У Даманавіцкай сярэдняй школе Калінкавіцкага раёна працуюць не проста маладыя спецыялісты, а малады педагагічны дуэт — настаўнікі Акім і Ганна Пунтус, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Спачатку было свята. Горада
На работу ў школу аграгарадка Даманавічы яны размеркаваліся ў мінулым годзе. Акім Генадзьевіч працуе настаўнікам фізікі і інфарматыкі, Ганна Алегаўна выкладае хімію і біялогію. Прыехалі сюды ўжо мужам і жонкай. Прызнаюцца, што з самага пачатку хацелі працаваць у адной установе адукацыі і вельмі задаволены тым, што гэта атрымалася. Задаволена такім папаўненнем калектыву і дырэктар Даманавіцкай школы Любоў Аляксандраўна Смыкал. Пара прыгожая, дружная, актыўная.
Акім Генадзьевіч родам з Мазыра, Ганна Алегаўна — з Быхава. Пазнаёміліся на першым курсе вучобы ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя І.П.Шамякіна. Не было б шчасця, ды дапамог… дзень горада, у святкаванні якога яны былі задзейнічаны ў ліку іншых студэнтаў розных факультэтаў універсітэта. Не прайшло і года пасля знаёмства, як маладыя людзі вырашылі ажаніцца.
— Калі ты разумееш, што сустрэў блізкага па светаадчуванні чалавека, не бачу сэнсу цягнуць са стварэннем сям’і, — адзначае Акім Пунтус. — Пакуль былі студэнтамі, жылі спачатку з маімі бацькамі, потым наймалі кватэру. З 2 курса я паралельна з вучобай імкнуўся падзарабляць.
— Ніколі не падзяляла скептычныя погляды ў адносінах да ранніх шлюбаў. Мая бабуля, як і я, выйшла замуж у 18 гадоў. І яны з дзядулем пражылі разам 37 гадоў, выгадавалі 2 дзяцей, — дзеліцца Ганна Пунтус. — Галоўнае, каб у адносінах была шчырасць, трэба адкрыта абмяркоўваць любыя пытанні і разам вырашаць узнікаючыя праблемы.
З самага пачатку хацелі працаваць у адной установе адукацыі і вельмі задаволены тым, што гэта атрымалася.
Пад новым дахам
На першым працоўным месцы яны скарысталіся ўсімі прадугледжанымі для маладых спецыялістаў мерамі падтрымкі. Атрымалі грашовую дапамогу, так званыя пад’ёмныя, сродкі на ўладкаванне на новым месцы жыхарства. Ім адразу выдзелілі арэнднае жыллё — двухпакаёвую кватэру ў доме, які знаходзіцца літаральна ў трох мінутах хады ад школы. Штомесяц атрымліваюць кампенсацыю за наём жылля — 1 базавую велічыню. Згодна з заканадаўствам і калектыўным дагаворам, устаноўлены надбаўкі да акладу.
— Лічым, што ўмовы для жыцця ў нас добрыя. Толькі вось інтэрнэт марудны, гэта мінус. Што тычыцца зарплаты, то яе на нашы патрэбы не проста хапае, яшчэ і адкладваем. У адрозненне ад горада, траты тут мінімальныя, — заўважае галава сям’і.
За кожным маладым педагогам з першых дзён замацаваны вопытны настаўнік. У Акіма Генадзьевіча гэта настаўніца матэматыкі Святлана Мікалаеўна Сільчанка, у Ганны Алегаўны — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Міхайлаўна Савіцкая. Звяртаюцца да іх з любымі пытаннямі і заўсёды атрымліваюць зразумелыя тлумачэнні, карысныя парады.
Дапамагаюць маладым спецыялістам і іншыя калегі. Калектыў у школе дружны, добразычлівы. Дарэчы, акрамя Пунтусаў, тут працуюць яшчэ дзве сямейныя пары, дзе мужчыны — педагогі, а іх жонкі забяспечваюць гаспадарчую дзейнасць установы адукацыі.
Даманавіцкая школа размяшчаецца ў новым будынку, у які пераехала ў 2006 годзе. Маладыя педагогі адзначаюць, што ім падабаецца яго не зусім звычайная для сельскай школы планіроўка, у прыватнасці, прыгожы фасад, прасторны двухузроўневы хол. Праводзіць заняткі ў новых светлых кабінетах з вялікімі вокнамі камфортна і зручна.
Немалаважна і тое, што Даманавіцкая школа мае доўгую і насычаную падзеямі гісторыю — напрыканцы лістапада тут адзначылі 160-гадовы юбілей. Установа адукацыі вядзе адлік свайго існавання з 1863 года, калі ў Даманавічах было адкрыта земскае народнае вучылішча.
— Прыемна працаваць у школе з такімі даўнімі традыцыямі. Шмат чаго пра іх можна даведацца са школьнай музейнай экспазіцыі. А на свяце, якое адбылося з нагоды юбілею, мы змаглі асабіста пазнаёміцца з настаўнікамі, якія працавалі задоўга да нас. Прыйшлі нават педагогі, якія рабілі тут свае першыя прафесійныя крокі яшчэ ў 60-я гады, — настаўнік гісторыі былы дырэктар школы Мікалай Антонавіч Лук’янаў, настаўніца нямецкай мовы Галіна Уладзіміраўна Яўсеенка. Прыемна было бачыць і сямейную пару педагогаў, якая зараз ужо на заслужаным адпачынку, — Пятра Пятровіча і Людмілу Мікалаеўну Зіновіч. Яна, як і мой муж, выкладала ў школе фізіку, ён — рускую мову і літаратуру, — расказвае Ганна Алегаўна.
У Даманавіцкай школе захоўваюць добрую памяць пра некалькі педагагічных дуэтаў, якія працавалі тут
у розныя гады.
Па лесвіцы ведаў
У працы разам ёсць свае перавагі, падкрэслівае маладая пара. Агульныя прафесійныя інтарэсы і кола зносін робяць іх бліжэйшымі. Абмяркоўваюць, як у каго прайшоў урок, дзеляцца новымі ідэямі і задумамі. А пры неабходнасці ім лёгка падмяніць адно аднаго на дзяжурствах, падвозах, не трэба дамаўляцца з іншымі настаўнікамі.
У Даманавіцкай школе вучацца 144 вучні. Класы невялікія, што дае магчымасць на ўроках удзяліць увагу кожнаму. Узровень матываванасці да вучобы ў дзяцей розны, канстатуюць настаўнікі. Але яны імкнуцца выклікаць цікавасць да сваіх прадметаў у кожнага навучэнца, мэтанакіравана вядуць іх за сабой па лесвіцы ведаў.
Абое маладыя педагогі — класныя кіраўнікі. Ганна Алегаўна — у 6 класа, у якім трынаццаць выхаванцаў. З цеплынёй расказвае, што ў іх склаліся вельмі добразычлівыя адносіны. Дзеці часта заглядваюць да яе на перапынку, каб проста пацікавіцца, як справы. Да свят рыхтуюць прыемныя сюрпрызы, якія яна беражліва захоўвае. Напрыклад, зробленыя хлопцамі на ўроках працоўнага навучання драўляныя дошкі з надпісам “Самай добрай настаўніцы” і прысвечаны ёй шчыры дзіцячы верш.
Акім Генадзьевіч — класны кіраўнік у 10-класнікаў, іх у класе сем. Знайсці агульную мову з падлеткамі цяжэй, чым з дзецьмі больш малодшага ўзросту. Але ў маладога педагога атрымліваецца. Па яго словах, лепш за ўсё ў гэтым дапамагаюць пазакласныя мерапрыемствы. Калі, напрыклад, разам едуць на прафарыентацыйную сустрэчу, упрыгожваюць да навагодніх свят клас ці прыводзяць у парадак тэрыторыю вакол помніка загінуўшым воінам, якія ў 1944 годзе вызвалялі Даманавічы.
Педагагічны дуэт прымае актыўны ўдзел у жыцці калектыву. Ужо не раз рабілі свой творчы ўклад у канцэрты самадзейнасці, якія рыхтуюцца тут да свят. Так, да Дня настаўніка кожны разам са сваім класам выконваў песні. А ў святочным канцэрце з нагоды 160-гадовага юбілею школы спелі на сцэне разам з калегамі. Дарэчы, музычныя эксперыменты натхнілі Ганну Алегаўну на новае хобі — яна пачала вучыцца іграць на ўкулеле.
— Пасля заканчэння абавязковай адпрацоўкі мы плануем застацца ў Даманавіцкай школе. Нам тут добра! — прызнаецца маладая пара.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара