Высакароднае прызванне

- 15:09Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт урачыста адсвяткаваў сваё 80-годдзе. Навуковыя канферэнцыі, выданне зборнікаў навуковых работ, нарысаў і ўспамінаў пра знакамітых дзеячаў, навуковыя школы і поспехі, незабыўныя сустрэчы, папаўненне экспазіцый фондаў музея, канцэрты мастацкіх калектываў, спартыўныя спаборніцтвы, студэнцкія фестывалі і канферэнцыі — гэта далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якімі ўніверсітэт сустрэў свой юбілей. Дасягненні яго калектыву атрымалі заслужанае прызнанне на самым высокім узроўні. 

Vivat academia!

“Сёння ВДМУ з’яўляецца прызнаным лідарам айчыннай навукі і адукацыі ў галіне медыцыны і карыстаецца высокім аўтарытэтам не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. У сценах універсітэта падрыхтавана больш за 40 тысяч першакласных спецыялістаў. Выпускнікі ВДМУ працуюць ва ўсіх кутках нашай рэспублікі і ўносяць значны ўклад у развіццё беларускай сістэмы аховы здароўя. Упэўнены, што калектыў і далей будзе захоўваць вернасць традыцыям айчыннай аховы здароўя і рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы” , — адзначана ў прывітальным адрасе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які па даручэнні кіраўніка дзяржавы зачытаў падчас урачыстага сходу з удзелам гасцей і замежных калег, выпускнікоў розных гадоў, прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў старшыня Віцебскага аблвыканкама, доктар медыцынскіх навук, прафесар, выпускнік універсітэта і яго рэктар з 1997 па 2005 год Аляксандр Косінец.

Vivat professōres!

Лепшыя супрацоўнікі атрымалі ўзнагароды міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.
— Заслугі ўніверсітэта вялікія, дасягненні — дастойны прыклад для пераймання. А самае галоўнае, найдаражэйшае багацце — гэта людзі, прафесарска-выкладчыцкі калектыў, студэнты, выпускнікі, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш. — Тут ёсць чым ганарыцца і ўніверсітэту, і нам, беларусам, — за ўніверсітэт!
20_АП-Віцебшчына_У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2014 года, за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, творчую ініцыятыву, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны загадчык кафедры таксікалагічнай і аналітычнай хіміі, доктар фармацэўтычных навук, прафесар Аляксандр Жабянцяеў і прарэктар па навукова-даследчай дзейнасці, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Сяргей Сушкоў; ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны прафесар кафедры агульнай і фізкалоіднай хіміі доктар педагагічных навук Зінаіда Кунцэвіч; загадчык кафедры педыятрыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ірына Лысенка; загадчык кафедры інфекцыйных хвароб, доктар медыцынскіх навук, прафесар Валерый Сямёнаў. Шэраг супрацоўнікаў адзначаны граматамі Міністэрства адукацыі і Падзякай міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь калектыву ўручыў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, выпускнік ВДМУ Аляксандр Цацоха.

Старонкі славы і гонару

Гісторыя вядучага медыцынскага ўніверсітэта краіны — гэта вялікі, складаны і слаўны шлях ад утворанай пастановай Савета народных камісараў БССР 1 лістапада 1934 года бальніцы-медыцынскай ВНУ з агульным кантынгентам 250 чалавек на ўсіх курсах да вядомай і паважанай ва ўсім свеце ўстановы вышэйшай адукацыі. Дзякуючы выдатнай плеядзе заснавальнікаў, інстытут з першых гадоў сваёй дзейнасці зацвердзіў сябе на савецкай прасторы як перадавая вышэйшая навучальная ўстанова з высокакваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім складам і выдатным навуковым і педагагічным патэнцыялам. У 1938 годзе ўстанова перайменавана ў Віцебскі медыцынскі інстытут. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён паспеў падрыхтаваць сем выпускаў урачоў. У пачатку вайны інстытут эвакуіравалі ў Чэлябінск, затым у 1943 годзе — у Яраслаўль, дзе на яго базе быў створаны Яраслаўскі медыцынскі інстытут. Пасля вызвалення Беларусі частка супрацоўнікаў вярнулася ў Мінск і ўдзельнічала ў аднаўленні Мінскага медыцынскага інстытута. І толькі ў 1946 годзе інстытут вярнуўся на родную Віцебшчыну. У пачатку 50-х з Масквы і Ленінграда ў Віцебск на жыхарства прыехала вялікая група вядомых акадэмікаў і прафесараў, якія за 10 гадоў стварылі моцныя і слынныя медыка-біялагічныя і клінічныя школы, якія і сёння карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам як у нас у краіне, так і за мяжой. У 1959 годзе ўведзены ў строй будынак галоўнага вучэбнага корпуса і нароўні з дзеючым лячэбна-прафілактычным з’явіўся новы — фармацэўтычны — факультэт. У 1962 годзе адкрылася ЦНДЛ, у 1974 годзе — падрыхтоўчае аддзяленне. З 1979 па 1996 год калектыў узначальваў заслужаны дзеяч навукі БССР, ганаровы грамадзянін Віцебска, чалавек года Віцебшчыны, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Сачак. З 1981 года ўстанова пачала ажыццяўляць падрыхтоўку ўрачоў і правізараў для замежных дзяржаў, а ў 1984 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за вялікія заслугі ў падрыхтоўцы кадраў для практычнай аховы здароўя, падрыхтоўцы кадраў для замежных дзяржаў і ў сувязі з 50-годдзем інстытут узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў. У тым жа годзе адкрыўся факультэт удасканалення ўрачоў. У 1989 годзе інстытут з падпарадкавання Міністэрства аховы здароўя СССР перададзены Міністэрству аховы здароўя БССР. З 1997 па 2005 год, калі ўстанову ўзначальваў Аляксандр Косінец, тут адбыліся глыбокія якасныя пераўтварэнні. Так, былі адкрыты факультэты падрыхтоўкі замежных грамадзян (1997), павышэння кваліфікацыі спецыялістаў і перападрыхтоўкі кадраў (1997), прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі (1998), стаматалагічны (2001), педагогікі і псіхалогіі вышэйшай медыцынскай школы (2001). На факультэтах арганізаваны новыя кафедры і курсы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, распрацавана і ўкаранёна сістэма кантролю якасці ведаў, створана канкурэнтаздольная сістэма медыцынскай адукацыі на сусветным рынку адукацыйных паслуг, пачала дзейнічаць электронная бібліятэка, камп’ютарныя класы былі далучаны да сусветных крыніц інфармацыі. 10 сакавіка 2003 года загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь створана клініка ВДМУ. У 1998 годзе інстытут паспяхова прайшоў атэстацыю і акрэдытацыю на статус вышэйшай навучальнай установы ўніверсітэцкага тыпу і ператвораны ў Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт. З 2005 года рэктарам універсітэта з’яўляецца доктар медыцынскіх навук прафесар Валерый Дэйкала.

Пераемнасць, наватарства, развіццё

На працягу ўсяго перыяду існавання ВДМУ для яго калектыву стала аксіёмай крылатае “Настаўнік, выхавай вучня, каб было потым у каго вучыцца”.
— Юбілей — гэта знак мудрасці, падвядзення вынікаў, нагода для таго, каб адрасаваць словы прызнання. Падзяку ёсць за што гаварыць, — адзначыў Аляксандр Косінец. — Так, калектыў універсітэта прыняў актыўны ўдзел у стварэнні нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Я выказваю шчырую ўдзячнасць прафесарам, загадчыкам кафедраў Уладзіславу Падпалаву, Васілю Глушанку за іх уклад у распрацоўку гэтай праграмы. У выніку яе рэалізацыі за кароткі прамежак часу натуральнае змяншэнне насельніцтва знізілася з 5,2 да 0,2. Аналагічных паказчыкаў не мае ніводная дзяржава ў свеце. ЗША спатрэбілася 25 гадоў, каб зменшыць смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, мы практычна менш чым за сем гадоў сціснулі дэмаграфічныя нажніцы. Вялікая заслуга калектыву ўніверсітэта ў арганізацыі высокаспецыялізаванай медыцынскай дапамогі. У выніку дыверсіфікаванага аказання яе ва ўсіх абласных цэнтрах выконваюцца аперацыі на адкрытым сэрцы, аказваецца траўматалагічная дапамога, развіваецца айчынная анкалогія, павышаная ўвага ўдзяляецца ахове мацярынства і дзяцінства. Універсітэтам разам з упраўленнем аховы здароўя Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта рэалізуецца “Канцэпцыя ўмацавання здароўя насельніцтва Віцебскай вобласці”. Віцебск сёння па праву лічыцца высокаспецыялізаваным, высокакваліфікаваным клінічным цэнтрам. У ВДМУ сфарміравана 20 навукова-педагагічных школ, працуе 60 дактароў навук, 245 кандыдатаў. Гэта вельмі моцны калектыў, які сёння з’яўляецца канкурэнтаздольным у свеце. У гэтай зале прысутнічаюць мае настаўнікі і вучні. Сваім настаўнікам Міхаілу Сачаку, Яўгену Непакайчыцкаму, Міхаілу Нікольскаму, Валянціне Новікавай, Міхаілу Яблонскаму і асабліва куратару Людміле Арловай я выказваю шчырую ўдзячнасць за падрыхтоўку і выхаванне. Вучням — падзяку за тое, што яны фарміруюць навукова-педагагічныя школы.
Ад імя аблвыканкама Аляксандр Косінец уручыў рэктару ВДМУ Валерыю Дэйкалу сертыфікат на набыццё камп’ютарнага класа і інтэрактыўнай дошкі — каб засваенне сучасных тэхналогій ішло яшчэ хутчэй. На перспектыву губернатар паставіў перад калектывам задачу не спыняцца на дасягнутым — установа павінна па ўсіх крытэрыях адпавядаць сусветнаму ўзроўню.

Дзень сённяшні

— Сёння ў нашым універсітэце працуе практычна 1,5 тысячы чалавек, з іх 560 — выкладчыкі. На сямі факультэтах праходзіць падрыхтоўку больш за 7 тысяч студэнтаў і слухачоў, 800 з іх — замежныя грамадзяне. Выпускнікі ВДМУ працуюць у 110 краінах свету, — расказаў Валерый Дэйкала. — З 2010 года ва ўніверсітэце ўведзена навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратуры). Ступені, якія прысвойваюцца пасля заканчэння ВДМУ, прызнаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ), Адукацыйнай камісіяй па замежных медыцынскіх дыпламаваных спецыялістах (ECFMG, Філадэльфія, ЗША), Літоўскім цэнтрам па ацэнцы якасці вышэйшай адукацыі (Літва), Міністэрствам асветы і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Ліван, Федэратыўнай службай праверкі дыпломаў (FCVS, Далас, ЗША), медыцынскімі саветамі Індыі, Шры-Ланкі, Ірландыі і шэрага іншых краін. Універсітэт паспяхова ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Многія яго супрацоўнікі ўдастоены дзяржаўных прэмій і ўзнагарод. У 2009 годзе за асаблівыя заслугі ў сацыяльна-культурнай сферы, вялікі ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя, забеспячэнне яе медыцынскімі, правізарскімі і навуковымі кадрамі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Віцебскаму дзяржаўнаму ордэна Дружбы народаў медыцынскаму ўніверсітэту быў уручаны Ганаровы дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Знамянальнай падзеяй у гісторыі ўніверсітэта стала адкрыццё марфалагічнага корпуса ў 2010 годзе і медыцынскай бібліятэкі ў 2011 годзе. У 2007 годзе ў рамках супрацоўніцтва з PATHE Academy (Шры-Ланка) падпісаны пратакол сумесных дзеянняў па стварэнні філіяла ВДМУ ў Шры-Ланцы. У 2008 годзе заключаны дагавор аб узаемным супрацоўніцтве з Гданьскай медыцынскай акадэміяй (Рэспубліка Польшча). У 2009 годзе наладжана супрацоўніцтва з аргенцінскім універсітэтам Маймонідэс. Штогод у рамках дагавора аб супрацоўніцтве з медыцынскім універсітэтам імя Караля Марцінкоўскага ў Познані (Рэспубліка Польшча) арганізуюцца двухбаковыя студэнцкія абмены на базе кафедраў фармацэўтычных факультэтаў, падчас якіх студэнты праходзяць спецыялізацыю.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.