На гэтым падчас міжведамаснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанага рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сферы прамысловасці, акцэнтаваў увагу міністр адукацыі Андрэй Іванец, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Сёння ў краіне больш чым 1,68 млн чалавек — гэта моладзь.
“Прыкладна трэцяя частка з іх занята ў прамысловым сектары эканомікі, — прывёў даныя Андрэй Іванец. — Мы бачым, што менавіта працоўная моладзь з’яўляецца вельмі важным суб’ектам рэалізацыі дзяржаўных падыходаў. На калегіі мы разгледзім не толькі вопыт асноўных сфер прамысловасці, але і праблемныя пытанні, пра якія таксама трэба гаварыць”.
Пытанне набору і структуры падрыхтоўкі кадраў на ўсіх узроўнях адукацыі, пачынаючы ад прафесійна-тэхнічнай і заканчваючы вышэйшай, павінна не толькі каардынавацца Міністэрствам адукацыі, але і вырашацца па запыце заказчыкаў кадраў. Са слоў Андрэя Іванца, для гэтага ў краіне створаны адпаведныя ўмовы, дзейнічае аўтаматызаваная сістэма “Дзяржзаказ і прыём”. Але не ўсе прадпрыемствы сектара прамысловасці зарэгістраваны ў ёй і ажыццяўляюць заказ на падрыхтоўку кадраў усіх узроўняў адукацыі.
Сёлета больш чым 53 тысячы выпускнікоў устаноў усіх узроўняў адукацыі атрымалі першыя працоўныя месцы. Што тычыцца пытання замацавання кадраў, адпаведных цяжкасцей не ўзнікне ў тым выпадку, калі ў рэальным сектары эканомікі будуць створаны неабходныя ўмовы з пункту гледжання рэалізацыі сацыяльнага пакета, матэрыяльнага забеспячэння работнікаў, магчымасці яго прафесійнага і кар’ернага росту.
“Мы павінны забяспечыць магчымасць рэалізацыі інстытута настаўніцтва, — упэўнены міністр адукацыі. — Трэба, каб кожны малады чалавек, які прыходзіць на сваё першае працоўнае месца, меў кваліфікаваную падтрымку старэйшых вопытных калег. Руплівы кіраўнік сам сябе забяспечвае кадрамі, бо разумее: каб вырасціць добрага спецыяліста пасля заканчэння УВА, павінен прайсці не адзін год. Сёння мы адпрацоўваем гэтыя пытанні ў нарматыўным полі з пункту гледжання ўнясення змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, каб і ўрад, і галіновае міністэрства па прапанове дзяржаўных органаў маглі аператыўна рэагаваць на тыя выклікі і задачы, якія стаяць не толькі перад сістэмай адукацыі, але і перад рэальным сектарам эканомікі”.
Закранаючы пытанне падрыхтоўкі кадраў, Андрэй Іванец нагадаў, што УВА краіны рыхтуюць спецыялістаў інжынернага профілю больш чым па 185 спецыяльнасцях. Штогадовы прыём абітурыентаў на адпаведныя спецыяльнасці ў сярэднім складае каля 17 000 чалавек. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі для арганізацый Міністэрства прамысловасці адкрыта падрыхтоўка па больш чым 40 і 16 спецыяльнасцях адпаведна.
Андрэй Іванец звярнуў увагу на тое, што Міністэрствам адукацыі былі прыняты меры па павелічэнні прыёму на запатрабаваныя спецыяльнасці, абнаўленні сістэмы спецыяльнасцей і кваліфікацый. Разам з тым быў пашыраны пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей, паступленне на якія для пэўных катэгорый выпускнікоў магчыма без уступных выпрабаванняў або па-за конкурсам. Таксама быў распрацаваны комплекс мер, накіраваных на прывядзенне структуры падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасць з запытамі эканомікі, унесены змяненні ў агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” з улікам прапаноў дзяржаўных органаў. Для карэкціроўкі структуры падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых (служачых), а таксама для магчымасці працаўладкавання выпускнікоў, якія вучыліся на платнай аснове, з улікам патрэбы ў кадрах у разрэзе кожнай галіны была створана міжведамасная рабочая група.
“Усе адукацыйныя стандарты зацвярджаюцца па ўзгадненні з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі, — сказаў міністр адукацыі. — Мы пачалі кропкавую работу з профільнымі дзяржзаказчыкамі, дамовіліся з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрствам прамысловасці і канцэрнам “Белнафтахім”.
Тым не менш кадравыя праблемы галін і рэгіёнаў не могуць вырашыцца толькі абавязковым размеркаваннем выпускнікоў. Са слоў міністра, у краіне існуе шэраг дзяржаўных мер, якія спрыяюць замацаванню маладых спецыялістаў на прадпрыемствах. Найбольш эфектыўны спосаб — правільна выбудаваная сацыяльная палітыка прадпрыемства. Яе сутнасць у тым, каб забяспечыць індывідуальны падыход да маладых работнікаў, распрацаваць для кожнага з іх дарожную карту адаптацыі і замацавання, прадугледзець дадатковыя стымулюючыя метады, якія ўжо сёння ёсць у шэрагу арганізацый.
Моладзь трэба больш актыўна прыцягваць да грамадскай дзейнасці.
Каб вырашыць гэтую задачу, на прадпрыемствах дзейнічаюць галіновыя пярвічныя прафсаюзныя камітэты, саветы працоўнай моладзі, якія супрацоўнічаюць з кіраўніцтвам арганізацый.
“Важна размежаваць іх функцыі і напрамкі работы, — упэўнены Андрэй Іванец. — Пытанні сацыяльнай падтрымкі застаюцца першаснымі для прафсаюзных камітэтаў”.
Што тычыцца дзейнасці саветаў працоўнай моладзі, міністр адукацыі вызначыў, што іх работа павінна весціся па некалькіх кірунках: прафарыентацыя, прыцягненне моладзі на прадпрыемства, дапамога ім падчас адаптацыі ў працоўным калектыве, замацаванне на прадпрыемстве і ўключэнне ў кадравы рэзерв.
“Сёлета створаны Рэспубліканскі савет працоўнай моладзі пры Міністэрстве адукацыі як дарадчы і кансультатыўны орган, куды ўвайшлі прадстаўнікі працоўнай моладзі ўсіх галін эканомікі, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, — адзначыў Андрэй Іванец. — Яго работу яшчэ трэба наладзіць. Але ў асобе каардынатара ўсёй грамадскай работы мы бачым спецыяліста па ўзаемадзеянні з моладдзю. Гэта дазволіць вывесці работу ў калектывах на новы ўзровень. На працягу 2022—2023 гадоў такія людзі з’явіліся на 117 прадпрыемствах краіны. Кіраўнікам арганізацый трэба сур’ёзна прапрацаваць гэтае пытанне, а Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы павінен забяспечыць падрыхтоўку і суправаджэнне адпаведных кадраў”.
Наталля САХНО