Гэта ідэя праекта шостага школьнага дня “Бюро знаходак “Дзеці АРТа”, які рэалізоўваўся ў Аршанскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— На працягу ўсяго жыцця чалавека суправаджаюць творы мастацтва. Камусьці яны дораць святло і натхненне, дапамагаюць знайсці сілы і паверыць у сябе, робяць чалавека больш добрым, кагосьці пакідаюць абыякавым. Часам, каб дзіця адгукнулася на твор мастацтва, патрэбен нейкі яркі факт, прывязка да чалавека, горада, вуліцы. І тады карціна ці верш раптам становяцца сваімі, роднымі. Падчас нашага праекта дзеці, знаёмячыся з творамі мастацтва, творчасцю беларускіх мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў, скульптараў, харэографаў, пераймалі пэўны творчы багаж ведаў, уражанняў, ідэй і на іх аснове стваралі свой уласны творчы прадукт, — расказвае аўтар праекта намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Баканоўская.
Перад тым як уліцца ў праект, гурткоўцы наведвалі падрыхтоўчыя трэнінгавыя заняткі: “Мы — АРТ-каманда”, “Творчае мысленне” і “Незвычайнае ў звычайным”. Гнуткасць і арыгінальнасць мыслення развівала і гульня-выпрабаванне “Таленташукальнікі, наперад!”.
Настроіцца на работу ў бюро знаходак дзецям дапамагаў і трэнінг “Пяць хвілін з мастацтвам”, падчас якога яны вучыліся ўспрымаць пэўны твор. Ні аналізу, ні ацэнак не агучвалася, каб не навязаць нікому пэўны пункт гледжання. Напрыклад, сярод твораў быў цыкл анімацыйных кароткаметражных фільмаў “Чароўная флейта”. Кожны фільм — гэта своеасаблівая музычная карціна, двай-ны мастацкі рад, дзе класічныя творы знакамітых кампазітараў дапаўняў арыгінальны відэарад, выкананы ў розных стылях і жанрах анімацыйнага мастацтва.
Зварот да твораў мастацтва Беларусі розных часавых перыядаў, стыляў, відаў і жанраў дазволіў паказаць навучэнцам багацце і разнастайнасць беларускай мастацкай культуры, фарміраваць пачуццё гонару і беражлівыя адносіны да культурных каштоўнасцей.
— Прызначэнне “Пяці хвілін з мастацтвам” заключаецца не ў вывучэнні шэдэўраў, а ў развіцці здольнасці ўспрымаць іх. Пасля прагляду навучэнцы адказвалі на пытанне (для кожнага твора — сваё), што дапамагала ім выказаць свае ўражанні, асацыяцыі, думкі. Так дзеці вучацца разумець і адчуваць прыгожае, — дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна.
Адзін з важных этапаў праекта — прэзентацыя АРТ-і-факта. Гэта знаёмства з творам мастацтва. Як патлумачылі аўтары праекта, усе яны ўтваралі тры ўмоўныя колы. Першае — творы мастацтва, звязаныя непасрэдна з малой радзімай — Оршай і Віцебшчынай. Гэта тое блізкае культурнае асяроддзе, у якім дзіця знаходзіцца з самага дзяцінства, добра знаёмыя вобразы і імёны: Уладзімір Караткевіч, Марк Шагал, мемарыяльны комплекс “За нашу савецкую Радзіму”. Другое кола — гэта ўзровень краіны, творы беларускіх аўтараў, народнае мастацтва: беларускі народны танец “Лянок”, слуцкія паясы, песня “Белавежская пушча” “Песняроў”, песня “Дзед Барадзед” Леаніда Захлеўнага і Артура Вольскага. Трэцяе кола — творы, сюжэты сусветнай культуры, увасобленыя беларускімі дзеячамі мастацтва: балет “Жар-птушка” Вялікага тэатра оперы і балета, фільм “Пра Чырвоную Шапачку” рэжысёра Леаніда Нячаева і кінастудыі “Беларусьфільм” і інш.
— Знаёмства з творамі мастацтва, з гісторыяй іх стварэння накіравана на развіццё эмацыянальна-вобразнага мыслення вучняў, цікавасці да навакольнага свету, фарміраванне здольнасці да ўсведамлення сваёй грамадзянскай ідэнтычнасці, павагі да іншых культур і добразычлівага стаўлення да чалавека, яго думак, гатоўнасці і здольнасці весці талерантны дыялог. Удзельнікі праекта вучыліся суадносіць мастацкія з’явы з гістарычнымі падзеямі, вывучаць сродкі мастацкай выразнасці, каб потым на аснове новага вопыту і ведаў стварыць нешта сваё, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна.
А гэта “сваё” ўзнікала напрыканцы праекта — у дзень стварэння новых АРТ-і-фактаў. У яго межах навучэнцы адных аб’яднанняў па інтарэсах сумесна з педагогамі праводзілі свае творчыя майстар-класы для навучэнцаў іншых аб’яднанняў. Напрыклад, у майстар-класе інструментальнага ансамбля “Ложки в ладошке” прымалі ўдзел навучэнцы выяўленчай студыі “Серпанцін”, а на майстар-клас па кераміцы завітаў харэаграфічны ансамбль. Творчы мікс быў ва ўсіх кірунках установы.
— Такі падыход даў нам магчымасць азнаёміць нашых навучэнцаў з самымі рознымі мастацкімі кірункамі. Спадзяюся, што гэта дапаможа ім вырасці людзьмі культурнымі, адукаванымі, такімі, хто ведае мастацкія каштоўнасці свайго горада і сваёй краіны і ўмее па іх матывах стварыць свае ўласныя, — падсумоўвае Т.У.Баканоўская.
Святлана НІКІФАРАВА