Колер настрою — жоўты! Як працуецца першай у Бярозаўскім раёне жанчыне-вадзіцелю школьнага аўтобуса

- 13:20Я.Мы.Социум

Мнагадзетная маці Вера Сцепанец стала першай у Бярозаўскім раёне жанчынай, якая села за руль школьнага аўтобуса, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Вадзіцельскае пасведчанне яна атрымала ў 18 гадоў. Заўсёды любіла тэхніку, разбіралася ў ёй, таму і вырашыла ператварыць сваё захапленне ў прафесію. За рулём ужо 25 гадоў, працавала ў Бярозе вадзіцелем і гарадскога аўтобуса, і  таксі, і міні-буса раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Калі даведалася, што вадзіцель школьнага аўтобуса Нарутавіцкай базавай школы Бярозаўскага раёна пайшоў на пенсію, вырашыла прапанаваць сваю кандыдатуру. Муж яе рашэнне падтрымаў. Да гэтага ў Бярозаўскім раёне на такой пасадзе ніколі не было жанчын. Але дырэктара школы Ірыну Ана­тольеўну Вараб’ёву гэта не засмуціла, нехта ж павінен быць першым, а дакладней, першай!   

Руль школьнага аўтобуса Вера Васільеўна круціць другі год. Абслугоўвае дзве школы — у аграгарадках Нарутавічы і Першамайская, якія знаходзяцца на адлегласці каля 20 кіламетраў адзін ад аднаго. На падвозе ў яе каля 50 дзяцей з шасці населеных пунк­таў.

Вера Васільеўна не хавае: вадзіцелі з іншых школ успрынялі з’яўленне жанчыны ў іх выключна мужчынскім калектыве з пэўнай насцярожанасцю: як справіцца, ці доўга вытрымае? Але яна змагла даказаць, што і вопыту, і жадання працаваць за абаранкам ёй не займаць. А не так даўно з’явілася яшчэ адна калега-жанчына, якая водзіць школьны аўтобус сярэдняй школы аграгарадка Пяскі.

Па словах маёй суразмоўніцы, яна ўдзяляе вялікую ўвагу тэхнічнаму стану даверанага ёй транспарту, і апошнім часам, дзякуючы правядзенню рамонтаў, ён значна палепшыўся. Жоўты чатырохколавы сябар і звонку заўсёды чысценькі і акуратны. Сёлета шэфы школы — ААТ “Нарутавічы” — зрабілі навучэнцам выдатны падарунак: пабудавалі пляцоўку для стаянкі аўтобуса на прышкольнай тэрыторыі. Цяпер ажыццяўляць пасадку і высадку вучняў стала зручней.

Прачынацца Веры Васільеўне даводзіцца а 5-й гадзіне раніцы, бо ў 6.30 трэба ўжо быць у школе. Ад вёскі Асаўцы, дзе яна жыве, да Нарутавіч яна едзе на сваім аўтамабілі. Перад выездам школьнага аўтобуса на маршрут механік правярае яго тэхнічны стан, а педагог сацыяльны, якая прайшла адпаведную падрыхтоўку, праводзіць медыцынскі агляд вадзіцеля. І, як кажуць, паехалі!..

Вера Сцепанец з дачкой, сынам і ўнукам

— У мяне трое дзяцей, так што знайсці з маімі юнымі пасажырамі агульную мову было няцяжка. Адносіны  ў нас добрыя, дзеці называюць мяне цёця Вера. Я люблю жартаваць, ім гэта падабаецца. А яшчэ ствараю настрой з дапамогай музыкі. У кабіне аўтобуса ёсць прыёмнік, дазваляю вучням праз блютуз падключацца да яго і ўключаць песні са сваіх тэлефонаў, — заўважае суразмоўніца.

У ліку пасажыраў школьнага аўтобуса і малодшы сын Веры Сцепанец — Аляксандр, які вучыцца ў 5 класе Першамайскай сярэдняй школы. Ён ганарыцца тым, што яго мама — вадзіцель. Старэйшаму сыну Георгію 18 гадоў, сёлета ён скончыў Белаазёрскі дзяржаўны каледж электратэхнікі, працаўладкаваўся на Бярозаўскую ДРЭС. Дачцэ Наталлі 25 гадоў, яна таксама жыве ў вёсцы Асаўцы, працуе ў школе кухарам. Яна падарыла бацькам першага ўнука.

Старэйшыя дачка і сын ужо таксама атрымалі вадзіцельскае пасведчанне.

— Я вырасла ў мнага­дзетнай сям’і, і мне заўсёды хацелася мець некалькі дзяцей. Яны мая радасць, рухавік майго жыцця. А цяпер яшчэ і ўнук падрастае. Дарэчы, я стала бабуляй у 40 гадоў! — расказвае жанчына.

Вера Сцяпанаўна паспяхова сумяшчае не толькі працоўныя і сямейныя абавязкі, яны з мужам трымаюць немалую гаспадарку: авечак, свіней, трусоў, курэй. На пытанне, як удаец­ца ўсё паспяваць, мая суразмоўніца адказвае, што любіць заўсёды быць у руху, па-іншаму сваё жыццё не ўяўляе!..  

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з сямейнага архіва