Аляксандр Заяц: «У адукацыі ўсё пачынаецца з чалавека, а ўжо затым дапаўняецца сучаснымі тэхналогіямі і сродкамі»

- 14:09Персона

З будучай прафесіяй 32-гадовы дырэктар Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага Аляксандр Заяц вызначыўся рана і без ваганняў, таму адчувае сябе ў ёй упэўнена і на дасягнутым спыняцца не збіраецца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— З дзяцінства прыцягвалі розныя краіны і кантыненты, культура, звычаі і традыцыі іх жыхароў, — гаворыць Аляксандр Валер’евіч. — А класны кіраўнік Тамара Міхайлаўна Савеня паказала, што геаграфія не толькі пашырае агульны кругаг­ляд, але і дае рознабаковыя веды. У выніку прыклад любімага педагога прывёў мяне, актыўнага ўдзельніка прадметнай алімпіяды, на факультэт прыродазнаўства БДПУ.

Працоўны шлях малады настаўнік пачынаў у роднай сярэдняй школе № 3 Ганцавіч, дзе адразу папрасіў класнае кіраўніцтва.

— Цяжкасцей ніколі не баяўся і не звяртаў на іх увагі, — прызнаецца Аляксандр Заяц. — Педагагічны калектыў мяне прыняў добразычліва. Шматгадовы вопыт работы ў летніх аздараўленчых лагерах дапамог хутка знайсці агульную мову з вучнямі.

У настаўніцкай дзейнасці Аляксандр Валер’евіч актыўна звяртаецца да сучасных тэхналогій, аддаючы перавагу мультымедыйным і інфармацыйна-камунікацыйным, дзякуючы якім удаецца зацікавіць школьнікаў геаграфіяй і абысціся без грувасткіх энцыклапедый і шматлікіх кніг. Дзецям падабаюцца прэзентацыі, дакументальныя фільмы і факты не з падручнікаў. Нястомны пошук дапамагае ўдасканальвацца і развівацца самому.

Аляксандр Заяц не пазбаўлены здаровых амбіцый. Калі яму прапанавалі ў 30-гадовым узросце ўзначаліць школу, пагадзіўся адразу, бо ведаў: наперадзе шмат новага і цікавага. А да гэтага ён імкнуўся заўсёды.

— На кіраўніцкай паса­дзе адаптаваўся даволі хутка, — заўважае дырэктар. — Асаб­лівыя цяжкасці спачатку выклікалі гаспадарчыя пытанні, але паспяхова справіцца з імі ахвотна дапамагала кіраўніцтва раённага аддзела па адукацыі.

Аляксандр Заяц лічыць сябе сучасным кіраўніком, здольным узяць у свае рукі час, які імкліва ляціць наперад. І гэта не дзёрзкая самаўпэўненасць, а цалкам апраўданая неабходнасць, што грунтуецца найперш на няспыннай самаадукацыі і самаразвіцці, прычым у самым шырокім сэнсе.

— Прагрэс не стаіць на месцы, — тлумачыць дырэктар. — Новыя тэхналогіі ў розных сферах з’яўляюцца амаль штодзень. Аб’ём ведаў чалавецтва імкліва павялічваецца. У такіх умовах сучасны кіраўнік павінен пастаянна адкрываць для сябе штосьці новае, актыўна выкарыстоўваць сучасныя сродкі навучання, якія істотна аблягчаюць атрыманне актуальных ведаў у любым месцы. Пры гэтым вельмі важна вучыцца ў іншых, пераймаць карысны вопыт, наведваць курсы павышэння кваліфікацыі, удзельні­чаць у трэнінгах. Мне пашанцавала вучыцца ў такіх цудоўных людзей і кіраўнікоў, як На­дзея Ула­дзіміраўна Здрок, Варвара Міка­лаеўна Дыдышка і Наталля Антонаўна Снытко. Іх вялікі вопыт, адкрытасць і чалавеч­насць дапамаглі выхаваць у сабе лепшыя якасці, якімі я ганаруся.

Аднак у пагоні за новымі ведамі, як лі­чыць Аляксандр Валер’евіч, не варта забываць і пра напрацоўкі папярэднікаў, што не страцілі сваю актуальнасць і сёння.

— Традыцыйныя веды — аснова адукацыі паспяховага кіраўніка, — працягвае дырэктар. — Не абыходжу ўвагай работы Антона Макаранкі, Льва Выгоцкага, Канстанціна Ушынскага, Васіля Сухамлінскага і многіх іншых выдатных педагогаў. У адукацыі ўсё пачынаецца з чалавека, а ўжо затым дапаўняецца сучаснымі тэхналогіямі і сродкамі. Галоўнае — выхаваць асобу і патрыёта.

Аляксандр Валер’евіч добра ведае гісторыю малой радзімы, краіны і свету, бо сучасны кіраўнік, на яго думку, гэта яшчэ і гісторык, ідэолаг, які задае духоўна-маральныя арыенціры.

Навучыцца разбірацца ў лю­дзях і ў самім сабе дырэктару дапамагае мастацкая і навуковая літаратура, дзе выведзены розныя псіхатыпы асоб і якая перасцерагае ад памылак. Так, з твораў Фёдара Дастаеўскага ён засвоіў незаменнае правіла жыцця: жыві сумленна і табе ніколі не давя­дзецца стаць Раскольнікавым.

Малады дырэктар займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю, якая дазваляе весці за сабой не толькі калектыў, але і сям’ю, родных і сяброў. У 27-гадовым узросце ён стаў дэпутатам Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў.

— Мне не ўсё роўна, што адбываецца ў родным гора­дзе, — падкрэслівае Аляксандр Валер’евіч. — І я вельмі ўдзяч­ны выбаршчыкам за іх давер. Не магу прайсці міма тых, каму патрэбна дапамога. Доб­рыя справы — найлепшая духоўная ежа. Пачніце з малога — і вы ўбачыце, наколькі адразу палепшыцца ваш настрой. Ніколі не заставайцеся ў баку ад чужых праблем. Замест пытання самому сабе “Чаму менавіта я?” скажыце лепш “Хто, калі не я?!”. Сваю задачу як дэпутата бачу ў тым, каб дапама­гаць людзям і мяняць наша жыццё да лепшага агульнымі намаганнямі.

У сваёй рабоце, грамадскай дзейнасці і ў жыцці наогул ён кіруецца прынцыпам “не рабі, як сказаў я, а рабі, як я”.

— Кіраўнік заўсёды навідавоку. За ім уважліва сочыць грамадства. Ацэньвае, як ён гаворыць, апранаецца, што публікуе ў сацыяльных сетках, як паводзіць сябе ў вольны час, якія ў яго адносіны з роднымі і сябрамі. Нядзіўна, што кіраўнік павінен імкнуцца да ідэалу. Гэта вялікая праца, але да гэтага трэба прыйсці. Бо ад кіраўніка залежыць маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, а ад правільнасці яго рашэнняў — дабрабыт і рэпутацыя ўстановы. На кіраўніка павінны раўняцца падначаленыя. Тады яго поспех стане для ка­госьці зыходным пунктам для ўласнага самаразвіцця і дасягненняў. У выпадку з дырэктарам школы задача істотна ўскладняецца: за ім уважліва назіраюць яшчэ і дзеці, якія заўсёды бяруць у якасці прыкладу кагосьці вельмі добрага ці вельмі дрэннага. Таму імкнуся быць сумленным і разважлівым у праблемных сітуацыях, улічваць інтарэсы ўсіх падначаленых і прымаць справядлівыя рашэнні, займацца самаадукацыяй і самаразвіццём, добра ведаць гісторыю і не паўтараць памылкі мінулага. Толькі тады я стану станоўчым прыкладам для вучняў. А калі кожны кіраўнік стане ім для свайго калектыву, сваіх сяброў, сям’і і дзяцей, то зробіць навакольны свет лепшым. Поспех як вірус: калі ім не хварэеш, то нікому не перадасі, — упэўнены Аляксандр Заяц.

Вольнага часу ў яго заўсёды амаль не было. А сёння тым больш: летась дырэктар паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяль­насць “Дзяржаўнае будаўніц­тва”. Але калі ўсё ж такі з’яўляецца вольная хвілінка, Аляксандр Валер’евіч імкнецца правесці яе з максімальнай карысцю: чытае, зай­маецца спортам, сустракаецца з рознымі людзьмі, каб паразмаў­ляць з імі пра жыццё.

Менавіта цікавасць да лю­дзей і жыцця ў розных праяўленнях і прывяла маладога кіраўніка на конкурс “Педагагічны дэбют”, па выніках абласнога этапу якога ён стаў лаўрэатам у адпаведнай намінацыі. Можна не сумнявацца, што на гэтым Аляксандр Заяц не спыніцца. У яго характары — імк­нуцца да большага.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ