Мірскі дзяржаўны каледж, які выпускае ў дарослы свет мастакоў роспісу па дрэве, рэстаўратараў, мастакоўафарміцеляў, керамістаў і спецыялістаў іншых творчых прафесій, мяжуе сваёй тэрыторыяй з жамчужынай айчыннай гісторыі і архітэктуры — Мірскім замкам. Таму дух творчасці адчуваецца тут паўсюль — у аўдыторыях, калідорах, майстэрнях і нават на прыступках будынка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Крыніца творчасці
Напэўна, здорава вучыцца тут, ля самага Мірскага замка. У вольны ад вучобы час гуляць па адноўленым парку, падыходзіць да велічнай будыніны і адчуваць, як замак, быццам жывы каменны волат, паблажліва глядзіць на цябе зверху ўніз. Усё дыхае гісторыяй і веліччу, усё натхняе на крэатыў і творчасць. Што за дзеці накіроўваюцца сюды па веды і ўменні? І як працаваць з творчай моладдзю, каб яна здолела развіць усе свае найлепшыя чалавечыя і мастацкія якасці? Адрасую гэтыя пытанні выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры і адначасова педагогу-псіхолагу Мірскага дзяржаўнага каледжа Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці Наталлі Бухавец, якая працуе ва ўстанове больш за чвэрць стагоддзя.
— Нашы навучэнцы — гэта дзеці з высокім узроўнем крэатыўнасці і творчасці і часта з невысокім узроўнем інтэлекту. Такі своеасаблівы дысбаланс, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Таму ў рабоце з імі ёсць свае асаблівасці. Я шмат працую ў нашым каледжы і ўжо бачу дакладны, сфарміраваны партрэт тыповага навучэнца. Як правіла, нашым дзецям надзвычай цяжка было вучыцца ў школе, яны сутыкаліся там з пэўнай дыскрымінацыяй. На жаль, школьныя настаўнікі лічылі іх лянівымі, нервовымі, узбуджальнымі, а часам і неразумнымі, таму што гэтыя дзеці не падпарадкоўваліся рэгламенту. Равеснікі са свайго боку таксама булілі іх: ты не такі, як мы, выдзяляешся з класа, не падобны да аднакласнікаў. Атрымлівалася, што да канца школьнага навучання нашы будучыя абітурыенты ўпадалі ў лёгкую дэпрэсію, усяго баяліся, бо думалі, што іх абавязкова будуць крыўдзіць. На першых жа занятках у каледжы я прапаную навучэнцам пачаць усё з чыстага ліста, тлумачу, што тут на іх не будуць ціснуць за нізкія адзнакі па матэматыцы ці па мове, што можна будзе праявіць свой творчы пачатак напоўніцу.
За пэўны прамежак часу ў Мірскім дзяржаўным каледжы сфарміраваўся ўласны падыход да навучэнцаў. Па словах Наталлі Бухавец, ва ўстанове прымаюць кожнае дзіця без ацэнак, напрыклад, дазваляюць творча выяўляцца праз знешні выгляд. Гэта прадастаўляе моладзі магчымасць для далейшага самавыяўлення. У каледжы такія “нестандартныя” дзеці пачынаюць адчуваць сябе ў бяспецы, адчуваць сябе прынятымі.
Напрыклад, у каледжы ёсць навучэнка, якая фарбуе валасы толькі ў зялёны колер і падбірае адзенне выключна зялёных тонаў. Так яна сябе адчувае, ёй так камфортна. Праўда, як гаворыць педагог-псіхолаг, дзяўчынка не разумее, чаму людзі на вуліцы звяртаюць на яе шмат увагі. Такі вось унутрыасобасны канфлікт, калі гаварыць мовай псіхалогіі.
Тэрыторыя камфорту
— Добра зарэкамендавалі сябе групавыя формы работы з навучэнцамі, — працягвае Наталля Генадзьеўна. — Але для вырашэння асабістых праблем падыходзіць толькі кансультаванне. У нас добра атрымліваецца прымяняць для кансультацый інфармацыйныя тэхналогіі. У 2018 годзе на айчыннай платформе я стварыла ўласны блог “Тэрыторыя камфорту”, а калі яго час прайшоў, перайшла з кансультаваннем у Instagram. Каб зацікавіць падлеткаў, размяшчаю ў сацыяльнай сетцы на старонцы Psychostil папулярныя матэрыялы і адказваю на пытанні падпісчыкаў.
Часам педагогу-псіхолагу Мірскага дзяржаўнага каледжа даводзіцца вырашаць дзіцячыя праблемы позна вечарам ці нават ноччу. Па словах Наталлі Бухавец, крызісныя сітуацыі ў навучэнцаў часцей за ўсё здараюцца менавіта ў гэты час сутак.
— Неяк я выступала на семінары перад калегамі і мне задавалі пытанне, чаму я трачу асабісты час на работу з навучэнцамі, — усміхаецца Наталля Генадзьеўна. — Я да гэтага стаўлюся па-іншаму. Калі навучэнцу неабходна мая дапамога, мне прасцей патраціць асабісты час і вырашыць праблему, чым пасля разбірацца з наступствамі. Асабліва важна гэта ў плане прафілактыкі суіцыдальных паводзін навучэнцаў. Тут, калі не пачаць дапамагаць навучэнцу адразу, самі разумееце, наступствы могуць быць катастрафічнымі. Лепш я патрачу ноч, але зранку ўсе будуць жывыя і здаровыя. Лічу, што калі педагог-псіхолаг не хоча выдзеліць на дзіцячую праблему асабісты час, то ён выбраў не тую прафесію. Прыходзячы на першыя заняткі з новымі навучэнцамі, я адразу пішу на дошцы свой нумар тэлефона, кантакты сацыяльных сетак і гавару ім, што яны могуць звяртацца да мяне ў любы час.
Самыя частыя пытанні, якія задаюць навучэнцы педагогу-псіхолагу, тычацца праблем міжпалавога ўзаемадзеяння, канфліктаў сярод равеснікаў, сямейных узаемаадносін — канфліктаў з бацькамі. Навучэнцы паступаюць у каледж яшчэ зусім дзецьмі — у 15-гадовым узросце — і пачынаюць тут самастойнае жыццё. Па словах сацыяльнага педагога каледжа Ігара Кадлубая, сёлета з навучэнцаў 1 курса няма ніводнага дзіцяці з Карэліцкага раёна. Значыць, бацькі далёка, вырашаць праблемы трэба самому. А самому цяжка.
Трымаць руку на пульсе
Наталля Бухавец шмат працуе з навучэнцамі на прафілактыку залежных паводзін.
— Для ўдзелу ў трэнінгах я набіраю групу першакурснікаў па выніках дыягнастычных даследаванняў, накіраваных на выяўленне рызыкі хімічнай залежнасці, індывідуальных асаблівасцей асобы. Так, у 2020 годзе было выяўлена 9 навучэнцаў, схільных да фарміравання хімічнай залежнасці, і 9 непаўналетніх, якія маюць высокія паказчыкі ўзбудлівасці нервовай сістэмы, узроўню агрэсіўнасці, унушальнасці. З гэтых падлеткаў была сфарміравана група для правядзення трэнінгавых заняткаў па прафілактыцы залежнасцей. У бягучым навучальным годзе пасля правядзення псіхасацыяльнага анкетавання сфармірую другую трэнінгавую групу з навучэнцаў першага курса, — дзеліцца Наталля Генадзьеўна.
Творчыя падлеткі — асобы вельмі эмацыянальныя. Ледзь што не атрымліваецца — адразу слёзы, прыгнечаны стан, адчай і нават дэпрэсія. Таму зразумела, што Наталля Бухавец праводзіць вялікую работу па прафілактыцы суіцыдальных паводзін навучэнцаў.
Дзяцей, схільных да рызыкі суіцыдальных паводзін, педагог-псіхолаг выяўляе праз дыягностыку.
— Для навучэнцаў 1—2 курсаў мне хапае трох асноўных методык, — расказвае Наталля Генадзьеўна, — на самаацэнку, схільнасць да дэпрэсіўнага стану і трывожнасць. Пазней праводжу яшчэ сацыяметрыю, аднак з нашымі творчымі дзецьмі яна бывае не надта паказальнай. Напрыклад, у нас ёсць навучэнка, якая любіць быць адна. Ёй так камфортна, і ёй ніхто не патрэбны. У яе свой асабісты сусвет. Мы нават пасялілі яе ў інтэрнаце ў асобным пакоі. Па выніках сацыяметрыі ў яе не будзе сяброў у групе, але яе нельга назваць ізаляванай, ізгоем. Гэта самадастатковы чалавек, з якім сацыяметрыя не спрацоўвае. Хаця, зразумела, я трымаю руку на пульсе.
Пасля дыягностыкі ідзе штодзённае назіранне за навучэнцамі. Да педагога-псіхолага падключаюцца куратары груп, майстры, астатнія педагагічныя работнікі. Як адзначае Наталля Бухавец, алгарытм дзеянняў для кожнага работніка распрацаваны, кожны з іх мае памяткі з апісаннем момантаў, якія павінны насцярожыць у паводзінах падлетка. Механізм у каледжы адпрацаваны. Адначасова маніторацца сацыяльныя сеткі навучэнцаў, каб не прапусціць крык аб дапамозе.
— Хаця і тут трэба быць уважлівым, — працягвае педагог-псіхолаг. — У нас была навучэнка, якая пастаянна малявала карціны на тэму смерці. Я працавала з ёй і бачыла, што рэальнай пагрозы жыццю няма, мы нават запрасілі яе на кансультацыю да ўрача-псіхіятра. Вось такі ў чалавека змрочны вобраз думак, такі свет. Такім чынам, не заўсёды тое, што мы бачым і чуем, з’яўляецца рэальнай пагрозай. А наогул у прафілактыцы суіцыдальных паводзін мы больш акцэнтуемся на каштоўнасці жыцця.
***
Напрыканцы маёй камандзіроўкі ў Мір Наталля Бухавец з радасцю знаёміць мяне з Мірскім дзяржаўным каледжам, яго навучэнцамі і іх ладам жыцця. Творы мастацтва тут усюды: на сценах і ў калідорах, на паліцах майстэрань і музея. Гасцей на ўваходзе ў каледж вітаюць керамічныя рыцары. А такіх шыкоўных, з густам аздобленых люстэрак, як у памяшканнях і ў калідорах установы, я не бачыла за ўсё сваё жыццё. Здаецца, ні адно з люстраў не паўтараецца. Заходзім у керамічную майстэрню да будучых народных майстроў Беларусі. У сонечны вераснёвы дзень пад наглядам выкладчыка яны лепяць з пластыліну фігуркі птушак, яшчарак і пацукоў. Так незаўважна, на кончыках пальцаў, нараджаецца твор і творчасць…
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара