Утрымаць планку лепшай школы. Піраміда поспеху дырэктара з Вензаўца Ганны Франюк

- 13:40Персона

За больш чым 50­-гадовую гісторыю Вензавецкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна ў ёй былі толькі два дырэктары — Міхаіл Клімко, які 32 гады бездакорна служыў школе і дзецям, і цяперашні кіраўнік Ганна Франюк — выпускніца гэтай установы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

Навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення Ганна Іванаўна прысвяціла больш за 40 гадоў, з іх 20 гадоў — на пасадзе дырэктара. Ранейшы дырэктар школы быў настаўнікам Ганны Іванаўны. Пасля заканчэння Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1988 годзе па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура” Ганна Франюк вярнулася ў сваю альма-матар. І Міхаіл Міхайлавіч Клімко ўжо як калега перадаваў ёй свой педагагічны і кіраўніцкі вопыт, дапамагаў ва ўсім.

— Пры першым дырэктары ўмацоўвалася матэрыяльная база школы. Памятаю, як навучэнцы дапамагалі калгасу ў зборы яблыкаў, бульбы, уборцы лёну, — адзначае Ганна Іванаўна. — Большасць заробленых грошай трацілася на дадатковае абсталяванне. Напрыклад, закуплялася радыё- і праекцыйная апаратура, каб урокі настаўнікаў можна было суправаджаць дэманстрацыяй кінафрагментаў і слайдаў, магнітафоннымі запісамі. Велізарная школьная тэрыторыя набыла дагледжаны выгляд: з’явіліся агарод і вялікая цяпліца з расадай, прыгожыя клумбы з разнаквеццем, алеі дрэў па ўсёй тэрыторыі, дзіцячая пляцоўка, школьны стадыён.

Гэта былі не проста гады работы, гэта мой рост, натхненне. А якія са мной працавалі настаўнікі з вялікай літары, сапраўдныя энтузіясты, з іскрай у вачах і любоўю ў сэрцы! Яны вучылі дзяцей валодаць сабой, паводзіць сябе адпаведна сітуацыі, шанаваць традыцыі, былі прыкладам для пераймання.

Мой класны кіраўнік настаўнік гісторыі Сяргей Ула­дзі­міравіч Русін захапляўся жывапісам, памяшканні школы ў той час упрыгожвалі яго мастацкія работы, і вучням ён перадаваў сваё майстэрства, стварыў адзін з лепшых ціраў у раёне. Жыццё ў школе кіпела: агляды, конкурсы, спаборніцтвы. Дробат барабана і песні горна да гэтага часу прызыўна гучаць у маёй душы! І заўсёды Вензавецкая сярэдняя школа была ў ліку лепшых!

Ішлі гады, змяніліся пакаленні, і Ганне Іванаўне Франюк прапанавалі ўзначаліць установу. Спачатку ў будучага кіраўніка былі сумненні: ці зможа яна павесці за сабой калектыў, дзе працу­юць яе былыя настаўнікі? Першыя два гады было цяжка псіхалагічна, але дапамаглі вопытныя намеснікі дырэктара.

— Маёй задачай было заха­ваць добрыя традыцыі школы, стабільны калектыў, утрымаць планку лепшай школы, — адзначае кіраўнік. — І ў нас атрымалася. Па выніках раённага конкурсу за лепшую арганізацыю работы ва ўстанове адукацыі сельскай мясцовасці наш калектыў на працягу 8 гадоў узнагароджваўся дыпломамі І ступені.

Калектыў Вензавецкай сярэдняй школы распрацаваў доўгатэрміновы праект “Піраміда поспеху”. Яго мэта — стварэнне спрыяльных педагагічных, арганізацыйных, сацыяльных умоў для самарэалізацыі, самаразвіцця, самасцвярджэння кожнага навучэнца ў працэсе ўключэння ў індывідуальную і калектыўную дзейнасць.

Праект паспяхова рэалізуецца праз удасканаленне прафесійнага майстэрства педагогаў (конкурсы педмайстэрства, фестывалі, трансляцыю вопыту, публікацыі, інавацыі); даследчую дзейнасць (навуковае таварыства “Пошук”); алімпіяды, інтэлектуальныя конкурсы; творчыя конкурсы, фестывалі; спартыўныя спаборніцтвы, турніры.

Наш калектыў у самым росквіце сіл, яго сярэдні ўзрост складае 43 гады. Штогод да нас уладкоўваюцца маладыя педагогі. 10 гадоў назад гэта быў настаўнік фізкультуры і здароўя Сяргей Міхайлавіч Карнелік. З яго імем асацыіруюцца словы “дысцыпліна”, “стабільнасць”, “адказнасць”, “любоў да работы”, “павага да вучняў”, “абаянне” і г.д. У гэтым го­дзе ён стаў пераможцам раённага і лаўрэатам абласнога этапу рэспуб­ліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Тэмай педагагічнага вопыту, які ён прадстаўляў на конкурсе, стала “Навучанне баскетболу навучэнцаў 5—6 класаў праз выкарыстанне рухавых гульняў на ўроках фізічнай культуры і здароўя”.

Дзякуючы Сяргею Міхайлавічу, у школы ёсць спартыўныя дасягненні. Па выніках раённай спартакіяды навучэнцаў установа штогод займае прызавыя месцы. 4 вучні з Вензаўца ўвайшлі ў зборныя раёна па лёгкай атлетыцы, футболе, лыжных гонках. У 2023 годзе навучэнец 2 класа Кірыл Лебедзь стаў прызёрам абласнога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”.

Ганна Іванаўна расказала яшчэ аб адным педагогу — настаўніцы біялогіі і геаграфіі Аксане Віктараўне Роўба. Гісторыя ў яе незвычайная, бо 20 гадоў назад яна ўладкавалася ў школу кухарам. Дырэктар адразу заўважыла, што Аксана Віктараўна вельмі адказная, ветлівая, умела працуе з педагогамі і дзецьмі, арганізоўвае ў сталовай працэс так, каб усе елі з апетытам і талеркі былі чыстымі. Аднойчы Ганна Іванаўна зрабіла Аксане Віктараўне прапанову: “Не хацелі б вы паступіць на педагога?” Вочы ў будучага настаўніка заблішчэлі: “А што вы можаце мне прапанаваць?” “Вы мне географа нагадваеце”, — нібыта пажартавала Ганна Іванаўна. І не памылілася. З першага разу Аксана Роўба здала экзамен і паступіла ў БДПУ на завочнае аддзяленне. Паралельна ў школе працавала педагогам-арганізатарам, узяла класнае кіраўніцтва. Так закруціла работу з органамі вучнёўскага самакіравання, што дзеці тройчы атрымлівалі дыпломы высокага ўзроўню — на абласных і рэспубліканскіх конкурсах “Лідар года”, “Запалі вог­нішча дабрыні”. Упершыню ў гісторыі Дзятлаўскага раёна вучні з Вензаўца ўзялі прызавое месца на абласным конкурсе каманд КВЗ, 3-е месца на рэспуб­ліканскім конкурсе піянерскіх агітбрыгад. Заваявалі дыплом І ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2022”, дыплом ІI ступені ў абласным этапе рэс­публіканскага конкурсу “Празрыстыя хвалі Нарачы”, дыплом ІІ ступені ў рэспуб­ліканскім конкурсе “Лета — пара спартыўная”.

У Гродзенскай вобласці праводзіцца прэстыжны конкурс (канферэнцыя) работ даследчага характару вучняў “Хрустальная Альфа”, дзе ў падапечных Аксаны Віктараўны ёсць дзве перамогі. У 2021 годзе Максім Кароль заняў 3-е месца з работай “Рэкультывацыя глебы з выкарыстаннем арганамінеральнага ўгнаення на аснове сапрапелю”. У 2022 го­дзе Арцём Глушкевіч заняў 3-е месца з работай “Тэрытарыяльныя асаблівасці развіцця суб’ектаў аграэкатурызму (аграсядзіб) Дзятлаўскага раёна”. У вучняў Аксаны Віктараўны ёсць дыпломы і ў шэрагу іншых канферэнцый і конкурсах як на ўзроўні вобласці, так і рэспублікі: “Аграгіяда”, “Мая прафесійная будучыня — геалогія”, “ТэхнаІнтэлект”, “Край Гара­дзенскі” і г.д. 

Ніколі не спыняцца на дасягнутым, не баяцца кідаць выклік усяму звыкламу, але пры гэтым ставіцца з павагай да мінулага і смела глядзець у будучыню! Трэба верыць, што задумы ажыццявяцца, надзеі не згаснуць, мары спраўдзяцца, і рабіць усё магчымае, каб умацаваць імідж школы як адной з лепшых устаноў адукацыі раёна.

Навучэнцы ўстановы маюць поспех і ў творчых выпрабаваннях. Упершыню ў раёне вучаніца 10 класа Паліна Хілімончык стала пераможцай абласнога і прызёрам рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Пад­рыхтавала яе настаўніца Вольга Пятроўна Ківуля, якая вельмі дакладна падабрала верш, які выконвала вучаніца, якраз пад яе вобраз.

Вучні з Вензаўца маюць добрыя вынікі ў раённых прадметных алімпіядах, на ЦЭ (ЦТ).

Выхаваўчая работа ў Вензавецкай сярэдняй школе рэалізуецца праз праек­ты, дзей­насць школьнага музея “Кола часу”, музейнага пакоя “Па­мяць”, вучнёўскага савета і цімураўскага руху. Двойчы на рэспуб­ліканскім конкурсе праектаў шостага школьнага дня ўстанова атрымала дыплом ІІ ступені. Першым быў праект “Кансалтынгавая фірма “Новы стыль”, а другім — інтэрнэт-праект “А сонца свеціць усім аднолькава” па рэалізацыі ідэй полікультурнага выхавання. Апошні стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Летась ва ўстанове завяршылася рэалізацыя эксперыментальнага праекта па гатоўнасці педагогаў да фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў у міжкультурным адукацыйным асяроддзі. Яго ўдзельнікамі былі створаны партфоліа самаадукацыйнай дзейнасці, цыклы распрацовак вучэбных і факультатыўных заняткаў, класных га­дзін, інтэрнэт-праект “Слаўлю я свой край родны, незгасальную зару”, рэалізаваны вэб-квест “Беларуская казка — розуму падказка”.

— Для сельскай школы, дзе вучацца ўсяго 56 дзяцей і працуюць 16 педагогаў, мы маем вельмі сур’ёзныя вынікі, — адзначае дырэктар. — Калі бачу, як ва ўрачыстай атмасферы ўзнагароджваюць маіх калег і вучняў, слёзы радасці бягуць ручаём, здаецца, сэрца не месціцца ў грудзях ад такіх прыемных перажыванняў.

Ідуць гады, мяняюцца пакаленні, учарашнія школьнікі ўжо вядуць вучыцца ў Вензавецкую школу сваіх дзяцей. Але ж установа нязменна застаецца другім домам, культурным цэнтрам для ўсіх жыхароў аграгарадка. Гэта дом, які склаўся, як па цаглінцы, з агульных спраў, якасцей, талентаў і старанняў. Кожны ўнёс нешта сваё.

 Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара