. Праз год работы пайшоў служыць. Пасля заканчэння тэрміну яму прапанавалі працягнуць службу па кантракце, але ён, нягледзячы на перавагі, усё ж такі выбраў працу ў нашай школе і вярнуўся ў знаёмы калектыў, да сваіх вучняў.

— Якую ўвагу ўдзяляеце арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, рэалізацыі іх творчых запытаў?

— Мы імкнёмся стварыць умовы, каб кожны з дзяцей у вольны час змог рэалізаваць свае здольнасці, знайсці занятак па душы. Тут задзейнічаны пазаўрочны час кожнага дня, шосты школьны дзень, і нават сёмы, калі хочаце. Панарама правядзення вольнага часу разнастайная. Мы развіваем харэаграфічны, музычны, мастацкі, тэатральны, спартыўны кірункі. Нашы творчыя калектывы дэманстру­юць свой талент на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, фестывалях, выставах, прэзентацыях, святах і спаборніцтвах. На ІІ Гульнях СНД — 2023 вучань 11 класа нашай школы Генрых Танковіч заваяваў у плаванні два сярэбраныя і 1 бронзавы медалі. Два гады назад мы стварылі новы спецыя­лізаваны па спорце клас па пяціборстве, куды ўвахо­дзяць фехтаванне, стральба, катанне на конях, плаванне, лёгкая атлетыка. Акрамя таго, у школе развіты інтэлек­туальныя гульні. Нават у беларускім тэлевізійным клубе “Што? Дзе? Калі?”, акрамя нашага настаўніка гісторыі Дзмітрыя Януковіча, у адной з каманд гуля­юць школьнікі і выпускнікі сярэдняй школы № 14 Маладзечна.

— А ў вас які любімы занятак у вольны час?

— Зараз я часцей за ўсё займаюся прысядзібным участкам, люблю гатаваць. А вось раней, калі было больш часу, напрыклад, магла звязаць кручком сукенку за адну ноч. Быў такі вопыт у юнацтве, калі трэба было пайсці ў абноўцы на дыскатэку. Акрамя заняткаў музыкай, займалася вышыўкай, фатаграфаваннем, танцамі (тады папулярны былі стэп і ламбада), вязаннем, кройкай і шыццём, наведвала першы ў краіне тэатр моды, літаратурны гурток, кіраўніком якога быў Мікалай Хілько, выдатны настаўнік, дырэктар, стваральнік беларускага літаратурнага школьнага музея. Была патрэбнасць паспрабаваць сябе ва ўсім, вызначыць свой густ, свае магчымасці, здольнасці. І ўрэшце вызначыць, хто ты.

— Імя ў вас прыгожае, рэдкае… Абавязвае?

— Мяне так бабуля назвала. Рэдкае імя сапраўды выклікае ўвагу да сябе. У адказ хочацца яму адпавядаць. Кажуць, што імя вызначае лёс. Але я не пагаджуся. Імя можа ўпрыгожыць твой лёс, а сутнасць жыцця — за самім чалавекам. Жыві прыгожа, годна, і тваё імя запомніцца. Кожнаму настаўніку жадаю, каб яго імя запомнілася вучням. Гэта лепшая ацэнка нашай справы.

Ала КЛЮЙКО