Без сацыяльнага партнёрства немагчыма якаснае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Тычыцца гэта і дзейнасці школьных музеяў.
У нашай установе адукацыі з 2018 года функцыянуе музей баявой славы. Адна з экспазіцый “Ніхто не забыты, нішто не забыта!” прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральнае месца ў ёй адведзена подзвігу экіпажа танка КВ-1 старшага лейтэнанта Зіновія Калабанава. Савецкія танкісты ў жніўні 1941 года ў адным баі падбілі 22 нямецкія танкі. Гэты бой называюць самым паспяховым за ўсю гісторыю танкавых супрацьстаянняў. Ён увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінэса, і паўтарыць падобнае не ўдалося нікому.
У 2021 годзе саветам музея з мэтай наладжвання сацыяльнага партнёрства па вывучэнні легендарнага бою і ўвекавечання памяці герояў-танкістаў быў распрацаваны праект “Роля і месца музейнай прасторы па пытаннях правоў чалавека, прапаганды культуры міру і ненасілля”. Мы з навучэнцамі-экскурсаводамі наведалі месцы ўвекавечання памяці подзвігу танкістаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
У Гатчынскім раёне Ленінградскай вобласці дырэктар войскавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1 Таццяна Уладзіславаўна Арцюх расказала беларускім школьнікам пра тыя часы, калі подзвіг танкістаў-калабанаўцаў не быў шырока вядомы і толькі пачыналася даследчая і пошукавая работа. Ёй пашчасціла пазнаёміцца з Зіновіем Рыгоравічам асабіста і ў 1986 годзе пабываць у яго ў гасцях у Мінску. У музеі войскавіцкай школы, дзе знаходзяцца матэрыялы пра легендарны бой, для навучэнцаў з Беларусі была праведзена экскурсія і паказаны дакументальны фільм.
У пасёлку Новы Учгас Гатчынскага раёна Ленінградскай вобласці, каля якога экіпаж КВ-1 вёў гераічны бой, 8 мая 2008 года на тэрыторыі вайсковай часці № 03215 быў урачыста адкрыты бюст-помнік танкісту. А раней, 8 верасня 1983 года, з’явіўся мемарыял. Сярод ветэранаў-танкістаў, якія прысутнічалі на адкрыцці мемарыяла, былі непасрэдныя ўдзельнікі бою, члены экіпажа танка: Калабанаў, Усаў і палітрук батальёна Скараспехаў. Пазней на тым месцы была створана панарама-экспазіцыя танкавага бою. Нашы навучэнцы пабывалі каля мемарыяла, а таксама на скрыжаванні, дзе адбыўся легендарны бой.
У Санкт-Пецярбургу мы наведалі гімназію № 209, дзе ў экспазіцыі музея размешчаны матэрыялы пра той бой і танкавы экіпаж. Дарэчы, у 2013 годзе ў гімназіі адбылося ўрачыстае занясенне імя танкіста Зіновія Калабанава ў Залатую кнігу горада. Ва Усевалажску азнаёміліся з музеем “Бітва за Ленінград” імя З.Р.Калабанава.
Пашыраючы кола сацыяльных партнёраў, мы арыентуемся на супадзенне інтарэсаў і задач па патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Упэўнены, што дзякуючы зладжанай і сумеснай рабоце легендарны подзвіг танкістаў ніколі не будзе забыты.
Сяргей ЯКШУК,
кіраўнік музея баявой славы сярэдняй школы № 131 Мінска