Псіхалагічны кантакт з дзецьмі, мабыць, самае галоўнае ў прафесіі педагога, лічыць Дзмітрый Арабчык з Пружан

- 15:04Классный классный

Дзякуючы неверагоднаму прыроднаму абаянню і выкарыстанню ў рабоце сучасных методык, 30­-гадовы настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 5 Пружан і класны кіраўнік Дзмітрый Арабчык умее захапіць дзяцей і ўрокамі, і выхаваўчымі мерапрыемствамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта Настаўніцкай газеты

— Праблем з дысцыплінай у яго класе ніколі не ўзнікала, — расказвае намеснік дырэктара школы Алена Аскерка. — Калі, напрыклад, трэба прыйсці на раённае мерапрыемства ўсім класам ці паў­дзельнічаць у ваенна-спартыўных гульнях “Зарніца” і “Арляня”, вучні Дзмітрыя Арабчыка ніколі не падвядуць. Псіхалагічны кантакт з дзецьмі, мабыць, самае галоўнае ў прафесіі педагога. Уменне нала­дзіць яго ў поўнай меры ўласціва Дзмітрыю Станіслававічу. Пазітыўны настрой, шчырая, добразычлівая ўсмешка настаўніка атрымліваюць водгук у сэрцах вучняў. З павагай да яго ставяцца і калегі, звяртаюцца па дапамогу, асабліва калі трэба разабрацца з камп’ютарнай тэхнікай. Пры неабходнасці педагог можа замяніць аператара ЭВМ або інжынера-праграміста.

Неаднаразова Дзмітрый Араб­чык быў вядучым на раённых мерапрыемствах, нарадах педработнікаў. Пад яго кіраўніцтвам арганізавана дзейнасць школьнага тэлебачання “Пяцёрачка”. Сёлета Дзмітрый Станіслававіч здымаў і манціраваў відэаролік да Дня настаўніка для педагогаў Бярозаўскага раёна — гэта яскравы прыклад яго грамадскай ініцыятывы.

З дзецьмі і іх бацькамі класны пастаянна на сувязі, суправа­джае іх падчас спаборніцтваў, на канферэнцыях і алімпіядах, пры падрыхтоўцы даследчых праектаў. Геаграфія экскурсійных паездак і паходаў яго класа па аб’ектах гістарычнай спадчыны нашай краіны даволі шырокая: мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Цэнтр нагляднай прафілактыкі, 38-я Брэсцкая асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая Венская Чырванасцяжная брыгада, Нацыянальная дзяржаўная бібліятэка, Музей гісторыі міліцыі, Акадэмія МУС, Музей гісторыі ВАВ, комплекс абарончых збудаванняў каля Шчучына і г.д. Набірае абароты і вытворчы турызм. Разам з Дзмітрыем Станіслававічам школьнікі пабывалі ў Мінску на ААТ “Камунарка” і ў Гродне на ААТ “Малочны свет”.

— Імкнуся выкарыстоўваць розныя падыходы ў выхаванні. Адзін з іх — асобасна арыентаваны, заснаваны на ўліку індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці і яго патрэб. Лічу, што важна дапамагчы вучням раскрыць свой патэнцыял і дасягнуць поспеху, — адзначае педагог.

Падапечныя Дзмітрыя Ста­ніслававіча перамагаюць на конкурсах ідэалагічнай і грама­дзянска-патрыятычнай накіраванасці, атрымліваюць дыпломы на ўзроўні раёна. У пераможным спісе значыцца фотаконкурс “Сцяг Перамогі — радасці сцяг”, конкурс навукова-даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў, маладзёжны творчы конкурс “Памятаць. Шанаваць. Не дапус­ціць”, літаратурна-краязнаўчы конкурс “Брэсцкія пісьменнікі — летапісцы роднага краю”.

Дзмітрый Арабчык мае рэпутацыю не толькі класнага класнага, але і класнага матэматыка. У педагагічнай прафесіі ён ужо больш за 10 гадоў. У 2015 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. У школе пачаў працаваць яшчэ ў студэнцкія гады. У 2017 годзе Дзмітрый Станіслававіч абараніў магістарскую дысертацыю па тэме “Класіфікацыя падгрупы Лі групы Лі руху прасторы R6”. Працягвае свае даследаванні і сёння. Навуковыя артыкулы публікуе ў “Весніку Брэсцкага ўніверсітэта”.

Званне магістра фізіка-матэматычных навук у Пружанскім раёне пакуль што маюць толькі Дзмітрый Арабчык і яго жонка Алена, таксама настаўніца матэматыкі і інфарматыкі мясцовай гімназіі. Яны пісалі навуковыя работы па падобных тэмах і, магчыма, хутка возьмуцца за напісанне кандыдацкіх дысертацый.

У 2019 годзе Дзмітрый Араб­чык прыняў удзел у конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”, дзе быў адзіным матэматыкам сярод 21 удзельніка і перамог у намінацыі “Лепшы мультымедыйны ўрок”.

— Перамагчы менавіта ў гэтай намінацыі было сапраўды няпрос­та, — адзначае Дзмітрый Станіслававіч. — Мяркую, што ў філолагаў значна больш магчымасцей зра­біць урок цікавым. Тым не менш састу­паць не хацелася. Для свайго мультымедыйнага ўрока я зрабіў віртуальнае падарожжа па Пружанскім ільнозаводзе, азнаёміў брэсцкіх шасцікласнікаў (для якіх я праводзіў конкурсны ўрок) з нашым раёнам і на прыкладзе канкрэтнай вытворчасці растлумачыў тэму “Рацыянальныя лікі”.

За апошнія тры гады навучэнцы Дзмітрыя Станіслававіча атрымалі тры дыпломы I ступені на другім этапе прадметнай алімпіяды па матэматыцы, тры дыпломы III ступені на адборачным этапе абласной алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 7—9 класаў. І на раённых навукова-практычных канферэнцыях падапечныя педагога заваявалі дыпломы I і II ступені.

— Асаблівае месца ў рабоце з класам адводжу сістэмна-дзейнаснаму падыходу, які дазваляе дзецям развівацца, у тым ліку ў самастойнай пазнавальнай дзейнасці. Выбіраю інтэграцыйны падыход, які заснаваны на разуменні таго, як паміж сабой звязаны розныя дысцыпліны, — адзначае настаўнік. — Я выкладаю не толькі ў звычайных, але і ў профільных фізіка-матэматычных класах. Магу сказаць, што з высокаматываванымі дзецьмі працаваць, з аднаго боку, проста, бо яны ведаюць, чаго хо­чуць, але ж з другога — складана. Моцныя вучні патрабуюць ад педагога высокага ўзроўню ведаў і ўзмоцненай падрыхтоўкі да кожнага ўрока. Таму выкарыстоўваю розныя спосабы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў з дапамогай інфармацыйных тэхналогій, тэхналогій візуалізацыі, гульнявых метадаў, змены відаў дзейнасці. Выкласці вучэбны матэрыял на прадукцыйным і творчым узроўні мне дапамагаюць часткова пошукавыя і пошукавыя метады, праблемнае навучанне. Усе мае ўрокі асобасна арыентаваныя. Ствараю добразычлівую атмасферу ў класе, дзе кожны адчувае сябе камфортна.

Дзмітрый Арабчык з’яўляецца ўдзельнікам абласной творчай групы настаўнікаў матэматыкі, кіраўніком раённай школы маладога настаўніка, членам журы раённых алімпіяд і конкурсаў работ даследчага характару. Пад яго кіраўніцтвам у раёне працуе міжшкольны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд, цэнтралізаванага экзамену па матэматыцы.

У 11 класе пад кіраўніц­твам Дзмітрыя Араб­чыка вучыцца сапраўдны эрудыт Станіслаў Брадніцкі. У мінулым навучальным годзе юнак перамог на раённых алімпіядах па матэматыцы, французскай мове, гісторыі і геаграфіі. З пералічаных прадметаў яму больш за ўсё падабаецца геа­графія. Па гэтым прадмеце ён выступіў на заключным этапе алімпіяды і атрымаў пахвальны водзыў, да дыплома не хапіла літаральна аднаго бала. Але ж Стас не адчайваецца, плануе ­ўзяць алімпіядны рэванш у гэтым навучальным годзе. Нядаўна ён прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па кірунку прыродных рэсурсаў. Юнак прэтэндуе на залаты медаль па заканчэнні школы, а прафесійнае жыццё хацеў бы звязаць з геалогіяй.

Як класны кіраўнік Дзмітрый Арабчык падтрымліваў Станіслава падчас рэспубліканскай ін­тэлектуальнай гульні “Я ведаю!” — сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі. Юнак дайшоў да суперфінала, дзе заняў 3-е месца.

— Свой інтэлектуальны патэнцыял у поўнай меры Стас раскрыў бліжэй да старшых класаў, — адзначае Дзмітрый Станіслававіч. — Колькі яго памятаю, ён заўсёды быў пагружаны ў працэс навучання, куды б ні ехаў з класам, трымаў у руках кнігу. Упэўнены, калі б алімпіяды абласнога этапу праходзілі не ў адзін час, Стас меў бы перамогі па розных прадметах.

Што тычыцца тэлегульні “Я ведаю!”, то спецыяльна падрыхтавацца да яе немагчыма, бо школьнікі тут сутыкаюцца з нечаканымі пытаннямі з самых розных галін. Бываюць і матэматычныя задачы, калі, напрыклад, трэба за 10 секунд у галаве вылічыць член прагрэсіі і паспець першым сказаць правільны адказ. Стас ведаў адказы на ўсе пытанні гульні. Але ў яго ёсць адна якасць, якая праяўляецца і на ўроках: не падумаўшы, хлопец не бу­дзе “біць неўпапад”, рабіць здагадкі, пустасловіць. Некаторыя ж удзельнікі гульні як мага хутчэй сігналізавалі аб тым, што гатовы даць правільны адказ (націскалі кнопку), і адначасова працягвалі думаць над пытаннем. І тут, як у спорце, вырашальнымі могуць быць некалькі секунд.

Сваю багатую эрудыцыю Станіслаў Брадніцкі кожны раз дэманструе падчас удзелу ў гульнях школьнай інтэлектуальнай каманды “Бліцкрыг” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Ільі Янушкі. Стас да таго ж зай­маецца стральбой, падтрымлівае добрую фізічную форму ў трэнажорнай зале. Юнак жыве ў вельмі хуткім тэмпе, але яму падабаецца такі рэжым, насычаныя і яскравыя ўражанні, сустрэчы, знаёмствы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва героя