«Дадае аўтарытэту ў вачах вучняў». Настаўнікі Лельчыцкага раёна — аб тэрміновай вайсковай службе

- 9:17Я.Мы.Социум

Адслужыў — і назад у школу вучыць дзяцей. З нагоды Дня абаронцаў Айчыны настаўнікі Лельчыцкага раёна падзяліліся меркаваннем, што дае маладому чалавеку вопыт тэрміновай вайсковай службы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Дзейнічаць у любых сітуацыях

Настаўнік фізічнай культуры Тонежскай базавай школы А.Грудніцкі — яе выпускнік. Падчас вучобы тут Аляксей сур’ёзна захапіўся спортам, асабліва валейболам. Не раз удзельнічаў у раённых спаборніцтвах па гэтым відзе спорту, яго каманда заўсёды заваёўвала прызавыя месцы. Актыўна праяўляў сябе на гэтай ніве і падчас вучобы ў Букчанскай сярэдняй школе, дзе скончыў 10 і 11 класы.

Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, вырашыў паступаць на спартыўна-педагагічны факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Справядліва разважаў, што педагагічная работа па гэтым кірунку будзе адпавядаць яго ўнутранай накіраванасці весці здаровы лад жыцця самому і прывучаць да таго ж дзяцей.

Вышэйшую адукацыю атрымаў на платнай форме навучання, таму размеркавання не было. Па ўласным жаданні вярнуўся жыць і працаваць у родны аграгарадок Тонеж, дзе глыбокія, яшчэ ад прапрадзедаў карані яго роду. Адпрацаваўшы ў Тонежскай базавай школе два з паловай месяцы, быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Служыў ва ўнутраных войсках МУС у Гомелі, у патрульнай службе.

— Калі ішоў служыць, некаторыя знаёмыя мне гаварылі: патраціш год марна. Я з гэтым не згодны. Лічу, што армейскі вопыт пайшоў мне на карысць. Я стаў больш дысцыплінаваным, упэўненым у сабе, здольным рашуча дзейнічаць у любых сітуацыях. Пачаў па-іншаму, больш асэнсавана расстаў­ляць жыццё­выя прыярытэты, — адзначае мой суразмоўнік.

Добрая спартыўная форма дапамагае маладым настаўнікам фізічнай культуры падчас праходжання вайсковай службы.

Пасля завяршэння тэрміну службы Аляксей Аляксандравіч вярнуўся ў Тонежскую школу. Працуе тут ужо трэці год.

— Мне вельмі падабаецца займацца з дзецьмі. Іх унутраны свет, звычкі яшчэ толькі фарміруюцца, і я адчуваю, што магу станоўча паўплываць на гэты працэс. Імкнуся дапамагчы ім зразумець, як важна клапаціцца аб сваім фізічным здароўі, быць актыўнымі, рухавымі. Бачу: вучням падабаецца тое, што я малады настаўнік. Яны прыслухоўваюцца да маіх парад, бяруць прыклад. Гэта дапамагае выбудоўваць камунікацыю, матывуе мяне да працы, — падкрэслівае педагог.

Тонежская школа невялікая, у класах па некалькі чалавек. На думку Аляксея Грудніцкага, для настаўніка фізічнай культуры ў гэтым ёсць як плюсы, так і мінусы. Галоўная перавага ў тым, што кожнаму вучню можна ўдзяліць асабістую ўвагу, дзякуючы чаму дасягаюцца лепшыя вынікі. А мінус — невялікая колькасць дзяцей на занятках не спрыяе праяўленню ў іх духу спаборнасці. У такіх умовах складана разві­ваць камандныя віды спорту, аднак настаўнік умела накіроўвае энергію дзяцей на іншыя актыўнасці. Так, добрых вынікаў удалося дасягнуць у тэнісе. На раённых спаборніцтвах па тэнісе, што адбыліся ў лістапа­дзе 2023 года, яго вучань Іван Пержаніца заняў 1-е месца ў індывідуальным заліку сярод хлопцаў, вучаніца Лі­дзія Случыч — 3-е месца сярод дзяўчат. А школьная каманда была прызнана пераможцай.

Пасля заняткаў настаўнік вя­дзе два аб’яднанні па інтарэсах: па тэнісе і шашках. А вечарамі адчыняе спартыўны зал школы для сельскай моладзі — як навучэнскай, так і працоўнай. Гуляюць у валейбол, іншыя спартыўныя гульні. Практыкуюцца ў гіравым спорце.

Малады настаўнік прызнае, што тыя чаканні ад прафесіі, якія ў яго былі, апраўдаліся. Таму свае далейшыя планы звязвае з Тонежскай школай і родным аграгарадком. І гэта выдатна, бо будучыня нашых невялікіх населеных пунк­таў менавіта за такой разумнай і мэтанакіраванай моладдзю.

Адчуць, што шмат чаго па сілах

Настаўнік фізічнай культуры Прыбалавіцкай сярэдняй школы Ігар Акуліч таксама выпускнік установы адукацыі, у якой зараз працуе. Па яго словах, з самага пачатку хацеў вярнуцца жыць у Прыбалавічы, таму на факультэт фізічнай культуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна паступіў па мэтавым накіраванні. У школе ён выкладае ўжо шэсць гадоў.

Па словах Ігара Сяргеевіча, на выбар прафесіі ў значнай ступені паўплываў прыклад яго школьнага настаўніка фізічнай культуры Арцёма Ануфрыевіча Брылевіча. Чалавек актыўны, пазітыўны, ён умеў добрым словам падтрымаць і натхніць любога вучня. У адказ навучэнцы радавалі настаўніка добрымі вынікамі. На спаборніцтвах па валейболе даходзілі нават да рэспубліканскага ўзроўню.

Калі напрыканцы першага года работы ў школе прыйшла павестка ў армію, Ігар Акуліч быў гатовы выканаць свой абавязак, як гэта заўсёды рабілі мужчыны ў яго сям’і. Тэрміновую вайсковую службу праходзілі і бацька, і дзед. А прадзеды ў Вялікую Айчынную вайну абаранялі Радзіму са збояй у руках: адзін быў у партызанах, другі — у Чырвонай Арміі, загінуў пад Сталінградам.

Служыць маладому настаўніку давялося ў танкавых войсках, быў механікам-вадзіцелем танка.

— Кіраваць сучасным танкам — гэта сапраўдная школа мужнасці. Уражанні незабыўныя. Пасля такога вопыту адчуваеш, што табе шмат чаго па сілах. Лічу, што дзякуючы службе стаў больш сур’ёзным, адказным. А яшчэ атрымаў шмат новых ведаў, — дзеліцца меркаваннем мой суразмоўнік.

— А ці ведаюць вучні, што іх настаўнік — танкіст?

— Так, я расказваю пра гэта. Здзіўляюцца, пытаюцца, ці цяжка кіраваць танкам. Лічу, што гэты факт біяграфіі дадае мне аўтарытэту ў вачах дзяцей.

Ігар Акуліч шчыра аддаецца сваёй справе. Ужо некалькі гадоў яго вучні займаюць прызавыя месцы на раённым і абласным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры. Добрых поспехаў удалося дасягнуць у лёгкай атлетыцы, а таксама шашках. У мінулым го­дзе вучань Ілья Калесны заняў на абласных спаборніцтвах па шашках 2-е месца. Ігар Сяргеевіч дадаткова займаецца з навучэнцамі ў секцыі па валейболе, а па вечарах па чарзе з калегай забяспечвае ў спартыўнай зале школы актыў­насць сельскай моладзі.

Малады педагог з’яўляецца класным кіраўніком 10 класа, у якім вучыцца 7 хлопцаў і дзяўчат. Адзначае, што адносіны з імі наладжаны вельмі добрыя, разам робяць шмат чаго цікавага і карыснага для людзей, роднага аграгарадка, захавання гістарычнай памяці. Так, вясной дапамагалі мясцоваму лясгасу саджаць дрэвы, зімой не раз чысцілі ад снегу дарожкі каля дамоў пажылых аднавяскоўцаў. Круглы год клапоцяцца аб помніках ваенных часоў. Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні актыўна ўдзельнічаюць у самых розных конкурсах малюнкаў, фотаздымкаў, відэаролікаў. Не так даўно, напрыклад, занялі 1-е месца на раённым этапе рэгіянальнага фестывалю дзіцячай і маладзёжнай кінавідэатворчасці ў намінацыі “Архітэктурная спадчына маёй краіны”. Сваю конкурсную работу дзеці прысвяцілі царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы, помніку XVIII стагоддзя, што ўпрыгожвае іх аграгарадок.

Дарэчы, жонка Ігара Акуліча таксама настаўніца, толькі нямецкай мовы. Зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпус­ку, іх дачцэ паўтара года. Маладая пара звязвае сваё далейшае жыццё з роднымі Прыбалавічамі. Тут родны дом, бацькі, работа, а яшчэ прастор для хобі галавы сям’і, які вельмі лю­біць майстраваць з дрэва садовую мэблю. Справядліва ка­жуць: ад добрага лепшага не шукаюць.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара