Як выкарыстоўваць інтэрактыўны сшытак? Вопыт настаўніка-дэфектолага

- 16:43Образование

Візуальныя формы засваення вучэбнай інфармацыі дазваляюць змяніць характар навучання: паскорыць успрыманне, асэнсаванне і абагульненне, сфарміраваць уменні аналізаваць паняцці і структураваць матэрыял.

Падчас заняткаў па сацыяльна-побытавай арыенціроўцы сутыкнулася з адсутнасцю адпаведных практычных заданняў і практыкаванняў, неабходнасцю падбору лексічнага матэрыялу па розных тэмах. Знайшла выйсце ў распрацоўцы і выкарыстанні інтэрактыўных сшыткаў, якія выклікаюць у дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю цікавасць з першага знаёмства, бо патрабуюць канкрэтных дзеянняў, маюць нязвыклую форму і падачу інфармацыі.

Інтэрактыўны сшытак уяўляе сабой сучасную форму вядзення вучнёўскага сшытка, якая дазваляе асаблівым вучням актыўна ўдзельнічаць у занятках, аналізаваць інфармацыю і ўзаемадзейнічаць з новым матэрыялам. З гэтай мэтай падабрала адпаведныя тэмы. Заданні да іх інфармацыйна насычаныя і выхаваўча арыентаваныя, маюць кампактную форму падачы.

Інфармацыя ў сшытку аб’яднана адной тэмай, напрыклад, “Прадукты харчавання”, але без сюжэта. Сюды зручна ўключаць правілы і канструкцыі, якія ажыўляюць урокі і дапамагаюць на практыцы выкарыстоўваць тэорыю. Умела падабраўшы заданні, можна не толькі даваць веды, але і замацоўваць іх.

Спачатку знаёмлю вучняў з новай тэмай і правіламі афармлення сшыткаў, якія ўяўляюць сабой звычайны сшытак у клетку ці лінейку. Першую старонку пакуль пакідаем пустой. Калі дзеці ўцягваюцца ў работу, афармляюць яе потым у адпаведнасці з уласнымі пажаданнямі.

Пасля вывучэння тэмы падводзяцца вынікі, праводзіцца рэфлексія. Дзеці мо­гуць пісьмова ці ўголас выказаць адносіны да вывучанага: закончыць сказы “Я даведаўся…”, “Я навучыўся…”, “Мне спадабалася…”, “Мне было цяжка…”, “Мой настрой…”.

Сшытак можна выкарыстоўваць для ўво­дзін і адпрацоўкі матэрыялу, яго паў­тарэння і замацавання, а таксама ў якасці дэманстрацыйнага ўзору для выканання практыкаванняў. Розніца паміж рабочым і інтэрактыўным сшыткам у тым, што ў апошнім вучням цікава адкрываць, даста­ваць, глядзець, знаходзіць і самім запаўняць прабелы.

Інтэрактыўны сшытак — гэта збіральны вобраз кнігі і раздатачнага матэрыялу. Работа ў ім вядзецца паралельна ходу ўрока. Выконваючы практычныя заданні, дзеці не толькі паўтараюць вывучанае, але і паглыбляюць і сістэматызуюць яго, адкрываюць новае.

Выкарыстанне інтэрактыўнага сшытка залежыць ад характару праграмнага матэрыялу і стадыі яго вывучэння. Так, калі асноўныя паняцці, працоўныя навыкі, правілы культуры паводзін і маўленчага этыкету, якія неабходна засвоіць, ужо знаёмы вучням у пэўнай ступені і не выклікаюць у іх цяжкасцей, то працаваць са сшыткам можна і падчас тлумачэння новага матэ­рыялу (10—15 мінут на ўроку ці цэлы ўрок паўтарэння і абагульнення). 

Вывучэнне раздзела “Харчаванне” ў 1 класе другога года навучання пачынаю з тэмы “Малочныя і мучныя прадукты”. Інфармацыю па ёй замацоўваю ў гульні “Пакупкі”, дзе школьнікі выбіраюць і суадно­сяць мучныя і малочныя прадукты харчавання.

Пры вывучэнні тэмы “Спосабы ўжывання малочных і мучных прадуктаў” дзеці складаюць “смачныя кветачкі”: малююць адпаведныя прадукты. Тэма “Рэжым харчавання. Суадносіны часу сутак з прыёмам ежы (снеданне, абед, полудзень, вячэра)” прадстаўлена ў выглядзе гадзінніка: вучні суадносяць часавы адрэзак з прыёмам ежы. Дадатковымі заданнямі да гэтых тэм з’яўляюцца практыкаванні на суадносіны карыснай і шкоднай ежы, а таксама крыжаванкі пра прадукты харчавання.

Тэма “Сервіроўка стала да снедання” прадугледжвае мадэляванне сервіроўкі стала, вывучэнне паслядоўнасці размяшчэння сталовых прыбораў да прыёму ежы. У 2 класе трэцяга года навучання дзеці прахо­дзяць тэму “Зерневыя прадукты харчавання (крупы)”: знаёмяцца з рознымі відамі круп і каш. Пры вывучэнні і абагульненні тэмы “Групы прадуктаў харчавання” прапаную заданні ў форме кнігі “Што мы ведаем аб прадуктах?”, куды ўключаны іх асноўныя групы. Дзеці размалёўваюць, абводзяць па пункцірах, упісваюць назвы, адгадваюць загадкі.

Пры вывучэнні тэм “Арыентаванне ў асноўных назвах страў” і “Сервіроўка стала” школьнікі мадэлююць сітуацыі сервіроўкі стала да снедання, абеду і вячэры, выбіраюць стравы ў адпаведнасці з прыёмам ежы.

Дзякуючы практыкаванням і дыдактычным гульням, у дзяцей развіваецца пазнавальная цікавасць і матывацыя да вучобы. Гэтую форму работы можна прымяняць з рознымі катэгорыямі вучняў.

Хрысціна СТРАЛКОВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 8 Пінска