Візітная картка Віцебскай вобласці: расказваем пра народны тэатр моды «Стыль»

- 16:18Новости

Народны тэатр моды “Стыль” Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-­тэхналагічнага каледжа — візітная картка вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за паўстагоддзя працуе ва ўстанове адукацыі ўнікальны калектыў, які з 2002 года носіць званне народнага. Прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 19, дзе ён пачынаў дзейнасць, было арыентавана на бытавое абслугоўванне насельніцтва. Навучэнцы не толькі вучыліся шыць па індывідуальным заказе, але і дэманстравалі свае вырабы: гэта прадугледжвала вучэбная праграма. Акрамя непасрэднай работы з заказчыкамі, у пэўны момант было вырашана асобна адшыць некалькі тэматычных калекцый адзення. Увасобіць ідэю ў жыццё ўзялася мадэльер-канструктар Людміла Ціханава — яна і зараз стаіць ля вытокаў стварэння кожнай калекцыі. А для публічнага паказу мадэлей арганізавалі стацыянарны тэатр моды.

Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што кожны прэм’ерны выхад “Стылю” на подыум становіцца значнай і рэзананснай падзеяй. Прысвечаная гістарычнаму касцюму гараджан “Пінская шляхта” і “Ві­тражы” па матывах шагалаўскіх работ, “Геральдычныя малюнкі Віцебскай вобласці”, дзе адлюстраваны гербы і адметнасці 24 раёнаў і гарадоў, “Мая Радзіма Беларусь”, якая сімвалічна перадае прыгажосць і асаблівасці ўсіх рэгіёнаў любімай краіны…

У штодзённым жыцці такія сукенкі не апранеш. Затое яны, у адрозненне ад зменлівых модных лукаў, заўсёды будуць у трэндзе. Як і любоў да Радзімы, адвечныя чалавечыя каштоўнасці, нацыянальныя традыцыі.

Фактычна мадэлі адзення ўяўляюць сабой мастацкія творы і адначасова наглядныя дапаможнікі па аўтарскіх метадычных распрацоўках. Што, у сваю чаргу, з’яўляецца вынікам грунтоўнай калектыўнай даследчай работы. Задзейнічаны ў ёй як выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, так і навучэнцы каледжа. Дарэчы, ідэі некаторых калекцый належаць яго дырэктару Ірыне Кісялёвай.

Строгай перыядычнасці для выпуску не існуе: як правіла, прэм’еры прысвячаюцца пэўнай значнай падзеі, памятнай даце. Народны тэатр моды “Стыль” пад кіраўніцтвам педагогаў Настассі Гайдуковай і Таццяны Івановай — пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яго выступленні актыўна выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і прафарыентацыйнай рабоце, часта ўпры­гожваюць афіцыйныя мерапрыемствы высокага ўзроўню — калектыў па праве можна назваць візітнай карткай Віцебшчыны.

— У нас займаюцца навучэнцы ва ўзросце 15—18 гадоў, пераважна дзяўчаты, — расказала Настасся Гайдукова. — Нярэдка здараецца, што сукенку на подыуме прадстаўляюць тыя, хто раней прыклаў рукі да вырабу, — і вельмі гэтым ганарацца. А ўвогуле, дзверы тэатра моды адчынены як для будучых мадэльераў-канструктараў, тэхнікаў-тэхнолагаў, швачак, так і для іх сяброў па каледжы, хто набывае прафесію лагіста, мерчандайзера, цырульніка, візажыста. Варта дадаць, прычоскі, візаж для выступленняў — зноў жа плён фантазіі і майстэрства нашых навучэнцаў і іх выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання. Зусім нядаўна “Стыль” вярнуўся з паездкі на ВДНГ, дзе ўдзельнічаў у днях Віцебскай вобласці ў рамках Міжнароднай выставы-форуму “Расія”.

— Нашы 14 дзяўчат, якія займаюцца ў гэтым аб’яднанні па інтарэсах, зрабілі сапраўдны фурор, па некалькі разоў штодзень выходзілі на біс, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Марына Савіна. — Працавалі дастаткова інтэнсіўна, было па 20 выхадаў у дзень. У вольны час яны бліжэй азнаёміліся з расійскай сталіцай. Тэатр моды прадэманстраваў калекцыі адзення “Святочная”, “Новыя аксіёмы”, “Няхай будзе так”, “Кветкавая фантазія” і “Будучыня праз вякі”. Між тым наперадзе — паказ новай калекцыі, рыхтуемся правесці яго літаральна праз некалькі тыдняў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжам