Як зрабіць, каб установа адукацыі ва ўсім была № 1, ведае дырэктар Акцябрскай школы С.Макушынская

- 11:35Персона

Сярэдняй школе № 1 Акцябрскага імя А.Р.Салаўя ў снежні споўніцца 160 гадоў. Тут вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню моладзі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сардэчная праца

Для кагосьці школьнае жыццё пачынаецца са знаёмства з букваром і пропісямі, але для многіх вучняў Акцябрскага яна стартуе з першай сустрэчы з дырэктарам. Усё жыццё кіраўніка 1-й школы Святланы Макушынскай звязана з гэтай установай адукацыі. Тут яна вучылася 10 класаў, і толькі на некалькі гадоў рассталася са школай, на час навучання ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Кар’ерная прэм’ера таксама пачалася ў роднай школе: з 1991 года Святлана Міхайлаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, затым — завучам па выхаваўчай рабоце, з 2002 года ўпэўнена сябе адчувае на паса­дзе дырэктара, сумяшчаючы кіраўніцтва і выкладанне ў пачатковых класах. Прафесію сваю вельмі лю­біць, пайшла выкладаць па прызванні, цяпер не ўяўляе свайго жыцця без настаўніцтва.

— Штодзень, пераступаючы парог сваёй установы, я заходжу ў родны дом, у школу, і разумею, што нясу адказ­насць за дзясяткі дзіцячых лёсаў, за іх будучыню, бо з 1 класа закладваецца падмурак іх дарослага жыцця, — гаво­рыць Святлана Макушынская. — Прызнацца, не ўяўляю свайго жыцця без роднай школы, для мяне гэта значна больш, чым проста работа. Тут усё дарагое сэрцу: агульнашколь­ныя традыцыі, звычаі і ўнікальная гісторыя, якую беражліва захоўвае наша ўстанова. Важна зберагчы і перадаць тыя каштоўнасці, якімі мы ганарымся, — пераемнасць пакаленняў, любоў і павагу да роднай школы, імкненне памнажаць яе славу. Галоўны момант: для мяне прынцыпова важна, каб школа № 1 была ўсюды і ва ўсім першай. Усё ж увесь наш дружны педагагічны калектыў — адна вялікая і моцная сям’я, якая імкнецца многае зрабіць для росквіту сферы адукацыі ў рэгіёне.

Добрая тэндэнцыя

Падчас займальнай экскурсіі па школе разам з дырэктарам атрымалася зазір­нуць у кожны вучэбны кабінет, а таксама азнаёміцца з закуліссем школьнага кіравання.

— Мне больш падабаецца праводзіць рабочы час у руху, — прызнаецца суразмоўніца. — Імкнуся арганізаваць для навучэнцаў і настаўнікаў камфортнае асяроддзе, у якім яны вучацца і працуюць. Школа сёння — гэта сучасныя кабінеты, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі, але перш за ўсё школа — гэта творчыя і эрудзіраваныя дзеці, захопленыя педагогі і зацікаўленыя бацькі. Тут нават сцены дапамага­юць прывіваць дзецям мараль­насць і патрыятызм.

І сапраўды, уладкаванне і афармленне школьнай прасторы гаворыць само за сябе. Пачынаючы з першага паверха ўвагу прыцягваюць стэнды, на якіх адзначаны галоўныя гістарычныя падзеі і памятныя даты ўстановы. Справа ад уваходу можна крышачку пад­рабязней даведацца пра дасягненні навучэнцаў, злева — разгледзець гордасць школы: на здымках красуюцца адораныя і таленавітыя выхаванцы.

Немагчыма прайсці міма вялікага жывапіснага банера — “Азбука” школы, дзе прапісаны асноўныя моманты, якія педагогі імкнуцца выхаваць у дзецях. Чытаюцца простыя, але такія значныя ў кожным лёсе словы, як сяб­роўства, дабро, гонар, сумленне, надзейнасць, вынік, поспех, Радзіма. Шлях на другі і трэці паверх упрыгожва­юць пазнавальныя прыступкі, на іх размешчаны матэматычныя прыклады на множанне. Цікавы ход, гэта напаўняе школьную эстэтыку сэнсам.

— Акрамя дэкаратыўнай функцыі, гатовае рашэнне дапамагае дзецям хутчэй вывучыць множанне ў вясёлай, гульнявой форме, — тлума­чыць дырэктар школы. — Штодзень ступаючы па іх, нават не ўсведамляючы гэтага, хтосьці вучыць, а хтосьці паўтарае. Вось так, цікава і нязмушана, вучым нашых дзяцей. І такіх прыкладаў шмат. Так, у рэкрэацыі другога паверха можна прасачыць дасягненні і традыцыі, якія беражліва захоўвае экспазіцыя “Стужка часу”. Тут у храналагічным парадку адлюстраваны самыя яркія і памятныя падзеі ўстановы адукацыі. Стараемся захаваць гэтую памяць і перадаць яе падрастаючаму пакаленню. Лічу, што з малога пачынаецца любоў да радзімы: калі чалавек любіць сваю школу, шануе месца, дзе нарадзіўся, гістарычнае мінулае, з упэўненасцю можна сказаць, што ў будучыні вырасце сапраўдны патрыёт сваёй краіны.

Характэрна, што піянерская арганізацыя школы была створана адной з першых у сельскай мясцовасці на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1924 годзе.

З прыцэлам у будучыню

Грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў у прыя­рытэце. Гэтыя напрамкі ў сучасных умовах набылі асаб­лівую актуальнасць і знач­насць.

— Толькі такім чынам атрымаецца выхаваць мо­ладзь, якой зможам ганарыцца, — лічыць Святлана Міхайлаўна. — Неабходна дастукацца не толькі да розуму, але і да сэрца, да душы кожнага выхаванца. Пачуццё патрыятызму шматграннае па змесце, а дзіцячае ўспрыманне самае дакладнае, і ўражанні самыя яркія. Таму трэба правільна развіваць цэласнае ўспрыманне навакольнага свету, наглядна-вобразнае мысленне, творчае ўяўленне на аснове духоўна-маральных і сацыяльна-культурных каштоўнасцей. І ў гэтым працэсе ў нейкай ступені нам дапамагае візуалізацыя. Так, увесь трэці паверх школы аформлены ў выгля­дзе адной вялікай экспазіцыі, прысвечанай малой радзіме, Айчыне, сацыякультурным каштоўнасцям нашага народа. Любоў да гераічнага і гістарычнага мінулага дазваляе ў кожным дзіцяці сфарміраваць неабходныя якасці, якія ствараюць устойлівы падмурак для развіцця асобы.

У цэлым, несумненна, дзеці адгукаюцца на цікавыя рашэнні і комплексны падыход у выхаванні. Нават бегла зачапіўшы перыферыйным зрокам цытату “Глупства і мудрасць з такой жа лёгкасцю перадаюцца, як заразныя хваробы, таму выбірай сабе таварышаў”, дзіця здольна адрэагаваць і прааналіза­ваць сутнасць выказвання, тым самым убачыць гэты свет пад больш шырокім вуглом.

— Што тычыцца духоўна-маральнага выхавання, то ў пошуку жыццёвага арыенціра для маладога пакалення нам дапамагае настаяцель протаіерэй Герасім Мазоль, школа цесна супрацоўнічае з прыходам храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Стараемся праз розум і душу закласці ў нашых дзяцей усё самае лепшае, — падкрэсліла кіраўнік школы.

Пра сваю дырэктарскую працу, як і пра выкладанне ў пачатковай школе, Святлана Міхайлаўна можа гаварыць гадзінамі:

— Пераканана, што ведаю, як зрабіць жыццё маленькіх чамучак шчаслівым. Чалавек справіцца з усімі цяжкасцямі, калі яго сталенне было светлым і радасным. Сакрэт прос­ты: з дзецьмі трэба шмат размаўляць, чуць, разумець іх і падтрымліваць. Ці дрэнны ў цябе настрой, ці выспаўся ты — гэта ўсё не мае ніякага значэння. Калі пераступаеш парог класа, усе асабістыя перажыванні застаюцца за дзвярыма. І потым, калі бачыш сваіх дзяцей, іх дапытлівыя вочкі, забываеш пра ўсё на свеце.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара

Даведка

Гісторыя школы бярэ пачатак у далёкім 1863 годзе. Першай настаўніцай была выпускніца Парыцкай школы для дзяўчат, дырэктарам — святар. У школе з трохгадовым навучаннем навучальны год працягваўся не больш за 130 дзён, атрымлівалі адукацыю 15—20 чалавек.

Ішоў час, у суровыя ваенныя гады многія вучні змагаліся з ворагамі, і школа спыніла сваю працу. Пасля вызвалення раёна ўстанова аднавіла дзейнасць. У 1946 годзе быў пабудаваны новы драўляны аднапавярховы будынак, дзе не было ні сталовай, ні санвузлоў. Многія класы знаходзіліся ў дамах жыхароў, тады вучыліся ў 2—3 змены.

Сітуацыя кардынальна змянілася ў 1960 годзе пасля будаўніц­тва цаглянай трохпавярховай школы. Імянны статус школа атрымала ў 1967 годзе ў гонар выпускніка і Героя Грамадзянскай вайны Аляксандра Раманавіча Салаўя. Пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі ў 2013 годзе ўступіла ў строй абноўленая ўстанова: прыбудаваны харчаблок, санвузлы, душавыя кабіны, заменены ўсе перакрыцці. А на месцы былой аднапавярховай школы выса­джаны яблыневы сад.