Андрэй Іванец — пра выніковую атэстацыю вучняў і задачы сістэмы адукацыі на 2024 год

- 9:23Актуально, Образование

Дасягненні і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі былі ў цэнтры ўвагі ў размове з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.

Выніковая атэстацыя

— Пастановай Міністэрства адукацыі ад 14 жніўня 2023 года вызначаны формы і тэрмін правядзення выніковай атэстацыі вучняў у 2023/2024 навучальным годзе. У 11 класе захаваны два цэнтралізаваныя экзамены па рускай або беларускай мове і прадмеце па выбары. ЦЭ будуць праходзіць 27 і 30 мая. Пры гэтым першым будзе праходзіць ЦЭ па прадмеце па выбары, другім — па дзяржаўных мовах і будуць сумешчаны з правядзеннем ЦТ. Акрамя таго, у нас захаваны рэзервовыя дні ў чэрвені і жніўні, у маі рэзервовы дзень не прадугледжаны. Як і раней, запланавана сумяшчэнне рэзервовых дзён правядзення ЦЭ з рэзервовымі днямі для ЦТ. Плануецца, што ўдзел у ЦЭ прымуць 58 тысяч выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Цяпер у Міністэрстве адукацыі ідзе пад­рыхтоўчая работа па правядзенні ў 2024 го­дзе цэнтралізаванага экзамену, вынікі якога будуць залічвацца пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Так, 27 сту­дзеня 2024 года адбудзецца рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. Зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правя­дзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ). Агульныя прынцыпы правядзення рэпетыцыі — пункты правядзення, пропуск у пункт правядзення, рассадка ў аўдыторыях, правілы правядзення і гэтак далей — ідэнтычныя тым, што выкарыстоўваліся пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену ў мінулым годзе. Плануецца, што ў рэпетыцыі прымуць удзел каля 58 тысяч выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што на 5 тысяч больш, чым у 2023 годзе.

Роўныя магчымасці

— Асноўны прыём дакументаў ад абітурыентаў ва УВА будзе праведзены ў ліпені. Прыём абітурыентаў будзе ажыццяўляцца на бюджэтныя і платныя месцы, колькасць якіх цяпер зацвярджаецца. Практыка арганізацыі прыёму мэтавікаў у асобныя тэрміны дастаткова добра сябе зарэкамендавала, таму і ў гэтым годзе яна адбудзецца без змяненняў. Для забеспячэння роўных магчымасцей паступлення ва УВА выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каледжаў прыём дакументаў, правядзенне ўнутраных уступных выпрабаванняў і залічэнне ва ўніверсітэты на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі будуць арганізаваны ў пачатку ліпеня 2024 года. У гэтыя ж тэрміны ў рэгіянальныя УВА будуць залічаны пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд.

Універсітэцкія алімпіяды ў рэгіянальных універсітэтах летась дазволілі 369 пераможцам стаць студэнтамі. Дарэчы, больш за 90% дыпламантаў з’яўляюцца выдатнікамі. Выпускнікоў гэтага года чакаюць новаўвядзенні: пашыраецца спіс спецыяльнасцей, на якія можна паступіць без экзаменаў па траекторыі ўніверсітэцкіх алімпіяд. Напрыклад, можна будзе паступіць на “Робататэхнічныя сістэмы”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”.

Вопыт арганізацыі ўніверсітэцкіх алімпіяд пакуль не будзе трансліравацца на Мінск. Сёлета ўніверсітэцкія алімпіяды пройдуць у 21 УВА.

У гэтым навучальным годзе ў краіне адкрыта рэкордная колькасць педагагічных класаў і груп: у 834 педагагічных класах вучыцца 7985 навучэнцаў. У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца работа па фарміраванні класаў, у якіх на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, матэматыка, хімія, біялогія.

У 2023/2024 навучальным годзе прадоўжыцца работа па эфектыўнай рэалізацыі льгот, якія вызначаюць парадак іх атрымання навучэнцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі і ліцэі. Акрамя таго, каб павысіць аб’ектыўнасць пры выдачы рэкамендацый назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, плануецца на пасяджэнне назіральнага савета запрашаць навучэнцаў, якія прэтэнду­юць на атрыманне рэкамендацыі. Навучэнцы змогуць на выставе прэзента­ваць свае праекты і распрацоўкі. Гэта дасць магчымасць членам назіральнага савета асабіста ацаніць ступень матывацыі вучняў да навучання па выбранай спецыяльнасці, іх зацікаўле­насць да развіцця прафесійнай траекторыі ў арганізацыях і на прадпрыемствах краіны.

Курс на прафесію

— Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе вучыцца каля 107 тысяч навучэнцаў 9-х класаў, каля 58 тысяч навучэнцаў 11-х класаў. Па выніках мінулага навучальнага года колькасць навучэнцаў 9-х класаў, якія працягнулі навучанне ва ўстановах прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, склала каля 45% ад агульнай колькасці дзевяцікласнікаў. З улікам новых падыходаў да правядзення выніковай атэстацыі мы назіраем рух выпускнікоў базавай школы ў бок атрымання прафесіі. Плануем, што паступова колькасць выпускнікоў 9-х класаў, якія паступаюць у каледжы, выйдзе на 50—60%.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Планы прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2024 год фарміруюцца з улікам заяўленай патрэбы ў маладых спецыялістах, рабочых, служачых, на аснове вынікаў размеркавання выпускнікоў, а таксама выканання плана прыёму ў 2023 годзе і прагнознага павелічэння колькасці выпускнікоў 9-х (100,6 тысячы чалавек у 2023 го­дзе, 107,8 — у 2024-м) і 11-х класаў (53 тысячы чалавек у 2023 годзе, 57,5 — у 2024-м). Заснавальнікамі плануецца павелічэнне колькасці месцаў у каледжах на аснове 9 класаў за кошт запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей. Пры гэтым колькасць месцаў для выпускнікоў 11-х класаў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў параўнанні з планам прыёму ў 2023 годзе не скарачаецца. Такім чынам, тэндэнцыя павелічэння долі тых, хто паступае на аснове 9 класаў, захаваецца ў 2024 годзе. У цэлым каледжы гатовы прыняць каля 50 тысяч выпускнікоў з агульнай базавай адукацыяй.

Задачы сістэмы адукацыі на 2024 год

— У прыярытэце — забеспячэнне якасці адукацыі на ўсіх узроўнях. Міністэрствам адукацыі зацверджана Канцэпцыя забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года.

Яшчэ адна важная задача — фарміраванне аптымальнай структуры спецыяльнасцей з улікам перспектыўнай патрэбнасці рабочых і спецыялістаў для розных сектараў эканомікі з магчымасцю стапрацэнтнага забеспячэння маладых спецыялістаў першым рабочым месцам, стварэннем спрыяльных умоў для прафесійнага росту.

 Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі і БелТА