Алену Семянчук, настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова, ведаюць у раёне і паза яго межамі як творчага, адкрытага да ўсяго новага педагога, які ўмее натхніць вучняў на першыя крокі ў навуку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Першыя крокі
Уменне натхніць сваіх вучняў на даследаванні стала вынікам захаплення краязнаўчай дзейнасцю яшчэ падчас вучобы ў Лоеўскай сярэдняй школе імя М.І.Калініна.
— Гісторыю і грамадазнаўства ў нашым класе выкладала сама дырэктар — Надзея Трафімаўна Маторная, — расказвае Алена Васільеўна. — І цяпер памятаю яе захапляльныя ўрокі і цвёрдую патрыятычную пазіцыю: добра ведаць гісторыю іншых краін, але найперш трэба ведаць гісторыю сваёй малой радзімы. Гэтая настаўніца натхніла мяне на пазнанне гісторыі шляхам адкрыццяў і экскурсійнай дзейнасці, менавіта з якой і пачалося маё захапленне краязнаўствам.
Дарэчы, за работу ў складзе школьнай экскурсійнай групы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікамі бітвы за Днепр, Алене Семянчук была ўручана падзяка Савецкага камітэта ветэранаў вайны за подпісам старшыні Паўла Іванавіча Батава. Са слоў педагога, гэта надало ёй не толькі ўпэўненасці, але і адказнасці, а таксама аказала вялікі ўплыў на фарміраванне жыццёвага прынцыпу “адказна стаўся да ўсяго, што робіш”.
Алена Васільеўна скончыла школу з сярэбраным медалём і паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Атрымала спецыяльнасць выкладчыка гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін. Настаўнічала ў Слабажанскай базавай школе Хойніцкага раёна, у Артукоўскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна. З 2012 года працуе ў Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова.
Метадычныя перавагі
— У арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці заўсёды кіруюся прынцыпам “у цэнтры ўсяго — самі вучні”. На маю думку, пазбавіць дзяцей прамых указанняў, як і што трэба рабіць, — значыць даць ім магчымасць стаць творцамі. Трэба толькі пастаянна адрасаваць ім пытанні, — адзначае Алена Васільеўна.
У дыдактычным арсенале педагога шмат сродкаў. Для павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў яна выкарыстоўвае інтэрактыўныя мультымедыйныя заданні. Візуалізацыю лічыць выдатным спосабам засваення навучэнцамі гістарычных дат, фактаў і з’яў, асаблівы ўпор робіць на стварэнне вучнямі інфаграфікі,
гексаграм, ментальных карт, стужак часу, скрайбінгу і інш. Для эфектыўнага замацавання вучэбнага матэрыялу, па яе меркаванні, вельмі падыходзяць элементы медыяадукацыі і міжпрадметныя сувязі. Адным словам, настаўніца задзейнічае шмат рэсурсаў, каб захапіць сваімі прадметамі вучняў і натхніць іх на даследаванні і выкананне праектаў.
Практычныя вынікі
Пра тое, што даследчы пошук прыносіць навучэнцам Алены Васільеўны плён, сведчаць наступныя прыклады. Даследаванне Аляксандры Казярожац (11 клас) “Паштоўка як гістарычная крыніца Лоеўшчыны першай паловы ХХ стагоддзя” — пераможца Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў 2020 года. Даследчая работа Юльяны Худалей “Беларускі Мярэсьеў. Чалавек-легенда А.В.Казлоў” атрымала высокую ацэнку на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”. На аснове даследавання аб Герою Савецкага Саюза А.В.Казлове ва ўстанове створаны сайт “Яго імя носіць школа”, аформлена тэматычная экспазіцыя. Сумесна з установай культуры “Музей бітвы за Днепр”
распрацаваны праект “Патрыётамі не нараджаюцца — патрыётамі становяцца”, тэматычная экспазіцыя “Іх подвіг у памяці патомкаў захаваем”. Усё гэта складнікі адзінай прасторы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, створанай у школе і раёне.
Сёння 15% навучэнцаў 7—11 класаў займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю пад кіраўніцтвам Алены Васільеўны. Яна пераможца другога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”.
Калектыў школы ўдастоены дыплома І ступені па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы. У мінулым годзе на абласным узроўні былі адзначаны даследчыя пошукі навучэнкі 11 класа Юльяны Худалей. Увогуле, вынікі даследчай дзейнасці вучняў ляглі ў аснову праекта “Памятаем, шануем, наследуем”.
Ваенна-патрыятычнае выхаванне ў школе ажыццяўляецца праз узаемадзеянне з пагранзаставай Мікалая Сушанава, пагранічнай камендатурай “Лоеў”, вайсковай часцю 1242.
Алена Семянчук як кіраўнік атрада “Юныя сябры пагранічнікаў” падрыхтавала групу экскурсаводаў з ліку гурткоўцаў. Педагог і сама праводзіць экскурсіі ў складзе групы экскурсаводаў музея бітвы за Днепр.
За апошнія пяць гадоў 12 выпускнікоў педагога атрымалі высокія балы на ЦТ па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве і сталі студэнтамі БДУ, ГДУ імя Ф.Скарыны, Акадэміі МУС, Ваеннай акадэміі. Аднак ацэньваць выдатныя вынікі вучняў як уласнае дасягненне Алена Васільеўна не спяшаецца:
— Калі бачу, што, дзякуючы нашым агульным намаганням, вучні дасягаюць поспехаў, то адчуваю сябе шчаслівай.
Такім чынам, важны складнік шчасця для педагога з 32-гадовым стажам — паспяховасць навучэнцаў. І выхаванцы Алены Васільеўны сапраўды паспяховыя, што было б немагчыма без іх настаўніцы — чалавека сціплага, творчага і адказнага. Дзяржаўнага чалавека.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК