Бацькоўскі ўніверсітэт: агляд снежаньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:00Новости

Хто павінен выхоўваць бацькоў і ці ёсць у гэтым патрэба? Патрэба ёсць (і якая!), а вялікая роля ў “выхаванні” і сталенні бацькоў нале­жыць школе.

Чаму школе? Таму што настаўнікі, па-першае, ведаюць амаль усё пра дзіця, назіраюць за яго паводзінамі сярод равеснікаў, па-другое, школа як грамадскі інстытут зацікаўлена ў грамадзянскім і маральным станаўленні вучняў, па-трэцяе, педагогі — гэта прафесіяналы, якія валодаюць ведамі і пра выхаванне, і пра псіхалагічныя асаблівасці дзіцячага ўзросту і могуць своечасова аказаць інфармацыйную падтрымку бацькам па розных пытаннях.

Якая ж сітуацыя часцей за ўсё назіраецца ў нашых школах? Чатыры-пяць разоў на год класны кіраўнік запрашае татаў і мам сваіх вучняў на бацькоўскі сход. А колькі з іх і колькі разоў прымаюць гэтае запрашэнне? Будзем шчырымі: чым старэйшымі становяцца дзеці, тым менш ахвотна ходзяць у школу бацькі. Між тым праблем, звязаных і з узаемаадносінамі ў сям’і, і з вучэбнай матывацыяй дзяцей, і з іх самавызначэннем, а часам і з псіхалагічным здароўем, становіцца не менш, а больш. Дык ці не варта менавіта такія праб­лемы часцей прапаноў­ваць для абмеркавання на бацькоўскіх сходах, магчыма, “умацаваўшы” іх выступленнямі спецыялістаў — псіхолагаў, сацыёлагаў, гінеколагаў, нарколагаў, супрацоўнікаў МУС? Бо толькі дзелавая, канструктыўная размова здольна зацікавіць занятых і патрабавальных сучасных бацькоў. Наладзіўшы ўзаемаразуменне з імі, класны кіраўнік набудзе дзейных паплечнікаў у згуртаванні і духоўным сталенні вучнёўскага калектыву. Абмеркаванню методыкі падрыхтоўкі, тэматыкі, дыяпазону задач, а таксама прэзентацыі эфектыўных фарматаў правядзення бацькоўскага сходу прысвечана пераднавагодняе пасяджэнне нашай “Педагагічнай асамблеі”.

Як зрабіць жыццё сяла цікавым і насычаным? Па адказ мы звярнуліся ў Правамастоўскую сярэднюю школу Мастоўскага раёна. На працягу апошніх трох гадоў тут вядзецца работа па ўкараненні мадэлі развіцця лідарскай пазіцыі ўстановы адукацыі ў сацыякультурным асяроддзі аграгарадка.

Творчы калектыў настаўнікаў займаецца распрацоўкай сацыяльна значных ініцыя­тыў, мэта якіх — палепшыць і ўпрыгожыць жыццё аднасяльчан. У інавацыйную дзей­насць уключыліся і навучэнцы: яны прыма­юць актыўны ўдзел у акцыях па добраўпарадкаванні аграгарадка, у арганізацыі вольнага часу дарослых і дзяцей і інш. Шырокі водгук у падлеткаў знаходзіць таксама дзейнасць валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”, клуба “Патрыёт” і школьнага края­знаўчага музея “Этнаграфія роднага краю”. Усё гэта дае падставы сцвярджаць: Правамастоўская сярэдняя школа заслужана займае лідарскую пазіцыю ў сацыякультурным асяроддзі аграгарадка. Матэрыялы з вопыту вучэбна-метадычнай і выхаваўчай работы яе настаўнікаў мы прапаноўваем увазе чытачоў у нашым спецыяльным праекце “Энцык­лапедыя “Школы Беларусі”.

І напрыканцы дазвольце падзяка­ваць вам, паважаныя чытачы, што былі з намі на працягу гэтага года. Мы заўсёды імкнёмся быць карыснымі для настаўнікаў, таму вы ведаеце нас не толькі як рэдактараў, але і як метадыстаў, калі мы прыязджаем у вашы школьныя калектывы. У гэтым годзе супрацоўнікі рэдакцыі пабывалі з майстар-класамі ў 19 раёнах рэспублікі. І мы не спы­няемся ў сваіх метадычных падарожжах. Таму, калі мы яшчэ не былі ў вашым раёне, звяртайцеся ў рэдакцыю з запытам на правя­дзенне майстар-класа.

Запрашаем вас і ў наступным годзе быць нашымі аўтарамі і чытачамі, удзельні­чаць у майстар-класах, якія мы праводзім ва ўсіх рэгіёнах, дзяліцца сваімі метадычнымі ідэямі. А мы плануем разгледзець на старонках часопіса “Народная асвета” такія тэмы:

  • Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў: палітра педагагічных ідэй.
  • Псіхалагічнае здароўе навучэнцаў.
  • Адукацыя пад знакам якасці.
  • Метадычная майстэрня настаўніка XXI стагоддзя.
  • Лета-2024: праектная дзейнасць у дзіцячым лагеры.
  • Функцыянальная дасведчанасць навучэнцаў.
  • “Школьная субота”: праекты шостага школьнага дня.
  • Рэфлексіўная культура і самаадукацыйная дзейнасць педагога.
  • Тыдзень псіхалогіі ва ўстанове адукацыі.
  • Школы міру: выхаванне на прынцыпах міру і згоды.
  • Культуралагічны падыход да праектавання ўрока.
  • Бацькоўскі ўніверсітэт: педагагічная культура бацькоў.

…У чароўны час напярэдадні Новага года мы заўсёды загадваем жаданні, чакаем цудаў, спадзяёмся на лепшае ў жыцці. Давайце на забываць, што цуд ёсць у нас саміх і толькі ў нашых сілах стварыць лепшае і для сябе, і для краіны, каб адчуваць сябе шчаслівымі, дастойнымі і карыснымі людзям.

Святлана МАЗУРЫНА