Педагогі Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна бесперапынна займаюцца інавацыйнай дзейнасцю і дасягнулі значных вынікаў у гэтым кірунку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сістэма адукацыі не стаіць на месцы. Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам. На працягу дзесяці гадоў наша школа ажыццяўляе разнастайныя інавацыйныя праекты, — паведаміла дырэктар установы адукацыі Кацярына Пятроўская.
Інавацыі тут рэалізуюць розныя, але тэматыка ў іх адна. Настаўнікі распрацоўваюць аўтарскія падыходы да арганізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў. Акцэнт заўсёды робяць на рэгіянальным кампаненце.
— Мы перакананы, што патрыёта і грамадзяніна трэба выхоўваць не на далёкіх, абстрактных ідэалах, а на наглядных прыкладах малой радзімы. Александрыйская зямля ўзрасціла першага Прэзідэнта Беларусі — гэта дастойны прыклад для выхавання. Далучаем нашых вучняў да краязнаўчай даследчай і пошукавай работы. Разам з педагогамі навучэнцы здзяйсняюць вандроўкі па сельскіх ваколіцах, працуюць у архівах, гутараць са старажыламі. Нам удалося сабраць мноства матэрыялаў пра гісторыю, культуру, славутасці і выбітных ураджэнцаў вёскі, — расказала Кацярына Аляксандраўна.
Сабраныя звесткі папоўнілі экспазіцыі школьнага музея. Акрамя таго, настаўнікі ўзялі гэтыя матэрыялы за аснову пры стварэнні краязнаўчых электронных адукацыйных прадуктаў.
— Былі распрацаваны медыяпадарожжы, інтэрактыўная карта, дзе падрабязна прадстаўлены адметнасці нашага аграгарадка. Усе распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе: на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, — адзначыла дырэктар.
Каманда педагогаў-наватараў Александрыйскай школы — Аляксандр Савіцкі, Настасся Слесарава, Ганна Краўчанка і Алеся Драгун
Адметна, што, ажыццявіўшы адну інавацыю, у Александрыйскай школе бяруцца за іншую. Зараз тут працуюць над рэалізацыяй рэгіянальнай сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў.
— Асаблівасць гэтай інавацыі ў наладжванні сеткавага ўзаемадзеяння. Мы з’яўляемся каардынатарамі партнёрскай сеткі ўстаноў адукацыі раёна, працягваем працаваць у напрамку патрыятычнага выхавання цяпер ужо сумесна з калегамі. Планы амбіцыйныя: хочам стварыць электронны адукацыйны рэсурс “Шклоўшчына: дарогамі памяці” і паступова ідзём да гэтай мэты. Ужо зрабілі інтэрактыўны веснік “Вялікая Айчынная вайна на Шклоўшчыне”. Зараз збіраем біяграфіі землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Потым зоймемся распрацоўкай дапаможнікаў, якія ў гульнявой форме будуць далучаць навучэнцаў да гістарычных падзей ваенных часоў, — патлумачыла Кацярына Пятроўская.
Інавацыйны вопыт педагогаў Александрыі не застаецца незаўважаным. Школа з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па фарміраванні ў навучэнцаў патрыятычных якасцей.
Музей установы ўключылі ў абласны праект “Дарогай Першага” па арганізацыі экскурсій для дзяцей. Распрацаваныя педагогамі вучэбныя прадукты былі неаднаразова адзначаны на прэстыжных конкурсах.
— Наш калектыў атрымаў пераможны дыплом на Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці за распрацоўку матэрыялаў “Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне ў школе: традыцыі і інавацыі”. У лік прызёраў мы ўвайшлі на міжнароднай выставе-кірмашы інавацыйных адукацыйных праектаў “Тэрыторыя генерацыі новых ідэй”, — расказала Кацярына Аляксандраўна.
Шэраг перамог школа мае і на ўзроўні вобласці. Напрацоўкі настаўнікаў трансліруюцца на канферэнцыях і семінарах, метадычныя рэкамендацыі па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення рыхтуюцца да выдання і папулярызацыі ва ўстановах адукацыі рэгіёна. Але самае значнае дасягненне педагогаў-наватараў — цікавасць вучняў да спадчыны роднага краю. Мясцовыя навучэнцы ганарацца сваёй малой радзімай, растуць сапраўднымі патрыётамі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара