Трыццацігадовая Антаніна Азміцель — самы малады дырэктар школы ў Дрыбінскім раёне. У жніўні яна пачала свой першы навучальны год у статусе кіраўніка. Кар’ерны рост здаўся імклівым, але цяпер Антаніна Аляксандраўна ўпэўнена: яна на сваім месцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Пра тое, што пайду ў педагогіку, ведала з дзяцінства. Школу скончыла з залатым медалём і падала дакументы на фізіка-матэматычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. Бацькі спрабавалі адгаварыць, але я рашэнне не змяніла. Аб тым сваім выбары ні разу не пашкадавала: у выкладчыцкай дзейнасці сапраўды знайшла сябе, — паведаміла Антаніна Азміцель.
Настаўнічаць пачала яшчэ на чацвёртым курсе ўніверсітэта. Будучы студэнткай, з энтузіязмам стала вучыць матэматыцы вучняў з 45-й школы Магілёва. У гэтую ж навучальную ўстанову прыйшла па размеркаванні ў якасці маладога спецыяліста.
— Сярэдняя школа № 45 — самая вялікая па колькасці навучэнцаў школа ў вобласці. Падчас работы там набыла каласальны вопыт, адбылася як педагог. Аднак душа пастаянна імкнулася ў вёску. Я сама вырасла ў сельскай мясцовасці, і гэты спакойны ўклад жыцця заўсёды быў бліжэй гарадской мітусні, — расказала Антаніна Азміцель.
Душэўная настроенасць урэшце стала дзеяннем: Антаніна Аляксандраўна з сям’ёй апынулася ў аграгарадку Пудаўня Дрыбінскага раёна. У Пудаўнянскай школе яна рыхтавалася прыступіць да работы настаўнікам. Але нечакана атрымала прапанову ўзначаліць установу адукацыі.
— Канечне, была прыемна здзіўлена. Пасада ж адказная, але разважала нядоўга — практычна адразу адказала, што гатова паспрабаваць, — падзялілася Антаніна Азміцель.
Паводле яе слоў, уключыцца ў работу было няпроста. Абавязкаў у дырэктара школы мноства, і кожнай, нават нязначнай дэталі трэба паспець удзяліць увагу.

— Усебакова дапамагаюць спецыялісты аддзела па адукацыі і педагагічны калектыў. У школе мяне прынялі цёпла і прыветліва. Нягледзячы на тое, што намеснікі дырэктара і многія настаўнікі значна старэйшыя за мяне, у нас склаліся добрыя даверлівыя адносіны. Калегі ва ўсім падтрымліваюць, даюць парады, разумеючы, што недзе мне яшчэ не хапае вопыту. Гэта вельмі каштоўна. Наогул лічу, што сучасны дырэктар павінен умець дэлегаваць абавязкі, бо ахапіць неабсяжнае немагчыма. Таксама прытрымліваюся меркавання, што вынікова функцыянаваць навучальная ўстанова зможа толькі пры дэмакратычным стылі кіравання. Дырэктару трэба быць адкрытым, умець слухаць і чуць падначаленых. Менавіта такіх прынцыпаў прытрымліваюся ў рабоце, — адзначыла Антаніна Аляксандраўна.
Рабочы дзень у яе распісаны літаральна па мінутах: абход школы, сустрэчы з бацькамі, гаспадарчыя справы, тэрміновыя даручэнні або выклікі ў аддзел па адукацыі. Адміністрацыйная работа забірае шмат часу, аднак выкладанне Антаніна Аляксандраўна не пакінула — вядзе ўрокі матэматыкі ў 5-х і 9-х класах.
— Без урокаў і зносін з дзецьмі не магу абысціся. Гэта тое, дзеля чаго я некалі прыйшла ў прафесію. Цяпер для мяне заняткі — гэта і перазагрузка, і магчымасць лепш разумець клопаты настаўнікаў, — заўважыла Антаніна Азміцель.
Пудаўнянскай сярэдняй школай Антаніна Аляксандраўна кіруе крыху больш за месяц. Але дзякуючы асабістаму імкненню, ёй удалося эфектыўна наладзіць адукацыйны працэс. Ва ўстанове якасна арганізавана вучэбная дзейнасць, пакрокава ўкараняюцца новыя падыходы да харчавання, навучэнцы заваёўваюць перамогі ў конкурсах і спаборніцтвах.
— Наша школа — адна з лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў раёне. Імкнуся захаваць усе наяўныя традыцыі і напрацоўкі, а таксама прымножыць іх новымі дасягненнямі. Планаў на бліжэйшую перспектыву шмат, але ўсе яны зводзяцца да аднаго. Хочацца, каб школа была другім домам для навучэнцаў, каб яны выпускаліся адсюль дастойнымі людзьмі і выразна вызначалі свае жыццёвыя арыенціры, — падкрэсліла Антаніна Азміцель.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





