У кожнай калінкавіцкай школе — тата-залы, у гімназіі — бацькаўскія канферэнцыі. Як яшчэ працуюць з татамі

- 13:05Я.Мы.Социум

У кожнай школе Калінкавіч працуюць тата-залы, у гімназіі рэгулярна ладзяць бацькаўскія канферэнцыі. Што яшчэ робяць ва ўстановах адукацыі раёна для павышэння матывацыі татаў да выхавання дзяцей у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пасы і пасылы

— Бацькоўскай тэматыцы ў нашых школах і гімназіі ўвага ўдзя­лялася заўсёды. Яшчэ больш інтэнсіўна мы сталі праца­ваць дзякуючы рэспубліканскаму праекту “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які рэалізуецца ў краіне трэці год. Адзін з важных кірункаў нашай работы — садзейнічанне таму, каб у выхаваўчым працэсе з усёй адказнасцю ўдзельнічалі не толькі мамы, але і таты нашых навучэнцаў, — расказвае загадчык Калінкавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Лілія Савіцкая.

Дасягаецца гэтая мэта праз самыя розныя фарматы работы. Так, у кожнай з 8 школ і гімназіі Калінкавіч працуюць тата-залы. Дзякуючы гэтаму праекту, дзверы школьных спартзалаў па суботах адчынены для бацькаў і іх дзяцей, якія хочуць разам актыўна правесці час. Можна папрактыкавацца ў майстэрстве адда­ваць пасы і забіваць галы, палазіць па канатах, пагуляць у тэніс і г.д.

Для наведвальнікаў тата-залаў карыстанне спартыўнымі памяшканнямі і ўсім інвентаром бясплатнае.

Адной з першых у 2017 годзе тата-зала адкрылася ў сярэдняй школе № 6 Калінкавіч.

— Сюды прыходзяць розныя таты. Ёсць і мнагадзетныя, і тыя, у каго адно ці двое дзяцей. Некаторыя прыводзяць малодшых — дашкольнікаў — на заняткі школы будучых першакласнікаў, а пакуль іх чакаюць, ідуць са старэйшымі дзецьмі ў спартзалу. Водзывы аб рабоце тата-залаў самыя добрыя, такое сумеснае баўленне часу найлепшым чынам уплывае на ўзаемаадносіны татаў і дзяцей, — падкрэслівае настаўніца фізічнай культуры і здароўя школы Алена Отчык.

Дарэчы, спорт для згуртавання сем’яў актыўна выкарыстоўваецца і ў іншых фарматах работы. Штогод ладзіцца конкурс “Супертата”, у якім бацькі і іх дзеці выконваюць розныя заданні, удзель­нічаюць у эстафетах. Падчас апошняга спаборніцтва пераможцам стаў бацька двух навучэнцаў школы Аляксандр Клімаў.

Заслужанай папулярнасцю карыстаецца раённы конкурс “Самая спартыўная сям’я”. У мінулым годзе ў ім удзельнічалі 52 сям’і як з Калінкавіч, так і з іншых населеных пунктаў. Сутнасць праекта ў тым, што на працягу года ладзяцца розныя спаборніцтвы, такія як “Сямейны стрытбол”, “Фестываль валейбольных навыкаў”, “Турнір сямейнага лазертага”, “Веласям’я”, “Арыент-шоу”, “Мама, тата, я — меткая сям’я” і іншыя. Неабавязкова ўдзельнічаць у кожным з іх, сям’я сама выбірае, што ёй бліжэй. У канцы года падводзяцца вынікі, па суме набраных балаў вызначаюцца пераможцы. Пры гэтым удзельнічаць у конкурсе дазваляецца як поўным, так і няпоўным сем’ям. Для некаторых татаў, якія знаходзяцца ў разво­дзе, гэта выдатная магчымасць пабыць разам з дзецьмі, цікава і запамінальна правесці час.

Пагаварыць па-мужчынску

Па словах дырэктара сярэдняй школы № 6 Калінкавіч Галіны Дулуб, ва ўстанове адукацыі ёсць цікавая практыка: час ад часу там праводзяць бацькоўскія сходы, на якія запрашаюць выключна татаў.

— Абмяркоўваем актуальныя менавіта для мужчынскай аўдыторыі тэмы, падкрэсліваем, як важна быць не толькі карміцелем сям’і, але і па-сапраўднаму блізкім, шчыра паглыбленым у жыццё дзіцяці чалавекам. Абавязкова выступаюць некалькі татаў, якія дзеляцца сваім вопытам, як праводзяць разам з дзецьмі час, якія ў іх агульныя захапленні і г.д., — заўважае Галіна Уладзіміраўна.

Каб заахвоціць мужчын, якія самі водзяць у школу сваіх дзетак і ўвогуле праяўляюць цікавасць да іх школьных спраў, тут пачалі новую традыцыю. Раніцай у Дзень бацькі, які з 2022 года адзначаецца ў Беларусі 21 кастрычніка, ім уручаюць імянныя паштоўкі. Рэакцыя ў адказ самая пазітыўная. Мужчыны адзнача­юць, што з’яўленне такога дня ў нашым святочным календары вельмі правільнае, а добрыя словы на паштоўцы ўзнімаюць настрой на ўвесь дзень.

— Мне прыемна бачыць, што колькасць татаў у ліку актыўнай бацькоўскай грамадскасці расце. Калі восем гадоў назад я пачала працаваць дырэктарам школы, на агульных бацькоўскіх сходах мужчын было ўсяго працэнтаў 15, а зараз — ужо каля 30. І боль­шасць з іх прыходзяць не таму, што жонка настаяла. Па ўсім бачна, што іх хвалюе школьнае жыццё, яны хочуць зразумець, чаму тое ці іншае правіла працуе так, а не інакш. Задаюць пытанні, выказваюць прапановы, — дзеліцца Галіна Дулуб.

Па яе словах, станоўчыя змяненні асабліва адчуваюцца на прыкладзе маладога і сярэдняга пакаленняў мужчын. Гэта гаво­рыць аб тым, што тая работа па фарміраванні адказнага бацькоўства, якая сумеснымі намаганнямі праводзіцца ў нашым грамадстве, дае свае вынікі.

Доўг і дар

У гімназіі Калінкавіч амаль 10 гадоў працуе бацькоўскі клуб “Сямейны лад”. Дарэчы, сустрэчы яго ўдзельнікаў праходзяць у кабінеце праваслаўя, які створаны ў гімназіі, паколькі яна актыўна працуе ў кірунку духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў, рэалізуе па гэтай тэматыцы інавацыйныя праекты. З мінулага года ў сямейным клубе пачалі час ад часу праводзіць заняткі для татаў, на якія іх запрашаюць разам з дзецьмі.

— Калі пачыналі, вельмі перажывалі: ці прыйдуць да нас мужчыны? Але яны прыйшлі, і мы імкнёмся, каб гэтыя сустрэчы былі максімальна карысныя. Рыхтуем для іх тэматычную інфармацыю па самых розных пытаннях выхавання, арганізоўваем гульні і іншыя актыўнасці, накіраваныя на збліжэнне, паляпшэнне дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Напрык­лад, ладзім гульню “Знайдзі па далоньках сваё дзіця” ці просім назваць любімую страву, любімы колер дачок і сыноў, звяраючы іх адказы з дзіцячымі, — расказвае педагог сацыяльны гімназіі Алена Андрачык.

З 2016 года ва ўстанове адукацыі праводзяцца канферэнцыі бацькаў. Тэмы выбіраюцца розныя: “Сакрэты эфектыўнага баць­коўства”, “Бацька — адказная пасада”, “Бацькоўства: доўг і дар” і іншыя. На канферэнцыях выступаюць як спецыялісты розных профіляў, так і самі таты. Дыялог выстройваецца настолькі зацікаўлены, што яны нават не ўкладваюцца ў адведзены для мерапрыемства час. І гэта зразумела, хто ж не захоча паслухаць, напрыклад, парады аб выхаванні хлопчыкаў ад бацькі чатырох сыноў. Найбольш актыўным удзельнікам уручаюць на памяць граматы, памятныя падарункі. Якраз зараз у гімназіі рыхтуюць чарговую канферэнцыю, якая запланавана на люты.

— Нядаўна мы правялі анкетаванне “Я і мой тата”. Навучэнцы пачатковай школы, а таксама 8 і 9 класаў адказвалі на пытанні накшталт “Як бацька вас называе?”, “Ці дастаткова тата ўдзяляе вам увагі?”, “Калі вырасцеш, хочаш быць такім, як твой бацька (калі адказвае дзяўчынка — мець мужа, як бацька)?” і іншыя. Апытанне паказала, што ў малодшых дзяцей з татамі больш блізкасці, у старэйшых — значна менш. Так што работы ў нас наперадзе яшчэ шмат, — адзначае Алена Яўгенаўна.

З мінулага года ў бацькоўскім клубе “Сямейны лад” гімназіі Калінкавіч рэгулярна праводзяцца заняткі для татаў.

Турнір без прайграўшых

Работа з татамі мэтанакіравана вядзецца і ў сельскіх школах. Трэба сказаць, фарматы мерапрыемстваў прыемна здзіўля­юць сваёй разнастайнасцю. Так, на працягу мінулага года ў Зеляноцкай базавай школе ў лютым быў арганізаваны конкурс малюнкаў “Мой тата лепшы за ўсіх”, у сакавіку — спартыўная эстафета “Разам з татам”, у маі — круг­лы стол “Ты для мяне прыклад ва ўсім…” і дыспут “Што я ведаю аб прафесіі таты”. Да Дня бацькі ў кастрычніку школьнікі выдалі насценгазету “Разам з татам” і правялі тэматычную сустрэчу, а ў лістападзе зладзілі віктарыну “Тата можа” і лекторый “Роля баць­кі ў выхаванні дзіцяці”.

Крэатыўныя ідэі прапаноўвае Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч. Напрыклад, у мінулым годзе правялі турнір пакаленняў. У конкурсна-гульнявой праграме спаборнічалі бацькі XX стагоддзя і маладыя бацькі XXI стагоддзя. Перамога схілілася ў бок вопыту больш сталых татаў. Аднак на самай справе ў выйгрышы ад такіх мерапрыемстваў застаюцца ўсе, асабліва дзеці. Бо важнасць ролі мужчыны ў жыццёвым станаўленні сына ці дачкі пераацаніць складана.

Аксана МЫЦЬКО
Фота прадастаўлена
сярэдняй школай № 6 Калінкавіч