Новыя методыкі і формы работы: педагогі падзяліліся сваім вопытам на фестывалі на Кіраўшчыне

- 17:32Образование

Педагог не толькі вучыць, але і вучыцца на працягу ўсяго свайго жыцця. Знайсці новыя методыкі і формы работы па фарміраванні і развіцці асобасных, метапрадметных, прадметных кампетэнцый навучэнцаў, падзяліцца з калегамі ўласным вопытам мне дапамог VII фестываль педагагічнага майстэрства “Творчыя канікулы”, які праходзіў на Кіраўшчыне.

Фестываль быў арганізаваны метадыстамі аддзела фізіка-матэматычных і прыродазнаўчых дысцыплін Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Яўгеніяй Валер’еўнай Лазарэнка і Людмілай Алегаўнай Машкоўскай і начальнікам цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі Святланай Васільеўнай Кандрацьевай.

Адным са складнікаў поспеху мерапрыемства з’яўляецца актуальнасць яго праблемнага поля. Тэмай фестывалю стала “Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў па развіцці асобасных, метапрадметных, прадметных кампетэнцый навучэнцаў праз вучэбныя прадметы “Фізіка”, “Матэматыка” і “Астраномія”.

Традыцыйна ён насычаны метадычнымі мерапрыемствамі, якія праводзяць члены Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў, клуба “Крыштальны журавель”, педагогі ўстаноў адукацыі Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей і Мінска. Гэта ўрокі для дарослых, майстар-класы, творчыя сустрэчы, круглыя сталы, турніры і інтэлектуальныя конкурсы, астранамічныя назіранні, астранамічнае арыентаванне.

У “зялёным класе” з дошкай і крэйдай удзельнікі дзяліліся вопытам, праводзілі майстар-класы, абмяркоўвалі методыку рашэння задач, якія традыцыйна выклікаюць цяжкасці ў навучэнцаў. Я прапанавала згуляць у аўтарскую настольную гульню “Сонечная сістэма” і пазнаёміла ўдзель­нікаў з магчымасцямі гейміфікацыі пры навучанні фізіцы і астраноміі. Віртуальныя квесты і віктарыны, гульні-падарожжы, настольныя гульні, карткі для запамінання фізічных велічынь, тэматычныя гульні-спаборніцтвы па рашэнні задач выклікалі цікавасць у педагогаў. Алена Вала­дзько, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 2 Магілёва, адзначыла, што гульня “Фізічныя з’явы” дазваляе не толькі павысіць ціка­васць да вывучэння прадмета, але і ўба­чыць, дзе іменна можна сустрэць гэтую з’яву ў што­дзённым жыцці.

Майстар-клас на тэму “Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў па развіцці асобасных, метапрадметных, прадметных кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай вучэбнага прадмета “Фізіка” правяла настаўніца фізікі, астраноміі і інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Талачына Віцебскай вобласці Алена Швяцова. Алена Сяргееўна падзялілася вопытам арганізацыі праблемных сітуацый і прымянення адукацыйных анлайн-сэрвісаў.

Паліна Трыфанава, настаўніца фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Круглага, прадставіла кантрольна-ацэначную дзейнасць як сродак развіцця асобаснай кампетэнцыі навучэнцаў. Паліна Браніславаўна арганізавала дыскусію сярод удзельнікаў па мэтазгоднасці выкарыстання фішак (балаў-бонусаў) за вусныя адказы ва ўмовах дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання.

Становіцца добрай традыцыяй той факт, што адну ўстанову адукацыі прадстаўляе некалькі творчых педагогаў. Сёлета сярэднюю школу № 45 Магілёва прадставілі настаўніца фізікі Таццяна Карэліна і настаўніца фізікі і інфарматыкі Вікторыя Шылкіна. Таццяна Карэліна падзялілася вопытам арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці, прадставіла YouTube-канал дамашніх экспе­рыментаў сваіх вучняў. Вікторыя Шылкіна з дапамогай канструктара ARDUINO павышае цікавасць навучэнцаў да вывучэння фізікі і інфарматыкі, распрацавала серыю заняткаў па навучанні праграмаванню гэтага мікракантролера і вывучэнні работы розных датчыкаў.

Алена Гаўруковіч, настаўніца фізікі і матэматыкі Вяззеўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, правяла майстар-клас “Інтэграцыя прадметаў з мэтай развіцця асобасных, метапрадметных, прадметных кампетэнцый навучэнцаў праз вучэбныя прадметы “Фізіка”, “Матэматыка” і “Астраномія”, на якім удзельнікі ў групах вылучылі тэмы ў вучэбных праграмах хіміі і біялогіі, якія могуць быць інтэграваны з фізікай. Неабходна было прапанаваць варыянты інтэграванага матэрыялу з курса фізікі, неабходнае абсталяванне і прадставіць не менш як тры ўрокі калегам.

Не сакрэт, што многія навучэнцы адчуваюць цяжкасці пры рашэнні задач. Практычныя заняткі “Праблемы навучання школьнікаў рашэнню фізічных задач” азнаёмілі нас з сістэмай работы па ліквідацыі гэтых цяжкасцей настаўніцы фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 21 Бабруйска Святланы Крычко.

Алена Валадзько, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 2 Магілёва, развівае метапрадметныя кампетэнцыі навучэнцаў з дапамогай рашэння эксперыментальных задач турніраў юных фізікаў і астраномаў. Як адзначыла Алена Мікалаеўна, рашэнне задач турніраў можа стаць фундаментам даследчай работы.

З тэхнікамі арганізацыі эфектыўнай зваротнай сувязі, складаннем выхаднога тэста на аснове таксаноміі Блума, паняццем карэкціруючай зваротнай сувязі азнаёмілі ўдзельнікаў фестывалю Аляксандр Якубоўскі, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 9 Жодзіна, і Эла Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна, на майстар-класе “Арганізацыя зваротнай сувязі на вучэбных занятках па фізіцы як умова фарміравання вучэбна-пазнавальных кампетэнцый”.

Ці знаёмы вы з УРЗ-формулай? А ўдзельнікі фестывалю, дзякуючы майстар-класу Мікалая Некрашэвіча, настаўніка фізікі сярэдняй школы № 18 Пінска, могуць не толькі расшыфраваць абрэвіятуру, але і вылучыць ключавыя сітуацыі пры навучанні рашэнню фізічных задач.

Майстар-клас па тэме “Выбар тэмы вучнёўскага даследавання па фізіцы”, падрыхтаваны Аляксандрам Плятнёвым, Вадзімам Жарыным, Аляксандрам Сугакевічам, настаўнікамі фізікі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча, паслужыў штуршком для выбару тэмы вучэбнага даследавання. Гуляючы ў “Марскі бой”, удзельнікі фестывалю выбралі тэму даследавання з 36 прапанаваных і прадставілі прыкладны план гэтага даследавання.

Настаўнік фізікі і астраноміі Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Дзмітрый Бондар правёў майстар-клас “Развіццё метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў праз стварэнне і прымяненне фізічных мадэлей і канструкцый”. Дзмітрый Станіслававіч на прыкладзе вучнёўскага праекта “Качар Бровіна” навучэнкі Марыі Ярашэвіч прадставіў уменні, якія развіваюцца пры выкананні канструктарскіх праектаў.

Ці можна, абапіраючыся на сюжэт казак, фарміраваць кампетэнцыі навучэнцаў на ўроках фізікі? На майстар-класе Аляксандра Атліванчыка, настаўніка фізікі гімназіі № 2 Пінска, мы змаглі прадста­віць даследаванні па казках “Рэпка”, “Курка Раба” і “Тры парасяты”. “Ад казкі да рэальнасці: арганізацыя даследчай дзейнасці з выкарыстаннем казак як элемента цьютарскага суправаджэння” — майстар-клас, які азнаёміў нас з гэтым незвычайным інструментам.

Неад’емнай часткай сучаснага жыцця з’яўляецца смартфон. З новымі магчымасцямі прымянення чат-ботаў у адукацыйным працэсе азнаёміла ўдзельнікаў фестывалю Таццяна Афанасік, настаўніца фізікі гімназіі № 1 імя Ф.М.Сінічкіна Слоніма. Таццяна Міхайлаўна распрацавала чат-бот для 8 класа, які змяшчае патрабаванні да вусных адказаў навучэнцаў, “НаШтоБуЗу” для кожных вучэбных заняткаў, а таксама дамашнія заданні з крытэрыямі.

Удзельнікаў фестывалю зацікавілі многія выступленні. Ірына Краснікава, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 8 Бабруйска, расказала аб рэалізацыі комплекснага падыходу па развіцці асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый пры навучанні фізіцы. Фёдар Бардзілоўскі, настаўнік фізікі Вендарожскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, выступіў па тэме “Сродкі (сітуацыі, прыёмы, інструменты) павышэння матывацыі навучэнцаў для развіцця творчых здольнасцей пры вывучэнні фізікі”. Ала Карацюба, настаўніца фізікі Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, прадставіла вопыт па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў сродкамі выкарыстання асяроддзя “Я клас” пры навучанні фізіцы.

Раіса Кунцэвіч, метадыст Клічаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, правяла практычныя заняткі па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў. Удзельнікі вывучылі методыкі вызначэння ўзроўню прафесійных кампетэнцый, а таксама прыёмы арганізацыі супрацоўніцтва паміж педагогамі.

Настаўнікі фізікі гімназіі № 5 Віцебс­ка Ніка Цішчанка і сярэдняй школы № 2 Быхава Віктар Кірэеў прадставілі “Турнір рознаўзроўневых фізікаў”. Дзякуючы турніру Нікі Генадзьеўны і Віктара Ана­тольевіча, мы ўбачылі, што з дапамогай гэтай формы можна не толькі прадстаў­ляць рашэнне задач, але і распрацоўкі ўрокаў. Падзяліўшыся на групы, мы склалі ўрокі з прапанаваным абсталяваннем, дакладчыкі прадставілі гэтыя ўрокі. Акрамя таго, кожная каманда выступала не толькі ў якасці дакладчыка, але і ў ролі апанента і рэцэнзента. Справядлівае, але строгае журы ацаніла нашу работу.

Многія скептычна ставяцца да метадычных мерапрыемстваў па-за кабінетам, камфортам, як кажуць, удалечыні ад цывілізацыі. Аднак толькі ў такіх умовах з надыходам змроку можна правесці (калі дазволіць надвор’е, вядома) унікальнае мерапрыемства — начное астранамічнае арыентаванне. Пачынальнікам і заснавальнікам гэтага мерапрыемства з’яўляецца настаўнік астраноміі Аляксандр Сугакевіч. Сёлета яго падрыхтавала і правяла Святлана Крычко (настаўніца фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 21 Бабруйска). У гэтым годзе камандам вельмі спатрэбіліся ўменне арыентавацца па азімуце і веданне розных астранамічных фактаў. Спатрэбілася і зрокавая памяць, бо неабходна было пазнаць навукоўцаў-астраномаў і сузор’і зорнага неба.

Святлана ЗДАРАНКОВА,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска,
суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2023”
Фота аўтара